Навіны

У Курапатах памаліліся за вяртанне крыжоў і за ахвяраў рэпрэсій

Ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам 7 красавіка прайшла калектыўная малітва з удзелам прыблізна 150 чалавек.

Перад пачаткам да прысутных звярнулася актывістка апазіцыі Алена Талстая. Яна падзякавала ўсім, хто прыйшоў апоўдні да сталічнага Свята-Духаву сабора і ўзяў дзел у супольнай малітве за Беларусь і Курапаты.

Талстая адзначыла, што ў Курапатах будуць маліцца за вяртанне дэмантаваных крыжоў, за ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, а таксама за затрыманых палітыкаў Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча, актывістаў Вольгу Нікалайчык і Максіма Вінярскага.

Малітву прачытаў святар некананічнай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Вікенцій (Віктар Кавалькоў). Затым перад прысутнымі выступіла Марына Адамовіч, жонка ініцыятара малітвы Мікалая Статкевіча. Яна зачытала зварот палітыка, з якім ён меў намер выступіць каля сабора.

У звароце палітык падкрэсліў, што ўлады падчас Крыжапаклоннага тыдня і Вялікага посту „апаганілі галоўны сімвал хрысціянскай веры”. Статкевіч лічыць дэмантаж крыжоў у Курапатах „абразай усяго беларускага народа”. Палітык заклікаў правесці супольную малітву „за збавенне ад злога”. „Калі хто не ведае, „збаў нас ад злога” — гэта канцоўка малітвы „Ойча наш”, — адзначыў ён.

Адказны сакратар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Алесь Чахольскі назваў Курапаты народным мемарыялам. „Летась ў гэтае святое месца прыйшоў д’ябал з гэтым так званым афіцыйным помнікам — і пачалося разбурэнне”, — заявіў палітык. Чахольскі заклікаў улады вярнуць крыжы на месца, а міжнародную супольнасць — адмовіцца ад удзелу ў II Еўрапейскіх гульнях, якія пройдуць у чэрвені ў Мінску.

Беларускі навуковец Мікола Савіцкі адзначыў, што „яму і ў галаву не магло прыйсці, што ўлады будуць знішчаць крыжы”. „Крыж — гэта нешта недатыкальнае, ці ён на магіле, ці на дарозе, ці ў полі”, — сказаў Савіцкі.

Паводле слоў навукоўца, яго сваякі таксама могуць быць пахаваныя ў Курапатах — яны ў свой час эмігравалі з Заходняй Беларусі ў савецкую, пасля чаго пра іх не было ніякіх вестак.

Лукашэнка, адзначыў Савіцкі, „гоніць Беларусь у рускі свет, нянавісць якога да братняга беларусам украінскага народа большая, чым была нянавісць ў фашыстаў да яўрэяў”. „І ў гэтай сітуацыі ў нас адбываецца тое, што адбываецца, — знішчаюць крыжы”, — дадаў ён.

Грамадскі актывіст Віктар Кулак заклікаў усіх неабыякавых „спыніць пустыя спрэчкі адносна абароны Курапатаў, выбраць для сябе найбольш прыдатны фармат і пачаць займацца справай”. Паводле яго слоў, беларускае грамадства і так расколатае, а Курапаты павінны яго аб’ядноўваць. „Пакуль жыве мемарыял, беларускі народ — будзе жыць і Беларусь”, — перакананы Кулак.

Сустаршыня руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык заклікаў прысутных захоўваць спакой. „Што б ні рабілі нелюдзі, беларусы перамогуць. Гэта наша зямля, наша святыня, і наша задача — не аддаць гэтую святыню сабакам”, — сказаў ён. Паводле слоў Сіўчыка, у беларусаў у гэтым плане шмат саюзнікаў у краінах Еўропы, якія памятаюць пра злачынствы камуністычнага рэжыму.

Прысутныя таксама прачыталі вершы ў памяць пра ахвяраў палітычных рэпрэсій. Многія з удзельнікаў супольнай малітвы прыйшлі ў Курапаты сем’ямі, у тым ліку з маленькімі дзецьмі.

На завяршэнне Талстая і Чахольскі заявілі, што актывісты маюць намер працягнуць збірацца ў Курапатах для сумеснай малітвы кожны вечар.

Завяршылася малітва калектыўным выкананне гімна „Магутны Божа”. Многія з удзельнікаў прынеслі з сабой папяровыя крыжы і пакінулі іх ва ўрочышчы.

belapan.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/u-kurapatakh-pamalilisya-za-vyartanne-kr/

07.04.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты