Навіны

На магіле Віктара Каліноўскага знойдзены парэшткі чалавека

Не гледзячы на дажджы, працы на магіле Віктара Каліноўскага працягваюцца. На трэці дзень эксперты знайшлі парэшткі чалавека. Ці гэта парэшткі Віктара Каліноўскага, брата Кастуся Каліноўскага, стане вядома пасля адмысловай экспертызы, на якую парэшткі будуць узятыя, калі вызначыцца, што гэта быў мужчына.

Нагадаем, што з восьмага ліпеня на магіле Віктара Каліноўскага вядуцца раскопкі. Афіцыйная мэта, ідэнтыфікаваць парэшткі, якія будуць знойдзеныя тут, з парэшткамі, якія могуць належыць Кастусю Каліноўскаму. Калі, вядома ж, іх удасца знайсці на свіслацкіх могілках, бо прайшло больш паўтара стагоддзя пасля пахавання Віктара Каліноўскага, і намагільныя пліты маглі ссунуцца, на тым месцы маглі пахаваць іншых людзей. Для даўнішніх могілкаў гэта не рэдкасць.

Ад самага пачатку гэтыя дзеянні насцярожылі грамадскасць, паколькі ўлады штогод пераследуюць і караюць актывістаў, якія прыязджаюць у Свіслач на магілу Віктара Каліноўскага ўшанаваць памяць паўстанцаў. Прычына гэтых падазрэнняў у тым, што калі прааналізаваць паводзіны ўладаў, якія самыя ніколі не ўшаноўвалі памяць паўстанцаў на свіслацкіх могілках, а іншым перашкаджалі рабіць гэта, то складваецца ўражанне, нібыта ўлады не вельмі хочуць, каб на тым месцы былі знойдзеныя парэшткі ідэолага паўстання Віктара Каліноўскага.

 

(Фота з былых акцый ушанавання памяці паўстанцаў)

А паколькі на Гарадзеншчыне неаднаразова знішчаліся падобныя памятныя мемарыялы, і зусім нядаўна вырываліся крыжы і ў Мінску ў Курапатах, то многія баяліся што і тут можа быць зруйнаваная магіла Віктвара Каліноўскага, якая па-сутнасці з’яўляецца грамадскім мемарыялам памяці паўстанцаў 1863-64-га гадоў і ўсіх герояў палеглых за Беларусь, які ўзведзеным рукамі патрыётаў і грамадскасці.

(Фота з былых акцый ушанавання памяці паўстанцаў)

Падазрэнні ўзмацняў і той факт, што ад пачатку ўсё рабілася ледзьве не тайна. Бракавала мінімуму інфармацыі пра тое, што будзе адбывацца і з якой мэтай.

Прадстаўнікі Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь заверылі, што па заканчэнні работ магіла Віктара Каліноўскага набудзе такі ж выгляд, які быў да пачатку работ, незалежна ад вынікаў раскопак.

Хочацца ў гэта верыць, як і ў праўдзівасць вынікаў экспертызы.

(Фота з былых акцый ушанавання памяці паўстанцаў)

Гарадзенская вясна будзе працягваць сачыць за тым, што робіцца ў Свіслачы і інфармаваць чытачоў.

Чытайце па тэме:

Раскопкі магілы Віктара Каліноўскага ў Свіслачы. (Другі дзень). (Фота)

 

На магіле Віктара Каліноўскага ў Свіслачы пачаліся работы па эксгумацыі парэшткаў

 

Жарсці па Каліноўскім у Свіслачы

12.07.2019

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты