Навіны

Алег Трусаў: Падаем дакументы на ліцэнзаванне

Выконваючы абавязкі рэктара Нацыянальнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча Алег Трусаў распавядае, што працэс падрыхтоўкі дакументаў на атрыманне ліцэнзіі навучальнай установай практычна завершаны.

Алег Трусаў: Дакументы гатовы практычна на 90 адсоткаў. Трэба ўсё дашліфаваць, як кажуць, паставіць апошнія кропкі і коскі, філолагі павінны выправіць усе памылкі. Таму мы ідзем да фінішу. Комплексныя праграмы напісаны, саветы сабраныя, таму не выключаю, што да канца гэтага месяца пададзім дакументы на першы этап атрымання ліцэнзіі.

Увогуле, каб атрымаць ліцэнзію, трэба будзе прайсці два этапы. Зараз мы павінны здаць метадычныя саветы – тры ў БДУ і адзін па культуралогіі ва Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Да верасня яны будуць разгледжаны.

РР: Калі пытанняў не будзе..

Алег Трусаў: Тады ўжо перададзім дакументы ў Міністэрства адукацыі. Дарэчы, каля дзесяці год у краіне ніякіх прыватных універсітэтаў не стваралася, яны ў асноўным толькі зачыняліся. Для праватных навучальных устаноў зрабілі такія ўмовы, каб іх менш з’яўлялася.

Але нам прыемна, што нашу ідэю падтрымалі не толькі прыватныя фірмы, але і некаторыя дзяржаўныя інстытуты.

РР: Што вы маеце на ўвазе?

Алег Трусаў: Напрыклад, мы ўжо маем пацвярджэнні, што і прыватныя, і дзяржаўныя ўстановы згодны ўзяць на практыку і працу нашых выпускнікоў. А дабіцца гэтага было даволі складана, бо месяцы чатыры збіралі паперы. На дваццаць выпускнікоў неабходна мець столькі ж пацвярджэнняў. І не ўсе пагаджаліся даваць афіцыйную згоду працаўладкаваць нашага выпускніка альбо ўзяць яго на практыку. Хаця, як кажуць, вада і камень точыць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/aleg-trusau-padaem-dakumenty-na-litsen/

16.07.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты