Навіны

Каранацыя Ягайлы (гісторыя плюс маркі)

Абдумай сцежку назе тваёй, і ўсе дарогі твае хай будуць пэўныя.

Кніга выслоўяў Саламонавых 4.26

620 гадоў таму ў 1399 годзе, у веку 25 гадоў, пасля смерці свайго адзінага дзіцяці немаўляткі Эльжбеты, памерла Каралева Ядвіга, пакінуўшы Ягайлу адзінаўладным кіраўніком Каралеўства Польскага. Дынастыя Ягелонаў будзе ўладарыць яшчэ 173 гады. А пачыналася ўсё так.

4 сакавіка 1386 года ў Кракаве адбылася ўрачыстая каранацыя Вялікага Князя Літоўскага Ягайлы на Караля Польскага. Падзея каранацыі не была нечым незвычайным для тагачаснай Еўропы. Ды і ў Польшчы быў на памяці нядаўні два гады таму рытуал каранацыі. Таму Ян Длугаш кракаўскі канонік аўтар знакамітай “Гісторыі Польшчы” нават не прыпыняецца на падрабязнасцях урачыстага рытуалу. І няма яго віны, бо ня толькі ён і яго сучаснікі не разумелі ўсяго значэння падзеі, але і да гэтага часу яшчэ яе поўнасцю не ацанілі.

Атрымаўшы ўладу пасля смерці бацькі Вялікага Князя Літоўскага Альгерда, Ягайла апынуўся як той казачны герой на раздарожжы. Рэчаіснасць змушала зрабіць выбар з трох магчымасцяў. Калі быць пасіўным, крыжакі, маскалі і татары будуць скубці па пасме шэрсці да поўнага аблысення. А ўнутры краіны набіраў вялікасці стрыечны брат Вітаўт і не драмаў у шапку родны брат Андрэй Полацкі. Вялікая верагоднасць грамадзянскай вайны, страты ўлады, заняпаду краіны.

Была яшчэ магчымасць “выйсці замуж” за дачку Дзмітрыя Данскога і стаць маскоўскім васалам.

І трэцяя магчымасць: стаць Каралём Польшчы, тым самым павялічыўшы на трэць тэрыторыю і больш чым удвая насельніцтва падуладнай краіны. Акрамя таго ахрысціць апошняе апірышча паганства ў Еўропе – Летуву.

Спадарства, што выбралі б вы?

Польшча апынулася ў той час на такім жа раздарожжы. Тое, што на польскім троне знаходзіўся 12-цігадовы кароль, невялікае выключэнне і нязручнасць. Заўсёды знойдуцца дарадцы. Але тое, што гэты кароль – дзяўчынка, было сапраўды незвычайным. Я не памыліўся. 16 кастрычніка 1384 года адбылася каранацыя дачкі караля Венгерскага і Польскага Людовіка Венгерскага і Лізаветы Басняцкай – Ядвігі Анжуйскай і яна была абвешчана Каралём Польшчы. А да ўлады рваліся нашчадкі каралеўскай дынастыі Пястаў. Не бракавала іншых кандыдатаў. Краіна была ў стане вайны за карону.Сітуацыя ўскладнялася тым, што перад выбарам стаяла многагаловая шляхта і кожная галава глядзела і цягнула ў свой бок. Звонку існавала пагроза захопу краіны крыжакамі. Польшча ўжо толькі страціла Сілезію, Памор’е ды іншыя землі, была адрэзаная ад мора, але і стаяла перад небяспекай поўнага анямечання. Дый з боку моцнага Беларускага гаспадарства над Польшчай заўсёды вісела пагроза, пацверджанне чаго – пераможныя ваенныя паходы Альгерда ў 1376 годзе і Ягайлы ў 1383-1384 гадах.

Аддаць Ядвігу замуж за яе жаніха аўстрыйскага герцага Вільгельма значыла завяршыць анямечванне Польшчы.

Існаваў яшчэ варыянт: жаніхом мог быць Вялікі Князь Вялікага Княства Літоўскага Ягайла і гэта вырашала многія існаваўшыя праблемы і, акрамя таго, адкрывала перспектывы набыццё шляхтай дадатковых прывілеяў, падвышэння яе і так высокага статусу.

Панове, што выбралі б вы?

Пацверджаннем зробленага выбару з абодвух бакоў стала Крэўская унія, падпісаная 14 жніўня 1385 года ў Крэўскім замку.

Змест Крэўскай уніі многія беларускія гісторыкі падвяргаюць сумневу, гаворачы, што яе арыгінал быў падроблены польскім бокам. Але, нават калі адкінуць гэтыя патрыятычныя галасы, то з упамянутай Уніі Ягайла не спяшаўся выканаць і не выканаў далучэння Вялікага Княства да Кароны.

З надзвычайнай цікавасцю чакалі ў польскай сталіцы Кракаве прыезду “дзікага ліцвіна”. Сюды ўжо дайшлі чуткі пра падпісанне Уніі ў Крэве. Але больш за ўсіх хвалявалася каралева на выданні, трынаццацігадовая Ядвіга, бо да яе набліжаўся жаніх з кавалерскім стажам у трыццаць пяць гадоў, свежаспечаны хрысціянін з краю апошніх нехрысцяў Еўропы.

Але Ягайла не ляцеў у Кракаў як на крылах. Затрымаўся ў Ваўкавыскім замку і 11 студзеня 1386 года тут дачакаўся польскіх паслоў, якія яшчэ раз запэўнілі, што ўся шляхта Каралеўства Польскага згодна прыняць яго на караля і запрасілі на вальны сход у Люблін.

Ягайла ж не спяшаўся пакідаць Ваўкавыск і паслаў у Польшчу для гарантыі яшчэ некалькі сваіх давераных асоб, каб даведаліся яны пра настроі ў Кракаве. А злыя языкі нашапталі Ядвізе, якое страшнае, усё пасечанае ў баях цела ён мае. Мала таго, у яе жаніха не хапае аднае вельмі патрэбнае дэталі, калі да гэтай пары ён яшчэ не ажаніўся. Каб мець поўную яснасць у такім далікатным пытанні, каралева загадала свайму даверанаму шляхцічу па імені Завіша, каб той як мага хутчэй ехаў да Ягайлы і патаемна падрабязна ўсё агледзеў, што ён за такі. Але будучы кароль, відаць, быў дастаткова праніклівы і зразумеў мэту прыезду пасланца. Таму неўзабаве, прыхапіўшы яго, Ягайла накіраваўся ў лазню, дзе “разведчык” змог “...дакладна зрэестраваць прысутнасць і будову асобных частак цела”, як з веданнем справы адзначыў у сваёй хроніцы Ян Длугаш. Адразу ж пасля такога шматзначнага мыцця шляхціч Завіша паімчаў у Кракаў, дзе пра ўсё падрабязна далажыў. Кароль Ядвіга зрабіла вывад: “Усё ў парадку”.

Тут і давераныя асобы Ягайлы вярнуліся і данеслі задавальняючыя звесткі. Тады Ягайла сам сеў на каня і рушыў у Люблін, а затым далей – па хрост, руку Ядвігі і каралеўскую карону.

12 лютага 1386 г. Ягайла ўрачыста ўехаў у Кракаў, 15 лютага, быў ахрышчаны і атрымаў імя Уладзіслаў.18 лютага адбыўся шлюб Ядвігі і Ягайлы і 4 сакавіка таго ж года Ягайла быў каранаваны на Польскага караля як Уладзіслаў II.

Неўзабаве пасля каранацыі Ягайла з Ядвігай прыехалі ў Вільню, дзе знішчылі паганскія фетышы – непагасны агонь Пяруна, абагаўляемых змей, святыя гаі, раздавалі новахрышчаным белыя суконныя світкі, скураныя боты і грошы, таму асобныя паганцы хрысціліся па 2 разы і больш. У Вільні Ягайла заснаваў каталіцкае біскупства і 7 плябаній. У час паездак па ВКЛ закладваў касцёлы і кляштары, напрыклад, у Абольцах (цяпер Талачынскі раён), Быстрыцы (цяпер Астравецкі раён), для пашырэння каталіцтва.

 

Іл.1. Хрышчэнне Летувы. Марка пошты Летувы.

Кіеўскі князь Уладзімір ахрысціў Русь агнём і мячом, а Вялікі Князь ВКЛ ахрысціў Летуву мірна, раздаючы падарункі. Наогул, калі параўнаць жыццёвыя дзеі Уладзіміра і Ягайлы, дык Ягайла выглядае сапраўдным анёлам у параўнанні з Уладзімірам. Але Уладзімір абвешчаны святым, а што датычыць Ягайлы, то некаторыя беларускія гісторыкі ставіцца да Вялікага князя пагардліва. «Нас на бабу прамяняў!.». – абураюцца зацятыя патрыёты, маючы на ўвазе Крэўскую унію 1385 года, і шлюб з юнай Ядвігай 1386-га, з якога пачынаецца шматсотгадовы хаўрус з Польшчай. Ягайлу ніяк ня могуць дараваць забойства дзядзькі Кейстута, якое не даказана, суперніцтва з Вітаўтам, галоўным героем беларускага Сярэднявечча, і нават няўдзел у Кулікоўскім пабаёвішчы на баку Мамая.

Так, пачынаў Ягайла як тыповы валадар таго часу: спадкаемца Альгерда, у барацьбе за ўладу і ў альянсе то з крыжакамі, то з палякамі, то з маскалямі змагаўся супраць стрыечнага брата Вітаўта. Зброя, змова, здрада.

Але потым у жыцці Ягайлы адбыўся абсалютна выразны пералом. Храністы хорам сцвярджаюць, што з прыняццем каталіцтва Ягайла-Уладзіслаў пакаяўся ў мінулых грахах і стаў надзвычай пабожным. Кароль Ягайла, у адрозненне ад князя – ужо зусім іншы чалавек.

Ён заключае мір з Вітаўтам і прызнае таго Вялікім князем Літоўскім.

Ягайла ахрысціў паганскую Літуву й Жмудзь у каталіцтва.

Ягайла кіраваў аб’яднаным усходне-еўрапейскім войскам пад Грунвальдам.


Іл.2. Ян Матэйка. Грунвальдская бітва. Рэпрадукцыя карціны на марцы Польшчы. Як бачым з тых часоў навечна Пагоня заняла месца побач з гербам Польшчы.
Ён паўдня моліцца пад Грунвальдам і спявае псалмы разам з польскім войскам, раз’юшыўшы нецярплівых крыжакоў – а потым уступае ў бітву, б’ецца да апошняга й перамагае.

Усёй другой паловай жыцця Ягайла выратоўвае сваю паганскую, бурлівую, поўную нянавісці маладосць. Сталы, сціплы, ціхі кароль Ягайла цяпер бярэ духовай лагодай і разважнасцю.

Таму, на мой погляд, Ягайла ніколькі ня менш святы, калі ня большы, чым Уладзімір.

Усё ж заслужаная ўзнагарода не мінула і Ягайлу. Як паведамляе згаданы раней Ян Длугаш, 29 чэрвеня 1425 года кардынал Ярдандэ Урсініс прыслаў польскаму каралю Уладзіславу ІІ і яго чацвёртай жонцы Соф’і цвік, адзін з тых цвікоў, якія былі ўбітыя ў час укрыжавання ў цела Хрыста. Дакладней, частку таго цвіка, закладзеную ў сімвалічны цвік. Пасылку прымалі ня толькі кароль з каралеваю, але працэсія жыхароў усяго Кракава. Цвік быў ахвяраваны на вечнае захоўванне знакамітаму кракаўскаму касцёлу – катэдры Вавельскай. Гэта быў дар папы рымскага Марціна V як акт прызнання заслугі Ягайлы ў хрысціянізацыі Летувы.

Ягайла, першы Кароль Польскі з Вялікае Літвы – заснавальнік беларускае місіі на Захадзе. Спеўная беларуская мова й культура, што перакачавалі ў Кракаў разам з вялікакняскім дваром, традыцыя ўзнёслае веры й трапяткога ідэалізму, пачатыя Ягайлам і так ярка развітыя Касцюшкам, Міцкевічам, Сянкевічам, натхнялі Польшчу ва ўсе дабраславёныя часы Ягайлавічаў.


Іл.3. Карціна Яна Матэйкі, якая сімвалізуе заснаванне Ягелонскага Універсітэту.Нельга асобна не сказаць пра маладзюткую жонку Ягайлы Ядвігу і пра Кракаўскі ўніверсітэт, які быў крыніцай беларускага духу ў Каралеўстве. Патронкай, нават духоўным светачам гэтага ўніверсітэта была Ядвіга, заснаванне якога стала, бадай, галоўнай дзеяй яе жыцця.

Але не адзінай. Юрыдычна і фактычна Польшча мела двух уладароў і яны абое мелі роўныя правы на прыняцце рашэнняў. Трэба прызнаць, што гэтае двоеўладдзе прыносіла добры плён: замірэнне з Вітаўтам, хрышчэнне Летувы, вайна з крыжакамі – усе гэтыя пытанні вырашаліся пры актыўным удзеле Ядвігі. Сярод народа яна амаль адразу атрымала вялікае прызнанне і шанаванне як святая.

Каралева Ядвіга памерла ў веку 25 гадоў пасля смерці свайго адзінага дзіцяці немаўляткі Эльжбеты ў 1399 годзе.

Калі ў 1949 годзе парэшткі пахаванай на Вавэлі каралевы ўскрылі, з мэтай праслаўлення, то не ўбачылі ніякіх упрыгожанняў і каштоўнасцяў, акрамя скураной кароны з пазалотаю. Усе свае каштоўнасці, уласныя багацці, родавыя дыяменты гэта жанчына незвычайнага хараства ахвяравала на стварэнне Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве.

Доўгі час Ядвіга ўшаноўвалася ў Польшчы як святая неафіцыйна. Урэшце культ быў зацверджаны: Ядвіга была беатыфікавана Каталіцкім Касцёлам у 1986 годзе, кананізаваная ў 1997 годзе; успамін 17 ліпеня.

Пасля смерці Ядвігі Кароль ажэніцца яшчэ тройчы. І толькі ў апошнім шлюбе – з маладой і прыгожай князёўнай з нашых беларускіх краёў, Софіяй Гальшанскай, нарэшце займеў дынастычных інфантаў і тым самым заснаваў еўрапейскую каралеўскую дынастыю Ягайлавічаў – беларускі род будучых гаспадароў ВКЛ, Польшчы, Чэхіі, Вугоршчыны. А сасватаў яму гэтую прыгажосць Вялікі Князь Літоўскі, з якім кароль не раз калаціўся, Вітаўт.

186 гадоў (1386-1572) уладарыла дынастыя Ягелонаў. Гаспадарства, якім кіравалі Ягелоны, уражвае сваімі памерамі: ад Балтыкі на поўначы аж па Чорнае мора на поўдні. На ўсходзе граніца ўладанняў праходзіла ў 100 кіламетрах ад Масквы.1 115 000 кмкв.!

Гістарычны феномен: доўгае і дастаткова эфектыўнае супраца двух буйных самадастатковых дзяржаў у гістарычнай рэтраспектыве канца ХІV-ХVІ ст. немагчыма растлумачыць толькі ўзрастаючым знешнепалітычным ціскам – варожымі адносінамі з Ордэнам, Святой Рымскай імперыяй, Маскоўскай Руссю, Крымскім ханствам і стоячай за яго спіной Атаманскай Портай. Бо ў рэшце рэшт этапы мірнага суіснавання ВКЛ амаль з усімі суседнімі дзяржавамі перавышалі па сваёй працягласці перыяды ваенна-палітычнага супрацьстаяння. Справа зусім не толькі ў знешняй палітыцы і супольнай абароне. Рэч яшчэ ў тым, што з часоў Крэўскай і Гарадзельскай уній канца ХІV-пачатку ХV ст. пачынаецца глыбокае ўзаемаўздзеянне культур, што адпавядала карэнным інтарэсам усіх народаў, якія ўваходзілі ў гэта аб’яднанне. Пачаўшы сваё кіраванне ў цяжкіх крызісных умовах Ягелоны прывялі Каралеўства Польскае і Вялікае княства Літоўскае да “Залатога веку”.

Даволі звычайная падзея каранацыі 4 сакавіка 1386 года ў Кракаве ў рэшце рэшт прывяла да таго, што паміж палякамі, беларусамі і летувісамі ніколі не было мала-мальскі значных баявых дзеянняў.

Лявон Карповіч, Луна-Воля

 

  1. PS. Іл.4. Помнік Ягайлу ў Нью-Ёрку.

 На помніку напіс: “Уладзіслаў Ягайла, кароль Польшы, Вялікі князь літоўскі. Заснавальнік свабоднага Саюза людзей Усхода Цэнтральнай Еўропы. Пераможца над тэўтонскім агрэсарам пад Грунвальдам 15 чэрвеня 1410 года”.

Манумент быў створаны да Сусветнай выставы 1939 года ў Нью-Ёрку скульптарам Станіславам Астроўскім. Польская дэлегацыя, якая прыехала на цырымонію адкрыцця, з-за пачатку Другой сусветнай вайны засталася ў Злучаных штатах разам з так і не адкрытым помнікам.

У 1945 годзе манумент усталявалі на гранітны пастамент, і да сённяшняга часу ён упрыгожвае плошчу Цэнтральнага парка Нью-Ёрка.

04.06.2019

Архіў

Верасень 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30

Відэа

праваабарончыя сайты