Навіны

Дым і агонь

Дыму без агню не бывае. Прынамсі так гаворыць старадаўняя мудрасць, вядомая яшчэ з тых дапатопных часоў, калі зямля плавала на трох кітах. Усё далейшае развіццё чалавецтва толькі пацвярджала праўдзівасць гэтых слоў. Не згубілі яны сваю актуальнасць і сёння.

   Напачатку пра дым.

   У інтэрв’ю радыю “Срэбны дождж” вядомы расійскі журналіст і публіцыст Мікалай Сванідзэ заявіў, што да яго з Мінску дайшоў слых, нібыта дзейсны кіраўнік Расійскай Федэрацыі прапанаваў не менш дзейснаму кіраўніку Рэспублікі Беларусь стаць сапраўдным дзейсным прэм’ер-міністрам Расіі ажно на шэсць наступных год. Зразумела, гэта ўсё не проста так, і не за неверагодна высокія гаспадарскія дасягненні дадзенай беларускай кандыдатуры ў галіне эканомікі, ну і зразумела што не за прыгожыя вочы. Гэтая ўсходняя прапанова мажлівая, маўляў, толькі ў абмен на ўсю Беларусь з усімі яе амаль дзесяці мільёнамі рускамоўнага насельніцтва.

   Спраўка: Калі хто не ведае, Мікалай Сванідзэ ёсць прадстаўніком яшчэ той старой, на сённяшні дзень ужо не моднай інфармацыйнай школы, у якой проста так языком не мятуць, а ўзважваюць кожнае слова. Таму што маральна-этычныя крытэры  і праўдзівасць кожнага зляцелага з вуснаў выказвання лічаць не толькі прафесійнай этыкай, але і жыццёвай неабходнасцю. Таму каму-каму, а Мікалаю Сванідзэ верыць можна.

   Ідзём далей. Такога прыніжэння мала якая краіна, і мала які яе начальнік зведалі. Ні кіраўніку Малдовы, ні Узбекістану, ні Казахстану, ну і зразумела што ні кіраўнікам Украіны, ні былому ні цяперашняму, такія прапановы не паступалі. Ёсць над чым задумацца. А тут вось так проста, па-сваяцку, у прыяцельскім тоне, раз, і пагаварылі.

   Дажыліся! Нічога не скажаш.

   І што вы думаеце, дуэлі пасля гэтай кінутай пальчаткі не адбылося. Прынамсі ў нашым эстэтычна-арыстакратычным уяўленні пра дуэлі. Хоць можа сённяшнія дуэлі вядуцца па іншых правілах, і вымушанае адкліканне з Беларусі расійскага амбасадара Міхаіла Бабіча і ёсць “наш адказ Чэмберлену”. Хто яго ведае. Пажывём пабачым.

   Гэта было пра дым.

   Ну а зараз пра агонь.

   Ну вось настолькі расшчодрыўся кіраўнік Расійскай Федэрацыі з прапановамі і падарункамі направа і налева, што нават для шырокай расійскай душы гэта ўжо занадта. Тут крэсла прэм’ера аддае, там для жыхароў некаторых раёнаў Луганскай і Данецкай абласцей прапаноўвае за “бардзэ дзенькуе” грамадзянства Расійскай Федэрацыі. Выглядае так, што яго ўжо не спыніць у бязмернай шчодрасці.

   Якога новага падарунка ад яго чакаць і каму? Можа Нурсултан Назарбаеў і аддаў сваё пажыццёвае права кіраваць Казахстанам, бо па логіцы рэчаў у такой святочнай атмасферы і яго без падарункаў наўрад ці пакінуць. А Нурсултану Абішавічу хіба што не асабліва яны патрэбныя.

   Лагічна паўстае пытанне, а навошта такая шчодрасць патрэбная самаму расійскаму кіраўніцтву? Бо калі хто думае, што толькі праз саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі расійскі начальнік можа захаваць свой трон, той увогуле не разумее што гэта такое трон расійскі. Калі на яго хто залазіць, то сам злезці ўжо не можа. І аніякія новыя дзяржаўныя ўтварэнні для гэтага зусім не патрэбныя. А вось новыя салдаты Расіі былі патрэбныя заўсёды. Ну калі паваяваць хацелася. А галоўнае заўсёды ёсць з кім паваяваць. Так гістарычна склалася.

   Вялікая яна, Расія, толькі не густа населеная. Вось мільён-другі баяздольных чалавек і не пашкодзіць. Асабліва такіх, ужо абстраляных, як з Луганшчыны і Данеччыны, ці такіх з дзяцінства партызан як з Беларусі. Ды што там гаварыць. Усялякія патрэбныя. Расія заўсёды ваявала людзямі. Лішніх не бывае. Лішнія адсейваюцца самыя па сабе на полі боя. Ну а бой заўсёды будзе, калі ёсць лішнія салдаты. Некуды ж іх трэба дзяваць.

   Вось вам і дым, вось вам і агонь. Ну а як жа без агню, калі і дровы даўно нарыхтаваныя, і распалка, і запалкі ляжаць на відным месцы. Не прападаць жа дабру.

   А там хто рукі нагрэе на гэтым агні, а хто азадак прапаліць, гэта ўжо як каму пашанцуе. Ці не пашанцуе. Кожны думае што ён то патрапіць у першую катэгорыю. Толькі вось гэта далёка не факт.

   Віктар Сазонаў.

12.05.2019 Тэгі: Віктар Сазонаў, Блог

праваабарончыя сайты