Навіны

Хмурыя людзі

У шматлікіх інтэрнэтава-газетных водгуках турыстаў і наведнікаў нашай краіны пра Беларусь пішуць рознае. Многія кажуць пра чыстыя вуліцы беларускіх гарадоў, пішуць пра добрыя дарогі ў параўнанні з суседнімі дзяржавамі. Некаторыя захапляюцца нашай старажытнай архітэктурай, іншыя наракаюць на неразвітасць сервісу ў розных сферах. Але амаль усе аднадушна заўважаюць і адзначаюць хмурыя і панылыя твары насельнікаў гэтай зямлі. Жыхары беларускіх гарадоў і мястэчак вельмі мала жартуюць і амаль не ўсміхаюцца – сваім, іншым, навакольнаму свету, жыццю ўвогуле.

Можа людзі тут хмурыя і сумныя ад таго, што ў Беларусі зусім мала сонца? Адна карэянка ў сваіх падарожных допісах-уражаннях бесперастанна здзіўлялася, як так можа быць у гэтай краіне, каб сонца так рэдка выглядвала з-за хмар і асвятляла гэтую вялікую паўзмрочную прастору. Нездарма, відаць, яшчэ больш ста гадоў таму нашы папярэднікі адным з сваіх дэвізаў абралі сакраментальную прымаўку “Загляне сонца і ў наша ваконца”. Сённяшнія метэаролагі-навукоўцы нават падлічылі колькі ў сярэднім у год сонечных дзён прыпадае на Беларусь. Выявілася, што не так шмат. А самым сонечным у краіне ёсць горад з мілагучнай назвай Брагін – у ім сярэдне 35 сонечных дзён у год. Толькі 35 з 365-ці! Праўда, тыя ж метэаролагі цвердзяць, што гэта не так і мала, у іх нейкія свае крытэры ацэнаў. Але фізічныя і псіхалагічныя адчуванні звычайнага чалавека такія, што крытычна мала. Нездарма вушлыя рэкламшчыкі карыстаюцца такім станам прыроды і зазываюць кліентаў у свае салярыі. Напэўна гэтае штучнае апраменьванне карыстаецца поспехам.   

Адкуль жа прыйшлі гэтыя суцэльныя чорныя хмары. Можа з паўночнай халоднай і сівернай Балтыі? А можа з захаду, адкуль не раз у кірунку нашай зямлі грукаталі ваенныя калясніцы? А можа з дзікага ўсходу, з застыўшай у сярэднявеччы Масковіі, якая ўжо пяцьсот гадоў імкнецца знішчыць нашае Княства, а зараз канчаткова дабіць ужо ягоныя рэшткі? А можа яна прыйшла з поўдня: з якога Чорнага мора, ці нават Міжземнага? Падобна як у класіка неўміручага рамана: цемра, прыйшоўшая з Міжземнага мора, накрыла непатрэбную ўсім сінявокую рэспубліку…

Днямі сустрэў аднаго даўняга прыяцеля. Ён расказаў, што ўжо гадоў шэсць як пераехаў у іншы мікрараён у новую кватэру. Здзіўляўся сваім суседзям: кажа, што палова людзей, якія жывуць у пад’ездзе, нават не вітаюцца з ім, хоць ён ад першага дня пераезду стараўся выявіць зычлівасць і запрыязніцца з усімі. Казаў таксама, што нават не ведае як завуць бліжэйшых суседзяў па лесвічнай пляцоўцы, настолькі яны пазбягаюць усялякіх кантактаў і размоў. Засталося суцяшаць яго тым, што куды лепш увогуле не ведаць суседзяў, чым штодзённа з імі сварыцца.

А можа ўся прычына ў той сацыяльнай напружанасці, якая вісіць у грамадстве. У тым стане зняважаных і прыніжаных, бяспраўных і безнадзейных людзей. Людзей, якім не пакідаюць аніякага выбару. Дакладней, выбар яшчэ ёсць – альбо вы выязджаеце адсюль назаўсёды, альбо застаецеся існаваць па правілах, якія стварыла дзяржава. Жыць не па Канстытуцыі, не па законах, якія хоць і недасканалыя (справа зусім не ў гэтым), а існаваць менавіта па правілах, якія супярэчаць і Канстытуцыі, і законам гэтай дзяржавы. А гэта значыць існаваць увогуле без правіл. Правіла толькі адно – маўчаць, ціха глынаць усю несправядлівасць наўкола і далей зноў маўкліва прымаць існы стан рэчаў.  

За дваццаць пяць гадоў улада зрабіла ўсё, каб пасварыць розныя пласты насельніцтва, густа пасеяць зерне нянавісці, закласці нібы міну запаволенага дзеяння сапраўдны грамадзянскі раскол. Хмурыя твары паўсюдна навокал – гэта толькі першая прыкмета накопленай адмоўнай энергіі, непрыязнасці, прыхаванага абурэння, злосці да ўсіх і усяго.

Але яшчэ са Старога Запавету добра вядома – хто сее вецер, абавязкова пажне буру…     

Уладзімір Хільмановіч      

24.02.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты