Навіны

Дэпутат Канапацкая атрымала адказы на запыты наконт Курапатаў

Дэпутат Ганна Канапацкая атрымала адказы з Міністэрства культуры і Міністэрства лясной гаспадаркі на свае запыты з нагоды правядзення работ па добраўпарадкаванні ў Курапатах. Фотакопіі дакументаў яна апублікавала на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.

Анна Канопацкая

4 гадзіны таму

Получены ответы из Минкульта и Минлесхоза по факту событий 4 апреля в Куропатах. Удивительно, но если никаких согласований и разрешений для таких работ не требовалось, то почему об этом никто из чиновников не мог ответить больше недели? Причем ни устно, ни письменно. Почему молчал и убегал от меня и журналистов непосредственно на месте проведения работ директор лесхоза Миронович? Ваши версии?

Здымак Анна Канопацкая
Здымак Анна Канопацкая
Здымак Анна Канопацкая
Здымак Анна Канопацкая
 
34
10
6

 

„Атрыманыя адказы з Мінкульта і Мінлясгаса па факце падзеяў 4 красавіка ў Курапатах. Дзіўна, але калі ніякіх узгадненняў і дазволаў для такіх работ не патрабавалася, то чаму пра гэта ніхто з чыноўнікаў не мог адказаць больш за тыдзень? Прычым ні вусна, ні пісьмова. Чаму маўчаў і ўцякаў ад мяне і журналістаў непасрэдна на месцы правядзення работ дырэктар лясгаса Мірановіч?” — напісала Канапацкая.

У адказе за подпісам намесніка міністра культуры Сяргея Шарамецьева гаворыцца: „У адпаведнасці з артыкулам 17 закона Рэспублікі Беларусь „Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні” паўнамоцтвы па правядзенні мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і ажыццяўлення кантролю ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны на адпаведнай тэрыторыі ўскладзены на выканаўчыя камітэты раённага і абласнога ўзроўняў”.

Там адзначаецца, што ўласнікам гісторыка-культурнай каштоўнасці ўрочышча Курапаты з’яўляецца дзяржаўная спецыялізаваная лесагаспадарчая ўстанова „Бараўлянскі спецлясгас”, на якую ўскладзены абавязак па захаванні гісторыка-культурнай каштоўнасці.

„Работы, якія праводзяцца ў рамках патрабаванняў рэжымаў утрымання і выкарыстання зон аховы, устаноўленых праектам зон аховы „Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты”, зацверджаным пастановай Мінкультуры ад 01.12.2014 № 70, могуць выконвацца без дазволу і ўзгаднення праекта Мінкультуры, — адзначае Шарамецьеў. — Работы па ўладкаванні агароджы ва ўрочышчы Курапаты ў адпаведнасці з артыкулам 114 Кодэкса не адносяцца да рамонтна-рэстаўрацыйных”.

Паводле яго слоў, правядзенне работ па добраўпарадкаванні на тэрыторыі і ў ахоўных зонах ўрочышча Курапаты дазволена без узгаднення з Мінкультуры.

У сваю чаргу міністр лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа адзначыў, што згодна з Ахоўным абавязацельствам ад 14 лiстапада 2018 года № 6/13/1-17/104, выдадзеным Бараўлянскаму спецлясгасу, забараняецца ўстаноўка новых і змяненне знешняга выгляду існуючых крыжоў.

Дрожжа адзначыў, што Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі выступіла з ініцыятывай стаць заказчыкам стварэння і ўзвядзення памятнага знака ва ўрочышчы Курапаты і атрымала права на правядзенне работ. „У лістападзе 2018 года на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці завершаныя работы першага этапу па ўстаноўцы памятнага знака і трасіроўкі існуючай сцежкі ўрочышча, — паведаміў Дрожжа. — Падчас правядзення „Вялікай размовы з прэзідэнтам” кіраўніком дзяржавы Лукашэнкам А.Р. была звернутая ўвага на неабходнасць навядзення парадку на дадзенай тэрыторыі. Адпаведнае даручэнне было дадзенае ўсім зацікаўленым ведамствам”.

Паводле слоў Дрожжы, у Курапатах плануецца працягнуць працы па добраўпарадкаванні.

4 красавіка ў Курапатах былі знесеныя і вывезеныя ў невядомым накірунку 70 шасціметровых крыжоў. Гэтыя дзеянні выклікалі негатыўны рэзананс у грамадстве. Знос крыжоў асудзілі прадстаўнікі розных канфесій.

З 4 па 7 красавіка пры розных абставінах, так ці інакш звязаных з Курапатамі, было затрымана каля 20 чалавек, частку з іх судзілі, пакараўшы адміністратыўнымі арыштамі і буйнымі штрафамі. 10 красавіка абаронцы Курапатаў перадалі ў Адміністрацыю прэзідэнта адкрыты зварот на імя Лукашэнкі з заклікам вярнуць на месца дэмантаваныя крыжы. Аўтары звароту заклікалі Лукашэнку прыняць канцэпцыю народнага мемарыяла і стварыць грамадскую працоўную групу з удзелам людзей, якія шмат гадоў займаюцца тэмай Курапатаў. Пад дадзеным зваротам зараз таксама вядзецца збор подпісаў.

13 красавіка ў Курапатах былі знесеныя новыя крыжы — гэтым разам 24 металічныя, устаноўленыя ў 2017 годзе на грошы грамадскасці. Вакол урочышча была ўстаноўленая агароджа з уваходнымі аркамі.

20 красавіка Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў, заявіў, што не варта перабольшваць градус палітызацыі адпаведнай тэматыкі. Гаворачы пра навядзенне ў Курапатах парадку, ён адзначыў: „Якія да мяне прэтэнзіі? Мяне папрасілі, запатрабавалі, мяне папракалі пастаянна, чаму там няма парадку. Але і на „Вялікай размове” я сказаў: „Добра, калі на тое пайшло, трэба прэзідэнту і тут парадак навесці, я паспрабую”.

belapan.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/palityka/deputat-kanapatskaya-atrymala-adkazy-n/

25.04.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты