Навіны

Чым жыве рынак «Паўднёвы» ў Гародні?

«Хоць колькасць тавару вялікая, адноўленая ў адпаведнасці сезону, але пакупнікоў вельмі мала!» – заўважаюць прадпрымальнікі гарадзенскага рынку „Паўднёвы”. Прычынаў таму шмат. Гэта і падвышэнне долі ў гандлёвым сектары, супермаркетаў, крамаў танных тавараў ад узбекскіх прадаўцоў, а таксама інтэрнэт-пляцовак. Пра адчуванні рынку „Паўднёвы” ў будні дзень кажа Андрэй Шасцяракоў – прадпрымальнік.

– Бачым пэўны адплыў пакупнікоў з рынку. І вельмі сумна, што мы сёння, у будні дзень, размаўляем з вамі, і вы самі бачыце, што пакупнікоў практычна няма. Вось прыехалі б, купілі б каву, абмеркавалі б апошнія навіны. Добра, калі б ты прадаў дзве адзінкі тавару, бо ўжо можна купіць сабе нейкую ежу.

Мараторый на праверкі тавару ў індывідуальных прадпрымальнікаў рынкаў ужо закончаны, з пачатку гэтага года. Як заўважаюць прадпрымальнікі па ўсёй Беларусі, пачаліся дзе-нідзе праверачныя дзеянні з боку фіскальных органаў, якія даводзяць прадпрымальнікаў да судоў. Кажа Андрэй Шасцяракоў:

– Па дзеяннях дзяржстандарту будзе створана працоўная група па ініцыятыве «Перспектывы». Яна пройдзе 22 красавіка ў Менску ў Міністэрстве эканомікі. Ёсць у нас такія прэцэдэнты, калі прадпрымальнікі прайгралі некалькі судоў і адразу заўважальна, што з боку дзяржстандарту ідзе прадузятае стаўленне да нашых прадпрымальнікаў. Вось усе гэтыя пытанні будуць вынесеныя ў працоўную групу, каб неяк іх урэгуляваць. Данесена ўжо да нашых уладаў, да самага верху, ажно да Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры прэзідэнце. Будзем спадзявацца, што ўсё будзе нармальна, пагаворым, абмяркуем гэтую праблему, што і як рабіць далей.

За мінулы год на рынак „Паўднёвы” вярнуўся часткова, як раней, грамадскі транспарт, што троху палепшыла сітуацыю з дастаўкай пакупніка на гэтую вялікую гандлёвую пляцоўку Гародні.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота: s13.ru

Чытай больш на: https://www.racyja.com/ekanomika/chym-zhyve-rynak-paudnyovy-u-garodni/

18.04.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты