Навіны

70 гадоў з дня нараджэння Віктара Дарашкевіча

Беларускі літаратуразнавец і перакладчык Віктар Дарашкевіч нарадзіўся 9 чэрвеня 1949 года ў вёсцы Цёмнае Балота (цяпер Сасновы Бор, Шчучынскі раён). У 1956 г. вучыўся ў Кірпічоўшчынскай пачатковай школе, потым была Шчанецкая сямігодка, а 9-10-ыя класы скончыў у Астрынскай сярэдняй школе.

   Пазней Дарашкевіч скончыў філалагічны факультэт БДУ у 1971 г. з адзнакай. Тры гады вывучаў класічную філалогію ў аспірантуры Вільнюскага ўніверсітэта. З 1974 г. працаваў у Інстытуце літаратуры АН Беларусі. У 1977 г. у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы абараніў дысертацыю на спаборніка навуковай ступені кандыдата філалагічных навук (спецыяльнасць – літаратура народаў краін замежжа). Даследаваў гісторыю, старажытную беларускую літаратуру, лацінамоўную айчынную літаратуру 15-18 стагоддзяў.

Дарашкевіч склаў першасны праект так званай “скарынаўскай праграмы”, да выканання якой пазней далучыліся многія навукоўцы. Выявіў 17 лацінамоўных дакументаў, што мелі дачыненне да жыцця ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны, і выдаў іх у супрацы з Алесем Жлуткам і Лідзіяй Ляхавай. Выхад з друку ў 1979 г. манаграфіі Дарашкевіча “Новалацінская паэзія Беларусі і Літвы: першая палова XVI стагоддзя” стаўся значнай падзеяй у навуковым жыцці Беларусі. У працы значная ўвага надаецца характарыстыцы творчай дзейнасці Скарыны, паказу яго ролі ў развіцці ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Дарашкевіч аргументавана выказаў думку, што Ян Вісліцкі аўтар паэмы “Пруская вайна” (1516 г.) – выхадзец з Беларусі: месцам яго нараджэння даследчык лічыў мястэчка з адпаведнай назвай паміж Клецкам і Пінскам. І такіх адкрыццяў было шмат.

У трохмоўным выданні “Песні пра зубра” Міколы Гусоўскага навуковец змясціў праграмны артыкул, у якім лацінская пісьмовасць і лацінамоўная літаратура ў гісторыі Беларусі разглядаліся як арганічная частка нацыянальнай культуры. Дарашкевічам была зроблена вялікая праца па падрыхтоўцы да друку самой “Песні пра зубра” і каментароў да яе. Кніга выйшла ў Італіі накладам 1000 асобнікаў. Над ёй працавалі два гады. Дарашкевіч быў не толькі выдатны мовазнавец, гісторык-даследчык, але меў і талент паэта, што пацвярджае пераклад “Слова аб палку Ігаравым”. Дарашкевіч быў навуковым кансультантам энцыклапедычнага даведніка “Францыск Скарына і яго час” (1988), аўтарам некалькіх артыкулаў для  гэтага даведніка. Актыўна публікаваўся ў англамоўных выданнях ЮНЕСКА, Польшчы, Чэхіі і іншых краін.

З 1982 г. Віктар Дарашкевіч зноў працаваў у Інстытуце літаратуры АН Беларусі. Увесь свой час аддаваў вывучэнню спадчыны Скарыны і Гусоўскага. Вядомы навуковец з добрымі перспектывамі, гонар сям’і і землякоў, аўтар многіх работ і артыкулаў, прызнаных і ацэненых навуковым светам. Але лёс рэзка паламаў жыццё. Прыйшла страшная невылечная хвароба.. Ён змагаўся, як мог. Працаваў цэлы час, нават тады, калі прыступы сталі ўжо частымі і невыноснымі. У шпіталь прасіў прывозіць кнігі, пісаў артыкулы і дасылаў іх у Нацыянальную акадэмію навук. Апошнія гады жыцця Дарашкевіч правёў у роднай вёсцы ў доме старэйшай сястры Марыі, якая заўсёды была побач. Хвароба не адпускала, рабілася ўсё горш…

Смерць навукоўца была трагічнай, ён загінуў 12 кастрычніка 2003 года разам з яшчэ 30 чалавекамі ў час пажару ў Казлоўшчынскім дыспансеры-інтэрнаце. Пахаваны Віктар Дарашкевіч згодна з яго жаданнем на могілках на ўскрайку сваёй роднай вёскі.

 

09.06.2019

Архіў

Верасень 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30

Відэа

праваабарончыя сайты