Навіны

Палітвязень Міхаіл Жамчужны не патрапіў пад амністыю

Палітвязень Міхаіл Жамчужны марыў выйсці на волю па амністыі, якая ў гэтым годзе была прымеркаваная да 75-годдзя вызвалення краіны, але пакаранні з яго так і не знялі.

Палітвязень Міхаил Жамчужны/

“Зараз Міхаіл, напэўна, у чарговы раз знаходзіцца ў штрафным ізалятары, бо доўга ўжо нічога не пісаў”, – паведаміў сайту palitviazni.info праваабаронца "Вясны" з Віцебску Леанід Свецік.

“Пад амністыю Жамчужны не патрапіў, бо з яго не знялі пакаранні, – кажа Леанід Свецік. Хаця ён імкнуўся да гэтага, у яго была мэта – выйсці на волю. Міхаіл абскардзіў усе свае спагнанні і пакаранні, якія яму абвясціла адміністрацыя калоніі, але, як бачым, гэта выніку не дало”.

У той жа час, па словах праваабаронцы, ёсць яшчэ, хаця і вельмі малы, але шанц апынуцца Жамчужнаму на волі.

“Як кажуць, надзея памірае апошняй, – зазначае Леанід Свецік. – Наколькі мне вядома, амністыя будзе працягвацца каля паўгода, і, магчыма, здарыцца цуд і Міхаіл патрапіць пад яе. Але на гэта трэба больш палітычная воля вышэйшага кіраўніцтва, і для гэтага павінны быць нейкія перадумовы ўнутранага і знешняга характару, якія б зрабілі вызваленне Жамчужнага мэтазгодным для ўлады.

Міхаіл Жамчужны – адзіны афіцыйна прызнаны палітвязень у Беларусі, і ўлада, можа быць, і хацела б, каб гэтай чорнай плямы ва ўзаемаадносінах з Захадам не было. Былі спадзяванні таксама на Еўрапейскія гульні, меркавалася, што да гэтага форума могуць быць нейкія целарухі ўлады ў дачыненні да палітвязня, але нічога не адбылося”.

Праваабаронца мяркуе, што зараз ёсць два варыянты: альбо ўлада чакае неякіх падзей, каб выпусціць Жамчужнага на волю раней часу, альбо прынята прынцыповае рашэнне не выпускаць Міхаіла да 2021 года, калі ў яго закончыцца тэрмін зняволення.

http://spring96.org/be/news/93401

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты