Навіны
Еўрапарламенцкія скокі
Ну і стартануў палітычны выбарчы цягнік у Польшчы. Стартануў з самай вялікай планкі — з майскіх выбараў у Еўрапарламент. На восені маем чарговыя выбары ў польскі парламент, а затым у наступным годзе прэзідэнцкае спаборніцтва. Так што перад намі палітычная ліхаманка, якая для саміх палітыкаў будзе перыядам узаемазнішчэння. Але і нас, звычайных грамадзян-выбаршчыкаў не пакіне яна збоку. То перад намі будзе адбывацца танец заварожвання нас абяцаннямі, або проста трагікамедыя з удзелам байцоў палітычнай гульні.
Па сямейных справах перыяд з серады па выбарчую нядзелю ўключна правёў я ў сваёй пушчанскай вёсцы, таму, на шчасце, не быў я абцяжараны інфармацыйнай вайной, якая кіпела ў медыях, а проста жыў рэальна ў выбарчай цішыні. З перспектывы пушчы і прыроды брусельскія выбары здаваліся малым эпізодам на фоне важных спраў пушчанскіх абарыгенаў. Цішыня і пустэча ў вёсцы, нават каб і хацеў, не дазваляла з нікім і заікнуцца пра палітыку. Але, едучы на вёску, я заўважыў, што рэкламная, плакатная кампанія тут мізэрная, бо проста патэнцыйных і рэальных выбаршчыкаў тут пражывае жменька. Толькі расцяжкі з паслом Кшыштафам Юргелем красаваліся ў гмінных сядзібах. «Ага, але зацяты і ўпарты, каб патрапіць у Еўрапарламент», — мільганула мне думка, глядзеўшы на яго, як спаглядаў на выбаршчыкаў з плота ў Дубічах-Царкоўных. Затым з палітыкай у поўным разгары сутыкнуўся я ізноў у нядзелю пасля поўдня, калі вярнуўся ў Беласток, каб прагаласаваць і чакаць вынікаў выбараў або, трапней сказаўшы, культурна-ідэалагічнага плебісцыту, бо ўся, здаецца мне, выбарчая кампанія ў сферы ідэй праходзіла паміж выбарам хрысціянскіх, сямейных каштоўнасцей ды левай культуралагічнай і бытавой рэвалюцыяй. З аднаго боку Права і справядлівасць, з другога — Еўрапейская кааліцыя і Вясна. Дзве апошнія групоўкі значную ўвагу ў сваёй выбарчай акцыі прысвяцілі менавіта гендэрным праблемам. ПіС сваю актыўнасць будаваў на сацыяльна-эканамічных рэформах, уведзеных урадамі Бэаты Шыдла і Матэвуша Маравецкага. З гэтай сутычкі, як стала вядомым у панядзелак раніцай, пераможцам стала Права і справядлівасць, а былая прэм’ер-міністр Бэата Шыдла стала абсалютным пераможцам у маштабе Польшчы, набіраючы звыш паўмільёна галасоў. Вынік былой прэм’ер ёсць большы ад колькасці галасоў, якія здабылі некаторыя групоўкі ў маштабе краіны. Грамадзяне сваёй высокай выбарчай яўкай (на выбары пайшло 45% выбаршчыкаў) і аддадзенымі галасамі такім чынам выказалі таксама давер палітыцы ўрада. Дарэчы, высокая выбарчая яўка была ва ўсіх краінах Еўрасаюза і ў сярэднім перавысіла 50 працэнтаў.
У выніку рашэння выбаршчыкаў расклад галасоў у Польшчы на выбарах у Еўрапарламент ад 26 мая выглядае наступным чынам: Права і справядлівасць 45,38%, Еўрапейская кааліцыя — 38,47%, Вясна — 6,06%, Канфедэрацыя — 4,55%, Кукіз-15 — 3,69%, Левіца Разам — 1,24%. Паводле пераліку галасоў ПіС атрымае 27 мандатаў, КЕ — 22, Вясна 3 мандаты. Такім чынам ПіС атрымаў першую, гістарычную перамогу ў еўрапарламенцкіх выбарах. Пры нагодзе ізноў вельмі відавочным стала, што зараз большасць перадвыбарчых апытанняў з’яўляецца толькі палітычным заказам, а не рэальнымі адказамі рэспандэнтаў. Таксама вынікі апытанняў у сам дзень выбараў, пададзеных пасля закрыцця выбарчых участкаў, адрозніваюцца ад тых пададзеных раніцай Цэнтральнай выбарчай камісіяй. Найбольш прайгранай з’яўляецца тут крайне правая Канфедэрацыя, якая вечарам віншавала сябе з уваходам у Еўрапарламент, а над раніцай мусіла прыняць да ведама свой пройгрыш. Такія, а не іншыя вынікі выбараў прадвяшчаюць нам сапраўды гарачую палітычную восень. Цікава як татальная апазіцыя падыдзе да такога рашэння выбаршчыкаў і ці ў змозе праіснаваць Еўрапейская кааліцыя як адзіны камітэт. Здаецца, што не, бо цяжка сабе ўявіць, каб Польская сялянская партыя не пайшла самастойна на выбары. Але гэта восень, а зараз Еўрапейскі парламент чакаюць новыя выклікі.
Яўген ВАПА