Навіны

„Рэпарцёры без межаў”: Пераслед журналістаў у Беларусі дасягнуў беспрэцэдэнтнага ўзроўню

 У 2018 годзе Беларусь заняла 153-е са 180 месцаў у „Індэксе свабоды прэсы”, які штогод рыхтуе міжнародная арганізацыя „Рэпарцёры без межаў”. Пераслед журналістаў у Беларусі дасягнуў беспрэцэдэнтнага ўзроўню, адзначаюць аўтары даклада.

У 2017 годзе Беларусь займала ў рэйтынгу 155-е месца. „Пазіцыя Беларусі ў „Індэксе свабоды прэсы”, здаецца, сведчыць пра паляпшэнне, але на самай справе яна адлюстроўвае той факт, што сітуацыя значна пагоршылася ў многіх іншых краінах, а таксама той факт, што рэкордная колькасць затрыманняў у 2017 годзе не была паўтораная ў 2018-м”, — тлумачаць „Рэпарцёры без межаў”.

У дакуменце падкрэсліваецца, што ў Беларусі „напярэдадні выбарчага цыклу ідзе чарговы віток пераследу журналістаў”. У 2018 годзе пераслед журналістаў, лічаць „Рэпарцёры без межаў”, дасягнуў беспрэцэдэнтнага ўзроўню — на іх было накладзена больш за 100 штрафаў.

„Рэпарцёры без межаў”, у прыватнасці, нагадваюць пра „справу БелТА”, падчас якой аб`ектамі пераследу сталі партал tut.by і інфармагенцтва БелаПАН, а таксама арышты „крытычных журналістаў і блогераў”, блакаванне сайтаў і ўзмацненне жорсткасці закона аб СМІ.

Адносна сітуацыі ў свеце „Рэпарцёры без межаў” адзначаюць: „Абноўлены” Індэкс свабоды прэсы „дэманструе, як нянавісць да журналістаў перараджаецца ў гвалт, які робіцца фактарам росту страху. Колькасць краін, якія могуць расцэньвацца як „надзейныя”, гэта значыць тых, дзе журналісты могуць працаваць у цалкам бяспечных умовах, працягвае змяншацца. У той час як аўтарытарныя рэжымы працягваюць ўзмацняць свой уплыў на СМІ”.

Першыя месцы ў рэйтынгу занялі Нарвегія, Фінляндыя, Швецыя, Нідэрланды і Данія, апошнія — В`етнам, Кітай, Эрытрэя, Паўночная Карэя, Туркменістан.

Сярод суседзяў Беларусі найлепшыя паказчыкі ў Латвіі (24-е месца), затым ідуць Літва (30-е), Польшча (59-е), Украіна (102-е), Расея (149-е).

belapan.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/repartsyory-bez-mezhau-perasled-zhurnal/

18.04.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты