Навіны

Наста Гусева: трое сутак катаванняў і здзекаў. Хто адкажа?

Наста Гусева. Фота ПЦ "Вясна"

Наста Гусева. Фота ПЦ "Вясна"

Суткі без ежы і вады, адсутнасць медыцынскай дапамогі і магчымасці схадзіць у туалет, а таксама здзекі, абразы і пагрозы - усё гэта давялося перажыць Анастасіі Гусевай, падазронай па новай справе аб графіці, падчас свайго трохсуткавага затрымання. Дзяўчына звярнулася ў ПЦ "Вясна" і падрабязна распавяла пра жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне з боку супрацоўнікаў ІЧУ Мінскага ГУУС і Заводскага РУУС.

Анастасія Гусева разам з Дзмітрыем Паліенкам і Яўгенам Чуліцкім была затрыманаяраніцай 21 студзеня супрацоўнікамі крымінальнага вышуку УУС Заводскага раёна Мінска па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 341 КК РБ (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці). Затрыманую даставілі ў гарадскі аддзел міліцыі №2, а праз пару гадзін перавезлі ў Заводскі РАСК, дзе правялі асабісты дагляд, склалі дакументы аб затрыманні, а таксама сфатаграфавалі і зрабілі дактыласкапію. Каля 16:00 дзяўчыну прывезлі ў Заводскае РУУС, дзе яна даволі доўга чакала спецыяльнага транспарту, які павінен быў адвезці ў ІЧУ на Акрэсціна.

Пасля доўгай (на працягу некалькіх гадзін) паездкі па горадзе ў «стакане» аўтазака Насту Гусеву нарэшце-то прывезлі ў ІЧУ і таксама змясцілі ў памяшканне тыпу «стакан». Паводле яе слоў, было ўжо каля гадзіны ночы. У ІЧУ супрацоўніца медыцынскай часткі спытала яе пра самаадчуванне, і тады дзяўчына паскардзілася ёй на галаўныя болі (у Анастасіі мігрэнь). Супрацоўніца медчасткі патлумачыла, што ў яе ёсць толькі «Дратаверын», дала Гусевой дзве таблеткі, пасля чаго дзяўчыну вярнулі ў «стакан». Аднак праз паўгадзіны ў Анастасіі пагоршылася самаадчуванне, яна адчула моцныя пазывы да рвоты - ёй тэрмінова трэба было ў туалет.

«Тады я пачала стукаць у дзверы «стакану». Падышоў супрацоўнік ІЧУ і спытаў, у чым справа. Я сказала, што мяне ванітуе і што мне трэба ў туалет. Ён адчыніў дзверы і паклікаў супрацоўніцу медчасткі. Ёй я таксама патлумачыла, што мне вельмі дрэнна, што я не магу больш сябе трымаць і што калі не адвядзе мяне ў туалет, то можа здарыцца непрыгожая сітуацыя. На што яна адказала: «Тут не медыцынская ўстанова і я Вам нічым дапамагчы не магу». І яна, а таксама супрацоўнік ІЧУ адмовіліся весці мяне ў туалет. Тады я сказала супрацоўніку, што ў такім выпадку я буду ванітаваць яму прама на абутак. Ён раззлаваўся і ў грубай форме пачаў крычаць: «Ну давай, давай!», - прыгадвае Наста.

Усё гэта чуў і Дзмітрый Паліенка, які знаходзіўся ў той момант у суседняй камеры. Ён таксама пачаў біць у дзверы і прасіць адвесці Насту ў туалет. Тое ж самае сказаў і іншы дзяжурны ІЧУ, і толькі пасля гэтага дзяўчына змагла трапіць у туалет.

 

У саму камеру ізалятара Гусева трапіла каля трох гадзін ночы. І толькі ў камеры, праз прыкладна 19 гадзін пасля затрымання яна змагла выпіць вады. А паесці - толькі ў дзевяць раніцы. Такім чынам, дзяўчына правяла без ежы больш за суткі.

У Насты Гусевой ў Мінску няма блізкіх сваякоў, і таму перадаць ёй перадачу са сродкамі асабістай гігіены ніхто не мог. Ну а камера ізалятара не была забяспечана такімі рэчамі першай неабходнасці, як мыла, ручнік і туалетная папера.

«Што мне заставалася рабіць у такой сітуацыі? Даводзілася, прабачце, падцірацца дакументамі, якія я лічыла менш важнымі. Напрыклад, тлумачэнне правоў і абавязкаў. І калі следчы даў мне дакумент - прапанову аб супрацоўніцтве са следствам - я яе ўзяла і ўзрадавалася таму, што можна яе выкарыстоўваць у якасці туалетнай паперы».

Аднак на гэтым, на жаль, пакуты Насты не скончыліся. У дзень вызвалення, 23 студзеня, яе і іншых затрыманых з самай раніцы адвезлі ў Заводскае РУУС, адкуль выпусцілі толькі ўвечары. Увесь гэты час затрыманыя знаходзіліся ў ізаляваных памяшканнях, падобных на карцары, у якіх былі толькі лаўкі.

Пасля некалькіх гадзін чакання ў «карцары», Анастасіі захацелася ў туалет. Яна пачала стукаць у дзверы і клікаць супрацоўнікаў РУУС.

«Я бачыла супрацоўнікаў праз акенца, яны дакладна мяне чулі, але ніхто з іх не спяшаўся неяк рэагаваць. У мяне ўжо пачаліся болі ўнізе жывата, я пачала грукаць гучней. У акенца я ўбачыла, як да дзвярэй нясецца супрацоўнік РУУС. Ён рэзка адкрывае іх і пачынае крычаць і нецэнзурна лаяцца ў мой адрас: «Чаго ты такая борзая, сука, соска?» Я папрасіла адвесці мяне ў туалет. У адказ я пачула: «Зараз у.....у (нецэнзурна - стукну) і будзеш тут сц ... і ср ... (нецэнзурна)». Пасля гэтага ён захлопнуў дзверы. І таму мне нічога не заставалася, як зрабіць усё свае справы прама на падлозе. І так я далей і сядзела: на лаўцы ў «карцары», па сутнасці ў лужыне ўласнай мачы».

Прыкладна праз гадзіну гэты супрацоўнік зноў зайшоў у «карцар», дзе сядзела Гусева, спытаў, яе гэта праца, звяртаючы ўвагу на брудную падлогу памяшкання. Пачуўшы сцвярджальны адказ, засмяяўся і сышоў.

У суседнім «карцары» знаходзіўся Дзмітрый Паліенка, якому ў той дзень змаглі перадаць перадачу. Зміцер ведаў, што Наста з самай раніцы зноў без ежы і вады і папрасіў супрацоўніка РУУС перадаць ёй частку яго перадачы - усяго толькі некалькі вафель.

«І ведаеце, як гэты супрацоўнік адрэагаваў на яго просьбу? Сказаў, што я «неадэкватная, вар'ятка» і наогул мяне трэба ў ж .... (нецэнзурна - правесці палавы акт), а не перадачкі мне перадаваць».

Супрацоўнік забраў пакет у Паліенкі, але так і не перадаў яго Гусевай.

З дапамогай праваабаронцаў «Вясны» Наста Гусева падрыхтавала заяву ва ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску з просьбай распачаць крымінальную справу ў дачыненні да супрацоўнікаў ІЧУ і Заводскага РУУС па факце жорсткага і бесчалавечнага абыходжання, якое зневажае чалавечую годнасць.

 

http://spring96.org/be/news/91908

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты