Навіны

Віцебскага праваабаронца Паўла Левіна хацелі забіць?

На сваёй старонцы ў Фэйсбуку Віцебскі праваабаронца паведаміў, што мінулай ноччу невядомыя парэзалі тармазны шланг у ягонай машыне. Пра гэта ён даведаўся на станцыі тэхабслугоўвання – ён звярнуўся туды, заўважыўшы, што не працуюць тармазы.

Машыну даставілі да майстроў на эвакуатары. Пасля агляду давялося звяртацца ў міліцыю, кажа Павел Левінаў:

– На станцыі тэхабслугоўвання мне паказалі разрэзаны тармазны шланг і перарэзаны дрот. Я быў вымушаны звярнуцца ў міліцыю, напісаўшы ў заяве, што я расцэньваю гэта як замах на сваё жыццё. У мяне спыталі, якая сума нанесенага мне ўрону. На што я мусіў адказаць, што справа не ў гэтым – што гэта замах не толькі не на маё жыццё, але і на жыцці неабмежаванай колькасці людзей. Бо невядома, куды машыну магло занесці, – на ходнікі, у натоўп на прыпынку, на сустрэчную машыну – і якія маглі б быць наступствы – невядома.

Паводле праваабаронцы, у міліцыі яму спрабавалі тлумачыць, што “шланг мог перацерціся сам”. Але гэтую версію Левінаў катэгарычна абвяргае: у сёлета ў траўні машына праходзіла тэхагляд, і ніякіх прыкметаў дэфекту ў тармазнога шланга не было. Да ўсяго, ягонае аўто даволі новае, і выразна бачна, што на астатніх трох колах тармазныя шлангі ў поўным парадку і без прыкметаў зношанасці.

Міліцыя будзе праводзіць праверку па заяве праваабаронцы. Пашкоджаны тармазны шланг забралі на экспертызу.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/vitsebskaga-pravaabarontsa-paula-levi/

13.06.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты