Навіны

У Гародні адкрылі шыльду ў гонар Аляксея Карпюка

15 красавіка ў Гародні на вуліцы Ажэшкі на доме, дзе працаваў Аляксей Карпюк, адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар выдатнага беларускага пісьменніка і грамадскага дзеяча. Урачыстасць сабрала некалькі дзясяткаў літаратараў, музеязнаўцаў, мастакоў, краязнаўцаў - тых, хто ведаў Аляксея Карпюка і маладзейшых, якія вучыліся на яго творах. Шмат высілкаў для адкрыцця шыльды прыклаў гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч.

На адкрыцці шыльды выступілі літаратуразнавец Аляксей Пяткевіч, паэтка Данута Бічэль, мастак-рэстаўратар Уладзімір Кіслы, усе яны добра ведалі Аляксея Карпюка, які быў да ўсяго першым дырэктарам Гарадзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі. Выступіў таксама аўтар шыльды, скульптар Уладзімір Панцялееў, які прыгадаў свае сустрэчы з пісьменнікам.

Права адкрыць шыльду было даверана дачцы Аляксея Карпюка - спадарыні Валянціне.

 Вяла адкрыццё мастацтвазнаўца Марына Загідуліна. Прысутныя гаварылі пра значнасць Аляксея Карпюка для Гародні. пра неардынарнасць гэтай асобы. Аляксею Карпюку, як франтавіку і дысідэнту давялося нямала перацярпець у сваім жыцці. Але ён быў і застаўся сапраўдным носьбітам беларускага духу, таленавітым пісьменнікам і вельмі яркай фігурай свайго часу.

Адкрыццё шыльды было прымеркаванае да дня нараджэння Аляксея Карпюка - ён з'явіўся на свет 14 красавіка 1920 года ў вёсцы Стражава на Падляшшы.

 

Родная хата Аляксея Карпюка

Паходзіў з сялянскай сям'і, бацька быў сябрам КПЗБ. У 1934 годзе скончыў сямігодку і навучаўся ў польскай гімназіі ў Вільні, а пасля яе закрыцця з 1939 па 1941 гады вучыўся ў Наваградскай педагагічнай вучэльні. У час другой сусветнай вайны браў удзел у партызанскім руху. У снежні 1942 года трапіў у нямецкі палон у канцлагер Штутгаф, што яшчэ не раз балюча адаб’ецца на ягонай біяграфіі. З канцлагера Аляксей Карпюк  здолеў уцячы і зноў пайшоў у партызаны. Там арганізаваў з мясцовай моладзі партызанскі атрад імя Кастуся Каліноўскага і стаў ягоным камандзірам. У жніўні 1944 года яго забралі ў Чырвоную Армію. Быў двойчы паранены.

Пасля вайны Аляксей Карпюк паступае ў Гарадзенскі педінстытут (аддзяленне англійскай мовы), які заканчвае ў 1949 годзе. Працаваў загадчыкам раённага аддзела адукацыі ў Сапоцкіне, але з-за канфлікту з кіраўніцтвам пераведзены на пасаду дырэктара Біскупскай сямігадовай школы Ваўкавыскага раёна. У далейшыя гады працаваў журналістам “Гродзенскай праўды” і “ЛіМа”, дырэктарам Беларускага музею гісторыі рэлігіі.

Вакол Аляксея Карпюка ў 1960-1970-х гадах узнік своеасаблівы клуб вольнадумнай інтэлігенцыі. У розныя часы з гэтым асяродкам кантактавалі Васіль Быкаў, Данута Бічэль, Вольга Іпатава, Браніслаў Ржэўскі і іншыя гарадзенцы. Сам Карпюк пашыраў забароненую ў БССР літаратуру, ліставаўся з Аляксандрам Салжаніцыным, кантактаваў з сям’ёй Ларысы Геніюш з Зэльвы. Супрацоўнікі КДБ шмат гадоў назіралі за Аляксеем Карпюком, але не было такіх месцаў, дзе пісьменнік саромеўся казаць праўду.

 

Янка Брыль і Аляксей Карпюк

Вясной 1972 года Аляксей Карпюк быў выключаны з КПСС па абвінавачванні ў нацыяналізме, кулацкім паходжанні, хлусні пра сваё мінулае. Ён нідзе не мог уладкавацца на працу. І толькі дзякуючы Пятру Машэраву яго аднавілі ў партыі. У 1978-1982 гадах Аляксей Карпюк працаваў сакратаром Гарадзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. Пазней актыўна ўдзельнічаў у дэмакратычным жыцці Гародні: адзін з актывістаў БНФ, адзін з заснавальнікаў “Бацькаўшчыны”, меў цесныя кантакты з клубам “Паходня”.

 У друку Аляксей Карпюк дэбютаваў у 1953 годзе аповесцю “У адным інстытуце”. Выйшлі кнігі аповесцей і апавяданняў “Дзве сасны” , “Данута”, “Мая Гродзеншчына” , “Пушчанская адысея”, “Вершалінскі рай”, “Партрэт”, “Сучасны канфлікт”, раман “Карані”, ”Выбраныя творы” ў 2-х тамах і многія іншыя. Адзін з папулярных твораў пісьменніка – аповесць “Данута”, у якой каханне, трагічнае ад першага несвядомага праяўлення, – Янкі Барташэвіча і генералавай дачкі Дануты Янкоўскай. Паненка, выхаваная на вялікадзяржаўнай польскай культуры і раскошы, здолела разглядзець пад вышыванай кашуляй беларускага хлапца багатую высакародную душу, прыродны розум, пяшчотнасць, прыкрытую сялянскай каструбаватасцю.

Аляксей Карпюк быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I і II ступені, медалямі і залатым крыжам польскага ордэна “Віртуці Мілітары”. Заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І. Мележа за кнігу “Сучасны канфлікт”.

Памёр пісьменнік 14 ліпеня 1992 года. Пахаваны на гарадзенскіх могілках па праспекце Касманаўтаў на адным з цэнтральных шэрагаў. Адна з вуліц у Гародні носіць імя Аляксея Карпюка.

 

15.04.2019 Тэгі: Гародня

Архіў

Кастрычнік 2019
123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031

Відэа

праваабарончыя сайты