Навіны

Сумленне народа

Няма спакою ў Курапатах. Цішэй над гэтымі магіламі, — просяць сэрцы, душы
і малітвы звычайных людзей: беларусаў, рускіх, палякаў, жыдоў, татараў —
ураджэнцаў зямлі беларускай, пражываючых на сваёй Бацькаўшчыне ад стагоддзяў.
Пра вечную памяць для нявінна закатаваных у падмінскім лесе моляцца паза межамі
Беларусі. Не такія сны аб Беларусі мелі на ўвазе народныя паэты краіны,
праслаўляючы сваю Радзіму. Перад вачыма чарговы раз аўтаматычна ўзнікаюць
вобразы са «Сцяны» Васіля Быкава, якія не дазваляюць беларускаму сумленню
пагадзіцца са здзекамі камуністычнай сістэмы. Ейныя нашчадкі любуюцца
прагульвацца ў парадных энкавэдысцкіх мундзірах, праслаўляць і адклікацца да
сталінскіх карнікаў. Мабыць таму напярэдадні каталіцкай Пальмавай нядзелі
ў Курапатах зноў ваююць з крыжамі. Жах!
Тыдзень назад у гэтым месцы пісалі мы, што невядомы нам лёс арыштаванага сёмага
красавіка на выхадзе са свайго дома, ініцыятара малітвы за Беларусь Міколы
Статкевіча. Менавіта за гэты заклік суд Цэнтральнага раёна Менска прысудзіў
апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча на 15 сутак. Суд над Статкевічам доўжыўся
5 хвілін. У тым жа часе за тое ж самае на 13 сутак прысуджаны актывіст Максім
Вінярскі — за заклік да несанкцыянаванай акцыі. Сваё робіць і Зміцер Дашкевіч —
легендарны абаронца Курапатаў і былы палітычны вязень. Дзякуючы яго
напорыстасці ў Курапатах устаноўлены дзясяткі новых крыжоў. За гэта караюць яго
таксама штрафамі і арыштамі.
Нязломны абаронца Курапатаў Павел Севярынец чарговы раз асуджаны на 15 сутак
арышту. Быў ён затрыманы раніцай 5 красавіка ў Курапатах, дзе напярэдадні паводле
загаду ўлад знеслі 70 драўляных крыжоў, устаноўленых грамадскімі актывістамі летам
мінулага года. Жанчына-гераіня — 72-гадовая актывістка апазіцыі Ніна Багінская
ў чарговы раз за абарону крыжоў у Курапатах аштрафаваная на 50 базавых велічынь
(1 275 рублёў, памножце разы два і атрымаеце суму да зарплаты ў залатоўках). Ніна
Багінская з’явілася ў суд у паліто з лозунгам «Свабода народу!» і нацыянальным бел-
чырвона-белым сцягам. Пра гэтую незвычайна сціплую жанчыну і ейнае
нацыянальнае змаганне можаце больш даведацца з рэпартажу Алесі Адамчук, які
змешчаны на старонцы Радыё Рацыя (https://www.racyja.com/repartaz-rr/zhanchyna-
legenda-repartazh-alesi-ad/). Вось словы ўступу пра гэтую жанчыну: «Без гэтай
маленькай, худзенькай, прыгожай жанчыны не абыходзіцца ў Менску ніводная акцыя.
Ніна Багінская стала чалавекам-легендай у змаганні за свабоду і дэмакратыю. Яе
празвалі „чалавекам-сцягам” за любоў да бел-чырвона-белага сцягу. Яна не выпускае
з рук на акцыях вялікае бел-чырвона-белае палотнішча, за што яе шмат разоў каралі.
Актывістка руху Салідарнасці „Разам” Ніна Багінская смела выходзіць не толькі на
вулічныя акцыі. Ужо восем месяцаў рэгулярна яе можна пабачыць на курапацкай
варце. Нягледзячы на сталы ўзрост, спадарыня Ніна абувае валёнкі, апранае цёплае
паліто з надпісам „Свабоду народу” і едзе адстаяць шмат гадзін на холадзе ля
ганебнай рэстарацыі „Поедем поедим”». Нізкі наш паклон і пашана звычайна-
незвычайным беларускам.
Калі гаварыць пра жанчыны і іхняе ахвяраванне, то абавязкова трэба ўзгадаць Вольгу
Мікалайчык. Таленавітая тэледакументалістка поўнасцю прысвяціла сябе абараняць
беларускі гонар. Гонар народа, хай гучыць мабыць гэта на такой высокай ноце, але
тое, што яна перажыла апошнімі гадамі, заслугоўвае проста на словы найбольшай
пашаны і павагі. На ейную стойкасць і вытрыманасць не здольныя многія, якія толькі
словамі патрапяць даваць парады наконт формаў актыўнага супраціву. Не
пералічыць мне ў гэтым месцы ўсіх абаронцаў Курапатаў, якія гадамі з’яўляюцца
сумленнем нацыі. Калі б не Вы, былі б мы апаганенымі ўжо даўно. Дзякуем.

Яўген ВАПА

21.04.2019 Тэгі: Яўген Вапа, Курапаты

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты