Навіны

У цэнтры Менска пройдзе малебен за Курапаты

Сёння, 7 красавіка, ля Свята-Духава кафедральнага сабора на плошчы Свабоды а 12-й гадзіне пройдзе малебен за забітых у Курапатах і ў абарону хрысціянскай веры. З ініцыятывай правядзення набажэнства выступіў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч.

Праз фэйсбук ён звярнуўся да святароў і вернікаў усіх хрысціянскіх канфесій: «Улады з ужываннем гвалту і арыштаў знеслі ў Курапатах каля 100 хрысціянскіх крыжоў. Адбылася не толькі знявага памяці дзясяткаў тысяч ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Гвалтоўны знос крыжоў глыбока закранае нашыя хрысціянскія пачуцці. Памолімся, каб Гасподзь дараваў нам абразу Крыжа, на якім Ён прыняў пакуту дзеля нашага ўратавання».

На правядзенне набажэнства каля храмаў не патрабуецца дазвол уладаў. Лідары Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч і Яўген Афнагель таксама звярнуліся да кіраўнікоў Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў з просьбай пра сустрэчу. Яны хочуць абмеркаваць супольныя намаганні для абароны Курапатаў.

Нагадаем, 4 красавіка на месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій паводле рашэння ўлад спецтэхнікай было дэмантавана 70 драўляных мемарыяльных крыжоў, усталяваных летась грамадскімі актывістамі на чале са Змітром Дашкевічам. Наконадні, 1  сакавіка на прэс-канферэнцыі Аляксандар Лукашэнка выказаў незадаволенасць крыжамі вакол Курапатаў, якія бачныя з дарогі.

Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/u-tsentry-menska-projdze-maleben-za-kur/

07.04.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты