Навіны

"Яны паводзілі сябе як фашысты". Гомельскія ромы скардзяцца на дзеянні міліцыянтаў

Мікалай Ануфрыеў і Вольга Нячаева

Мікалай Ануфрыеў і Вольга Нячаева

Муж і жонка Вольга Нячаева і Мікалай Ануфрыеў звярнуліся са скаргай у пракуратуру Гомеля на неправамоцныя дзеянні супрацоўнікаў Цэнтральнага РАУСу, паведамляе"Гомельская Вясна".

Як пазначылі ў скарзе супругі, на наступны дзень пасля забойства даішніка ў Магілёве, да іх у кватэру ўвайшлі трое міліцыянтаў, не прадставіліся, пачалі аглядаць усе пакоі ды памяшканні ў кватэры, не паведамілі чаму яны прыйшлі і ў чым падазраюць.

“Запатрабавалі ў мяне пашпарт, - усхвалявана распавядае Вольга Нячаева, - я адмовілася даваць ім у рукі, дык яны заламалі мне рукі і адабралі яго, дапытвалі маю непаўнагадовую дачку без маёй згоды, аказвалі на мяне псіхалагічны ціск, пагражалі разабрацца з маёй сям’ёй, рабілі фотаздымкі без майго дазволу, забралі ў РАУС Цэнтральнага раёну, трымалі там 5 гадзінаў, адабралі тэлефон, ужо 5 дзён не аддаюць, прымушалі здаць адбіткі пальцаў”.

Мікалай і Вольга перакананы, што грубае стаўленне да іх з боку міліцыі абумоўлена тым, што яны  ромы і займаюцца грамадскай дзейнасцю па абароне правоў і інтарэсаў гэтай этнічнай групы. Пара – кіраўнікі цыганскай грамадскай арганізацыі “Рамана дром”.

“Мы дагэтуль не можам адыйсці ад стрэсу, звязанага з наведваннем нашай кватэры міліцыянтамі, - кажа Мікалай Ануфрыеў. – Яны сябе так нахабна і бесцырымонна паводзілі - такое адчуванне было, што фашысты ў хату да партызанаў уварваліся. Бандыты і тыя можа больш прыстойна сябе паводзяць”.

Пара супругаў мае намер скардзіцца на дзеянні міліцыянтаў, бо лічыць, што з іх боку было перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Мікалай і Вольга звярнуліся па прававую кансультацыю да праваабаронцаў Леаніда Судаленкі і Васіля Палякова, маюць намер скардзіцца ў Генеральную пракуратуру, кіраўніку РАУСу Цэнтральнага раёну, шырока асвятляць гэту сітуацыю ў СМІ.

Мікалай Ануфрыеў і праваабаронца Леанід Судаленка
Мікалай Ануфрыеў і праваабаронца Леанід Судаленка

 

“Мы гэта так не пакінем, - кажа Вольга Нячаева, - вінаватыя ў гвалце над намі павінны панесці пакаранне, але гэтага недастаткова: міліцыя мусіць папрасіць прабачэння перад усімі ромамі, якіх яны беcпадстаўна і незаконна прэсавалі ды пераследавалі ў межах расследавання абставінаў смерці супрацоўніка ДАІ ў Магілёве”.

Вольга і Мікалай маюць інфармацыю пра іншыя выпадкі ўварвання міліцыі ў хаты, дзе пражываюць ромы ў Гомелі, але наракаюць, што пацярпелыя ад міліцэйская бязмежжа баяцца помсты з боку міліцыі ў выпадку абвяшчэння фактаў супрацьпраўных дзеянняў міліцыянтаў. Разам з тым, ромская дыяспара ў абласным цэнтры мае намер звярнуцца ў кантралюючыя органы з калектыўнай скаргай на дзеянні міліцыі.

 

http://spring96.org/be/news/93015

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты