Навіны

Што робіцца?

– Што там робіцца ва Украіне? – проста на выхадзе з ліфта рэзка спыніў мяне сусед такім нечаканым і як з пісталета стрэленым пытаннем, што з ім можа паспаборнічаць толькі наезд Астапа Бэндэра на айца Фёдара, калі ён пытаўся ў таго колькі каштуе опіум для народа.

   Ды яшчэ з такой інтанацыяй задаў мне пытанне сусед, што гэтаму персанажу пазайздросцілі б самыя стваральнікі таго Бэндэра Ільф і Пятроў. І я, па-праўдзе кажучы, быў бы вельмі збянтэжаны такой рэзкасцю і актыўнасцю далёка не палітызаванага чалавека, каб ужо некалі раней не чуў з яго вуснаў дакладна такога ж пытання, толькі тычылася яно не Украіны, а ЗША.

   Я тады адказаў яму пытаннем на пытанне. Папрасіў абгрунтаваць, чаму яго цікавяць выбары ў Амерыцы, а не свае. Бо на беларускія выбары ён не хадзіў ні разу прынцыпова.

   Адказ я атрымаў неадкладна, і нават на яго аснове цэлы фельетон напісаў. Бо як мне патлумачыў сусед, ад выбараў у Амерыцы залежыць усё на свеце, а ад выбараў у любой іншай краіне не залежыць нічога. Ну так ён кораценька вытлумачыў сваё бачанне свету, падняўшы палец угору для большай канцэнтрацыі маёй увагі на настолькі відавочным на яго думку факце. Вось таму, нібыта, выбары там у ЗША цікавыя для яго, а ў іншым месцы няма розніцы хто іх выйграе, і справядліва іх выйграе ці зусім наадварот.

   І вось зараз, гэтага чалавека, які тлумачыў што толькі амерыканскія выбары ёсць важнымі, зацікавілі выбары яшчэ ў адной дзяржаве! Ва Украіне! Ну не, тут трэба адкінуць усе справы і пагаварыць з настолькі заангажаваным у справы паўднёвых суседзяў Беларусі чалавекам.

– А табе не ўсё адно? – Правакую я яго на больш разгорнутую версію таго лаканічнага пытання.

– Ну ты і скажаш, усё адно! – Пакрыўдзіўся той. – Ясна што мне не ўсё роўна. Хочацца каб украінцы зажылі добра. Бо ў нас работы знайсці нармальнай не магу. А як украінцы зажывуць па-людзку, можна будзе там паспрабаваць. У нас жа з імі візаў няма.

   Я на нейкі час аслупянеў. Які заўгодна чакаў атрымаць адказ, толькі не такі.

– Слухай, – кажу. – Яны там самыя работу за мяжой шукаюць. Ты што, няведаеш?

– Ды ўсё я ведаю, – абураецца суразмоўца. – У іх візаў з Еўропай няма, вось і едуць туды. Там больш плацяць. Таму нават калі ў іх жыццё наладзіцца, вяртацца наўрад ці будуць. Вось мы туды і паедзем.

   Я зразумеў нарэшце, чаму не стаў удалым палітыкам. Трэба спачатку так навучыцца думаць. Ці хаця б дапускаць мажлівасць, што нехта так можа думаць. І толькі тады ўжо лезці ў палітыку.

   Але праз хвілінку я ўсё ж вырашыў хоць крыху рэабілітаваць сябе ў сваіх жа вачах, і даказаць, што і на публічным полі нечага варты. Таму гэтак жа рэзка і нечакана, як мяне спыніў пытаннем сусед на выхадзе з ліфта, бянтэжу яго сваім:

– Дык украінцы як толькі зажывуць лепш, адразу ўвядуць візы. Так зрабілі ўсе, хто стаў жыць лепш, і палякі, да якіх мы некалі без віз ездзілі, і нават літоўцы, з якімі ў адной краіне былі зусім нядаўна.

   Сусед задумаўся. Выйшаў ён з стану задумлівасці праз моцы трохпавярховы мат, і толькі добра адмацюкаўшыся заявіў зноў жа не без разбаўлення мясцовага гарадзенскага дыялекту словамі, якія я без яго дазволу замяніў на літаратурныя:

– Ну вось, блін, хіба што прыйдзецца ісці на свае выбары, каб яны накрыліся медным тазікам! А не падкажаш, калі ў нас будуць тыя, блін, выбары?

   У гэты час я захацеў крыкнуць “Слава Украіне!!!”. Бо практычна ніхто раней мне гэтага пытання не задаваў. Як бы нікога не цікавіла калі ў нас тыя выбары. І нават сусед, тады, калі адукоўваў мяне пра вартасць толькі амерыканскіх выбараў, не пытаўся калі яны будуць у нас. А зараз, пасля украінскіх, спытаў. Хоць быў толькі першы тур на той Украіне, і невядома чым яны закончацца, тыя выбары, і тым больш невядома, што і як будзе пасля іх. Але ўсядно цікавасць з’явілася. І думаю, не ў яго аднаго.

   Напачатку я хацеў сказаць, што як у нас будуць выбары, то я яму абавязкова паведамлю пра тое. Але пасля да мяне дайшло, што гэтым разам ён і сам даведаецца. Таму сказаў проста, як думаю:

– А ў нас могуць і не пачацца.

– Што тут робіцца, ў нас? – Уздыхнуў сусед .

   Віктар Сазонаў.

12.04.2019 Тэгі: Віктар Сазонаў, Блог

Архіў

Лістапад 2019
123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930

Відэа

праваабарончыя сайты