Навіны

205 гадоў з дня нараджэння Яўстаха Тышкевіча

Беларускі гісторык, этнограф, краязнавец, музеязнавец, адзін з заснавальнікаў айчыннай навуковай археалогіі Яўстах Тышкевіч нарадзіўся 18 красавіка 1814 году ў Лагойску, што на Меншчыне. Амаль палова гісторыі гэтага гораду звязана з графскім родам Тышкевічаў, які даў беларускай зямлі і свету багата таленавітых асобаў.

Значны ўплыў на Яўстаха і ягонага брата Канстанціна зрабіў іх бацька Пій Тышкевіч, які быў адукаванейшым чалавекам свайго часу. З 1824 году Яўстах навучаўся ў Віленскай гімназіі. Перапыніўшы там вучобу, у 1831-ым ён скончыў Менскую гімназію, потым амаль два гады вучыўся самастойна, працаваў у пецярбургскіх бібліятэках. З 1833-га Тышкевіч служыў у Ордэнскай капітуле канцылярыі віленскага, потым кракаўскага генерал-губернатара. Пазней стаў ганаровым апекуном школаў, маршалкам шляхты Барысаўскага павету. На свае сродкі пабудаваў у Барысаве павятовае вучылішча, быў куратарам Менскай гімназіі. Але асноўным яго заняткам была навука. Пачынаючы з 1837-га году Тышкевіч даследаваў курганы на Лагойшчыне, Барысаўшчыне, каля Менску, у Друцку, Лідзе, Крэве, Міры, Гальшанах і іншых мясцовасцях. Не зважаючы на свае графскія тытулы, Яўстах і Канстанцін, а часам і іх бацька, бралі ў рукі рыдлёўкі і разам з сялянамі раскопвалі старажытныя курганы. Таксама хадзіла па вясковых хатах і запісвалі народныя песні, легенды, паданні, удзельнічалі ў абрадах.

У 1843 годзе Яўстах Тышкевіч з мэтай археалагічных і гістарычных даследаванняў наведаў Данію, Фінляндыю і Швецыю. Ужо пазней ён быў уганараваны тытуламі ганаровага члена Пецярбургскай і Стакгольмскай Акадэмій навук, Лонданскага археалагічнага інстытуту. З 1855-га году Тышкевіч стаў папячыцелем Віленскага музея старажытнасцяў, які ён стварыў на аснове ўласных археалагічных калекцый. Стаў заснавальнікам і старшынём Віленскай археалагічнай камісіі.

Пасля паўстання 1863 году ў выніку расейскай рэпрэсіўнай палітыкі Тышкевіч быў вызвалены з усіх пасадаў. “Шкодныя” экспанаты  музея вывозіліся ў Маскву, папросту адбывалася рабаванне беларускіх каштоўнасцяў. У 1865-ым Яўстах Тышкевіч пакінуў Вільню. Пазней дзякуючы высілкам Івана Луцкевіча частка збораў Тышкевіча адшукана і ўвайшла ў фонд Беларуска музея ў Вільні, які дзеіў у 1921-45 гадах.

У канцы жыцця Яўстах Тышкевіч стварыў альбом “Магілы сямейства Тышкевічаў”, выдадзены ў 1873 годзе ў Вільні. З літаратурных яго твораў захаваліся вершы. Стылізаваныя пад фальклор, аповесць “Нашы краі”, успаміны пра Валенці Ваньковіча, Яна Рустэма, Ігната Ходзьку і іншых. Некаторыя каштоўныя працы Тышкевіча захаваліся ў рукапісах.

Памёр Яўстах Тышкевіч у Вільні 8 верасня 1873 году, апошнія гады жыў пад апекай сястры Паўліны. Пахаваны на могілках Росы на так званай Літаратурнай горцы побач з аднадумцам Уладзіславам Сыракомлем.

У 1991 годзе выйшла кніжачка Генадзя і Аляксандра Каханоўскага “Руплівец нашай старасветчыны”, у якой пра было расказана пра асобу і лёс нашага героя. Яўстах Тышкевіч зрабіў вельмі шмат для станаўлення беларускай навукі, ахвяраваў сваё жыццё на службу роднаму краю.

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч   

18.04.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты