Навіны

«Маўчанне - золата», ці Што такое абгавор і як супрацьстаяць ўгаворам следчых?

Як стала вядома ў судовым працэсе над рэдактаркай TUT.BY Марынай Золатавай, на шэраг сведак абароны падчас следства аказваўся ціск з тым, каб яны абгаварылі сваю калегу.

У прыватнасці Галіна Уласік распавяла суду, што на допыце следчыя ёй сказалі, што яна павінна заявіць, што заходзіла ў платную падпіску БелТА па ўказанні Золатавай. Пасля таго, як журналістка адмовілася даваць такія паказанні, яе адправілі ў ІЧУ на тры дні.

У прававым лікбезе ад "Вясны" расказваем, што такое абгавор і як супрацьстаяць ціску следчых.

Што такое абгавор?

Абгавор - паказанні абвінавачанага, пацярпелага, сведкі, якія ілжыва выкрываюць іншую асобу ў здзяйсненні злачынства. Абгавор варта адрозніваць ад даносу, які можа быць зроблены і не ў працэсе дачы паказанняў. Абгавор можа быць як добрасумленнай памылкай, так і загадзя ілжывым паказаннем.

Якія могуць быць наступствы абгавору?

Самае горшае, што можа адбыцца - невінаваты чалавек, якога абгаварылі, можа патрапіць у турму.

Акрамя таго, самі ж следчыя часта папярэджваюць, што за дачу загадзя ілжывых паказанняў для сведак прадугледжана крымінальная адказнасць - штраф, або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў. На гэта варта указваць, калі вас прымушаюць падпісацца пад непраўдзівымі сведчаннямі.

Пра што варта памятаць у кабінеце следчага?

Па-першае, кожны мае права адмовіцца ад дачы паказанняў супраць самога сябе, членаў сваёй сям'і і сваіх блізкіх сваякоў (арт. 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь).

За адмову альбо ўхіленне сведкі ад дачы іншых паказанняў прадугледжана адказнасць - штраф, або папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або арышт.

Для падазраванага і абвінавачанага за адмову ад дачы паказанняў, а таксама за дачу загадзя ілжывых паказанняў адказнасць не прадугледжаная.

Па-другое, вы павінны ведаць свае правы і абавязкі, а таксама ў якасці каго вас выклікалі або даставілі на допыт. Калі вам не паведамілі гэтага самі супрацоўнікі, то вы заўсёды можаце пацікавіцца пра гэта.

Па-трэцяе, вы не абавязаныя памятаць усё і заўсёды, драбнюткія дэталі і абставіны. Не трэба казаць больш, чым пытаюцца, і тым больш адказваць на пытанні, якія вам не задавалі. Не варта і спяшацца з адказамі. Падумайце, перш чым адказваць.

Памятаеце, што на другой шалі - рэальны тэрмін турэмнага зняволення для вашага/ёй калегі ці сябра/сяброўкі.

Ці можа адвакат сведкі прысутнічаць на допыце?

З 31 студзеня 2018 года ўступілі ў сілу змяненні ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, у якіх замацоўваецца права сведкі запрашаць адваката для атрымання юрыдычнай дапамогі пры ажыццяўленнi працэсуальных дзеянняў з яго удзелам.

Аднак на практыцы следчыя часта парушаюць законнае права на абарону сведкі і нават падазронага - не дапускаюць адваката ў першыя гадзіны пасля затрымання і на першыя допыты.

У такім выпадку, прасіце запрасіць адваката для ўдзелу ў працэсуальных дзеяннях, а таксама не давайце паказанняў без яго прысутнасці.

Якую ролю адвакат можа выконваць у допыце сведкі?

Задача адваката - абараняць правы і законныя інтарэсы сведкі. Непасрэдна ў ходзе допыту, праверкі паказанняў на месцы, іншых следчых і працэсуальных дзеянняў з удзелам сведкі адвакат сочыць за тым, каб на сведку не аказвалася незаконнага ўздзеяння, не парушаліся іншыя яго правы, паказанні сведкі былі поўна і дакладна адлюстраваныя ў пратаколе. Пры наяўнасці заўваг наконт правільнасці і паўнаты запісаў у пратаколе адвакат можа ўносіць пісьмовыя заўвагі ў пратакол.

Што рабіць, калі вам даюць падпісаць пратакол, з якім вы не згодныя?

У першую чаргу, варта вельмі ўважліва прачытаць пратакол. Калі ў ім ёсць звесткі, з якімі вы не згодныя, ці яны запісаны не дакладна, то вы можаце паказаць на гэта следчаму і патрабаваць іх выпраўленняў. Калі ён адмовіцца ўносіць змены, вы заўсёды можаце зрабіць гэта ўласнаручна перад тым, як падпісаць пратакол.

Не спяшайцеся падпісваць пратакол, ад вашага росчырка можа залежаць лёс чалавека.

Што рабіць, калі вы ўсё ж такі падпісалі пратакол, у якім абгаварылі абвінавачанага?

Як правіла, у судовым працэсе суддзя аддае перавагу тым сведчанням, якія былі дадзеныя ў ходзе следства, а не тым, якія вы будзеце заяўляць на паседжанні.

Але варта ўсё ж такі суду ўказаць, якія менавіта паказанні былі няслушныя і па якой прычыне (ціск, пагрозы следчага, запалохванне, прымяненне фізічнай сілы і катаванні) былі дадзеныя падчас допыту, а таксама заявіць праўдзівыя сведчанні.

Калі адразу пасля допыту вы падалі скаргу начальніку следчага падраздзялення або ў пракуратуру на парушэнні ў працэсе правядзення вашага допыту - на гэта таксама можна ўказаць суду.

Самаагавор і абгавор іншай асобы пры адсутнасці доказаў, якія пацвярджаюць абвінавачванне, не можа быць пакладзены ў аснову абвінаваўчага прысуду.

Калі ў вас засталіся пытанні, пішыце на пошту "Вясны" - viasna@spring96.org


Чытайце таксама: «Маўчаць, я сказаў!», Ці што такое «падпіска аб неразгалошванні»?

 

http://spring96.org/be/news/92086

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты