Навіны

Пакаранне смерцю: рэтраспектыва і спадзяванні праваабаронцаў

Сёлета кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" спаўняецца дзесяць год. Кампанія была распачатая 26 студзеня 2009 года Праваабарончым цэнтрам “Вясна” сумесна з Беларускім Хельсінкскім камітэтам і міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Amnesty International. Мэтай кампаніі стала спыненне смяротнай кары ў краіне і далучэнне Беларусі да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў.

У 2018 годзе кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” стала лаўрэтам Нацыянальнай праваабарончай дзейнасці ў намінацыі “Кампанія/ініцыятыва года”.

“Вясна” распытала праваабаронцаў, як распачыналася адна з самых гучных праваабарончых кампаній Беларусі, з якімі складанасцямі сутыкнуліся і як успрымаецца такая дзейнасць у грамадстве. 

Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі: Вынік гэтай кампаніі можа быць толькі адзін: мараторый на смяротнае пакарання да поўнай яго адмены”

У кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" я з 2010 года, але займацца праблемай смяротнага пакарання ў Беларусі пачаў раней. Мая гісторыя, як праваабаронцы па пытанню смяротнага пакарання, пачалася з машчаніцкай справы ў Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласці ў 2005 годзе. Я тады дапамагаў сваякам аднаго з фігурантаў той справы абскарджваць затрыманне.

Адразу каардынатаркай кампаніі была мая сяброўка праваабаронца Ірына Тоўсцік. Мяне хвалявала тэма смяротнага пакарання, таму я і далучыўся да кампаніі. У мяне была прага рабіць нейкую карысную справу. Тым больш, што ў мяне ўжо быў пэўны бэкграунд, які мог бы спатрэбіцца: заканчэнне вышэйшага курса Варшаўскага Хельсінкскага фонда па правах чалавека, досвед працы з той жа машчаніцкай справай. І ўжо ў 2010 годзе я стаў каардынатарам кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”.

Кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” — гэта, перш за ўсё, людзі, асноўны касцяк якой складаюць праваабаронцы. Не дарма ж яна мае назву “Праваабаронцы…” Гэта людзі, якія займаюцца абаронай правоў чалавека па ўсёй Беларусі. Неад’емны ўклад у кампанію ўнеслі актывістка кампаніі Паліна Сцепаненка, распачынальніца кампаніі Ірына Тоўсцік, праваабаронцы “Вясны” Валянцін Стэфановічі Алесь Бяляцкі, гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк, праваабаронцы з Гродна Віктар Сазонаў і Уладзімір Хільмановіч, віцебскі праваабаронца Павел Левінаў, праваабаронца з Вілейкі Уладзімір Малярчук. Шмат для гэтай кампаніі робяць і валанцёры Валанцёрскай службы “Вясна”, якія падзялялюць нашыя ідэі адмены смяротнага пакарання. 

Ды ўвогуле ў дзейнасць кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” робяць свой пасільны ўнёсак беларускія і міжнародныя арганізацыі: праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі дакументацыйны цэнтр, “Прававая ініцыятыва”, Amnesty International, Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і, канешне, журналістых розных медыя.

ne_smyarotnamu_12.jpg
Прадстаўніца Amnesty International Айша Юнг і каардынатар кампаніі Андрэй Палуда

 

  Шчыра кажучы, улічваючы складанасць гэтай тэмы, здаецца, што я займаюся гэтым пытаннем вельмі даўно, дакладна не 10, і не 15 год. Але важна ўсведамляць, што ўсё ж такі змены ў гэтым пытанні ёсць. Зразумела, вынік гэтай кампаніі можа быць толькі адзін: мараторый на смяротнае пакарання да поўнай яго адмены. Але нельга абясцэньваць тыя дасягненні, якія зроблены ў межах кампаніі. Можна прыйсці да канчатковай мэты нават маленькімі крокамі.

Па-першае, з дапамогай кампаніі мы дабіліся таго, што тэма смяротнага пакарання стала медыйнай. Былі часы, калі ў Беларусі выносіліся па 20-30 смяротных прысудаў у год, і на гэта ніхто не звяртаў увагу. Цяпер сітуацыя іншая: па кожнаму моманту, звязанным са смяротным пакараннем, ідзе актыўнае абмеркаванне ў СМІ і грамадстве. Гэта вельмі важны момант, таму што робіць нашае грамадства больш спелым, а таксама дазваляе змяняць яго стаўленне да гэтага пытання.

Па-другое, змяніўся палітычны кантэкст праблемы смяротнага пакарання ў Беларусі. У шматлікіх палітычных перамовах пытанне адмены смяротнага пакарання стаіць на парадку дня, напрыклад у адносінах з Еўрапескім Саюзам, Радай Еўропы.

Па-трэцяе, амаль уся праваабарончая супольнасць прыйшла да выніку, што сапраўды,  тэма смяротнага пакарання з’ўляецца адной з асноўных на парадку абароны правоў чалавека ў Беларусі.
Наша кампанія кожны год шукае усё новыя і новыя формы данясення свайго мэсэджа да грамадства і ўладаў. Паказальна, што ў 2018 годзе гэта заўважыла праваабарончая супольнасць і ўзнагародзіла нас Нацыянальнай праваабарончай прэміяй.

paluda_stepanenko.jpg
Прадстаўнікі кампаніі Паліна Сцепаненка і Андрэй Палуда падчас уручэння Нацыянальнай праваабарончай прэміі, 2018 год

 

Не так шмат можна узгадаць кампаній, якія б на працягу дзесяці год настолькі актыўна і паслядоўна займаліся бы правабаронцай тэмай, тым больш такой эмацыйна складанай. Таму для нас гэта прэмія стала паказчыкам сталасці і моцы кампаніі, і галоўнае — правільнасці выбара стратэгіі нашай дзейнасці.

Калі казаць пра складанасці, з якімі мы сутыкаемся падчас кампаніі, то адным з самым сур’ёзным выклікам для нас — немагчымасць паўнавартасна супрацоўнічаць з дзяржавай. Гэта і адсутнасць прамога доступу да дзяржаўных СМІ, навучальных установаў. Хаця, на нашу думку, для ўлады было б карысна выкарыстоўваць экспертны патэнцыял праваабаронцаў. Памятаю, дзесьці два гады таму адной з умоваў удзелу ў міжнароднай канферэнцыі, якая праходзіла ў Менску, прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў выдвінулі няўдзел у ёй прадстаўнікоў праваабарончага цэнтра “Вясна”. Яны нават прозвішчы назвалі: Валянцін Стэфановіч і Андрэй Палуда. Аргументавалі гэта тым, што прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” з’яўляюцца прадстаўнікамі незарэгістраванай арганізацыі.

Таксама не абыходзіцца і без ціска ўлады на актывістаў кампаніі. Напрыклад, пару гадоў таму супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі ў Гомелі праваабаронцаў Леаніда Судаленку і Анатоля Паплаўнага, а год таму складалі пратаколы на гродненскіх праваабаронцаў Віктара Сазанова і Уладзіміра Хільмановіча.

Але пры гэтым было шмат яскравых і ўплывовых акцый у межах кампаніі. Напрыклад, фестываль “Рок за жыццё”, які выйшаў за межы МКАДа: ужо праводзіўся ў Брэсце, Віцебску. Аказалася, гэта добры інструмент перадачы інфармацыі пра праблематыку смяротнага пакарання праз такі творчы аспект.

44262947015_7f159dff8f_h.jpg
Фестываль "Рок за жыццё". Мінск, 2018

 

Штогод праваабаронцы праводзяць інфармацыйную акцыю з раздачай спецвыпуску газеты “Народнай волі”.  Гэта дастаткова ўплывовая акцыя face to face. Праваабаронцы на вуліцах абмяркоўваюць з мінакамі праблему смяротнага пакарання.

Праваабаронца
Інфармацыйная акцыя праваабаронцаў падчас Тыдня супраць смяротнага пакарання. Мінск, 2018

 

Адной з самых запамінальных акцый была перадача петыцый з прадстаўнікамі міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International. Беларускія і міжнародныя праваабаронцы, журналісты заносілі каля 200 тысячаў подпісаў за адмену смяротнага пакарання ў Адмністрацыю прэзідэнта. Іх перадалі людзі з усяго свету: Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, Азіі, з тых краін, дзе таксама прымяняецца смяротнае пакаранне. У скрынях з петыцыямі, здаецца, адчуваліся згусткі энэргіі людзей, якія падпісаліся.

ne_smyarotnamu.jpg
Перадача петыцый за адмену смяротнага пакарання ў Адміністрацыю Прэзідэнта, 2011 год

 

Надае новых сілаў у гэтай складанай тэме ўсведамленне, што наша кампанія з’яўляецца часткай міжнароднага руху супраць смяротнага пакарання. Гэта напаўняе нас энэргіяй для далейшых дзеянняў. Узгадваюцца моцныя акцыі па ўсім свеце “Гарады за жыццё”, Сусветныя кангрэчы супраць смяротнага пакарання, якія праводзяцца кожныя тры гады. 

ne_smyarotnamu_1w.jpg
Актывісты кампаніі на Сусветным кангрэсе супраць смяротнага пакарання ў Мадрыдзе, 2013 год

 

Ірына Тоўсцік, першая каардынатарка кампаніі: “Я веру, што дзень, калі Беларусь адменіць смяротнае пакаранне, хутка настане”

Зусім не верыцца, што прайшло ужо 10 гадоў з таго часу, як пачалася кампанія "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі". Вядома, ніхто не чакаў, што кампанія зацягнецца на 10 гадоў.

Пры распачынанні кампаніі нашай мэтай была адмена смяротнага пакарання ў Беларусі ці хаця б увядзенне мараторыю на вынясенне і выкананне смяротных прысудаў. А таксама ўзняццё дыскусіі ў грамадстве на тэму адмены смяротнага пакарання, інфармаванне насельніцтва.

Мы разумелі, што  адмена смяротнага пакарання — гэта найперш мусіць быць палітычнае рашэнне дзяржавы і паказчык таго, наколькі яна гатова далучыцца да еўрапейскіх каштоўнасцяў. Але і праца з насельніцтвам, і падрыхтоўка грамадства да такога важнага кроку таксама неабходная.

Ужо пройдзены доўгі шлях, на якім шмат чаго зроблена. Я веру, што дзень, калі Беларусь адменіць сяморатнае пакаранне, хутка настане.

Кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” стартавала ў 2009 годзе. Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Беларускі Хельсінкскі Камітэт пры падтрымцы Amnesty International былі рашуча настроеныя, каб узняць дыскусію па гэтым пытанні ў грамадстве і спыніць смяротныя прысуды ў Беларусі. Мы вывучалі вопыт іншых краін у гэтым пытанні, распрацоўвалі разам план дзеяння, вырашалі, якія крокі могуць быць найбольш эфектыўнымі для нашай краіны.

Пасля адмены смяротнага пакарання Узбекістанам з 1 студзеня 2008 году наша краіна засталася апошняй з дзяржаваў на постсавецкай прасторы, якая прымяняе дадзены від пакарання. Тады пра смяротнае пакаранне і асабліва яго адмену ў грамадстве і мас-медыя ніхто не гаварыў адкрыта, гэта была нібы забароненая тэма, засакрэчаная.

Калі ўзнікала гаворка пра адмену смяротнага пакарання, дзяржава спасылалася на рэферэндум 1996 года, калі большасць людзей выказаліся "За" смяроную кару. Але, трэба разумець, што пры гэтым, перад рэферэндумам ніякай інфармацыйнай кампаніі не праводзілася, акрамя страшылак па тэлебачанні.

ne_smyarotnamu_12w.jpg
Праваабаронцы інфармуюць мінчукоў аб праблеме смяротнага пакарання, 2010 год

 

Прайшло шмат гадоў ад таго рэферэндуму і мы адчулі, што наспеў той час, калі мы мусілі загаварыць і пра адмену смяротнага пакарання адкрыта, мы мусілі інфармаваць грамадства, узняць дыскусію ў грамадстве, мы хацелі даведацца праўду і паказаць, наколькі неэфектыўная сістэма смяротнага пакарання. І мы маем дастаткова для гэтага аргументаў, заснаваных на досведзе 140 краінаў свету, якія адмовіліся ад гэтага віда пакарання.

Пр гэтым мы разумелі, наколькі цяжкі шлях нас чакае, наколькі непрадказальнай можа быць рэакцыя дзяржавы і насельніцтва на нашу кампанію. Але адназначна тады час прыйшоў уголас сказаць "Не" смяротнаму пакаранню ў Беларусі.

Мы не мелі ніякага ўяўлення з чаго пачынаць, дзе шукаць сваякоў расстраляных, дзе шукаць інфармацыю пра смяротнае пакаранне, як камунікаваць з дзяржавай на гэты конт, з якога боку падступіцца, каб не выклікаць негатыўную рэакцыю ці нават агрэсію грамадства. Гэта была такая своеасаблівая багна. Не было выспы, каб нават адштурхнуцца. Інфармацыя збіралася па крупінах і складалася як пазл. Мы не мелі нават дакладнай колькасці расстраляных з 1990 года. Мы дасылалі запыты ў дзяржаўныя структуры, але так ніхто і не даў афіцыйных лічбаў.

Вельмі была карыснай дапамога Тамары Чыкуновай, праваабаронцы з Узбекістана, заснавальніцы арганізацыі "Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў". Яна падзялілася сваім досведам і сваёй гісторыяй, як яе сын быў расстраляны. Мы разам з Тамарай Чыкуновай ездзілі да бацькоў Андрэя Жука, які таксама быў расстраляны ў Беларусі.

Першым крокам кампаніі стала створаная петыцыя супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, звернутую да беларускіх уладаў. Да кампаніі пачалі далучацца вядомыя беларускія дзеячы. З ліку першых былі Мечаслаў Грыб, Жанна Літвіна, Уладзімір АрлоўСвятлана Алексіевіч Адам Глобус,Уладзімір ПугачКася КамоцкаяЗміцер Вайцюшкевіч, Зінаіда БандарэнкаТамара Лісіцкая і Кацярына Пытлева.

Падпісаў петыцыю і падтрымаў кампанію праваабаронцаў нават вядомы спявак Стынг.

sting-1.jpg
Спявак Sting падпісвае петыцыю за адмену смяротнага пакарання. Фота напамяць — Алег Гулак, Стынг, Валянцін Стэфановіч, 2010 год

 

Прэзентацыя кампаніі адбылася на VI Асамблеі няўрадавых арганізацыяў ды ініцыятываў у сакавіка 2009 года ў Мінску.

Каб наладзіць зваротную сувязь у абмеркаванні гэтага пытання, праваабаронцы  звярнуліся да ўсіх жадаючых з прапановай выказацца, а менавіта, узяць удзел у конкурсе творчых прац на тэму смяротнага пакарання.

Улетку 2009 года мы атрымалі інфармацыю пра 2 смяротныя прысуды і пачалі шукаць кантакт са сваякамі і іх адвакатамі, каб паспець зарэгістраваць скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека. Гэта маглі зрабіць толькі самі асуджаныя. Вялася актыўная праца са сваякамі і адвакатамі, вялася перапіска з асуджанымі на смяротнае пакаранне. Такога яшчэ ніхто не рабіў і мы былі першапраходцамі.

Мы спадзяваліся, што зарэгістраваныя індывідуальныя скаргі асуджаных да смерці ў Камітэт ААН па правах чалавека, прыпыняць выкананне прысудаў хаця б да разгляду і мы атрымаем магчымасць камунікацыі з дзяржавай на гэты конт. У адпаведнасці з працэдурнымі правіламі, КПЧ звярнуўся з просьбай да дзяржавы не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд у дачыненні да асуджаных, пакуль скарга не будзе разгледжаная па сутнасці. Аднак у парушэнне ўзятых дзяржавай абавязальніцтваў, абодва прысуды былі прыведзены ў выкананне ў сакавіку 2010 году.  Гэта быў нечаканы ўдар. Гэткі жорсткі адказ праваабаронцам і грамадскасці, што толькі дзяржава вырашае, калі выконваць смяротны прысуд. Выглядала на гульню дзяржавы з чужым жыццём, паказваючы гэтым сваё стаўленне да чалавечага жыцця і міжнародных дамоваў.  

Мы ў знак пратэсту выйшлі да адміністрацыі прэзідэнта з расцяжкай, але былі затрыманыя і дастаўленыя на Акрэсціна да суду. Мы зразумелі, што правілы, якія павінны былі б спрацаваць у дэмакратычна-прававой дзяржаве, не спрацавалі.

Суд за акцыю супраць смяротнага пакарання. Сакавік 2010г.
Удзельнікі акцыі за адмену смяротнага пакарання каля Адміністрацыі прэзідэнта Ірына Тоўсцік і Валянцін Стэфановіч, 2010 год

 

Складана было ўсведамляць, што зробленая праца не спыніла выкананне прысудаў. Складана было прыняць гэты факт, размаўляць са сваякамі, складана было прасіць іх працягваць працу з праваабаронцамі, выступаць з заявамі перад журналістамі незалежных мас-медыя. Але мы ведалі, што гэта не простае пытанне. І на сёння праца працягваецца, каб спыніць гэтыя крывавыя жорны.

Старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі: Як бы не супраціўляліся беларускія ўлады, але думкі ў грамадстве мяняюцца да лепшага”

 “Вясна” ўвесь час звяртала ўвагу на гэтую тэму. У дзевяностых гадах  суды вельмі часта выносілі смяротныя прысуды, і, адпаведна, расстрэльвалі шмат людзей. Было такое, што асуджанныя да смяротнага пакарання перадавалі нам інфармацыю пра катаванні і жорсткія ўмовы ўтрымання.

Памятаю, гучную справу Мікалуцкага ў 1997 годзе, тады “Вясна-96” толькі пачала сваю дзейнасць. Гэта быў тэракт у адносінах да важнага чыноўніка Магілёўскай вобласці. Траім абвінавачаным па гэтай справе ўжо меркаваўся смяротны прысуд. Да нас звярнуліся сваякі затрыманых хлопцаў па той справе.

“Вясна” тады зрабіла прэс-канферэнцыю, дзякуючы якой гэтая справа стала вядомай для грамадства. Суд мусіў больш уважліва ставіцца да доказнай базы, якая і развалілася падчас судовых разглядаў. Дзеянні абвінавачаных пераквалікафавалі, і пагроза смяротнага пакарання для іх адступіла.

Мы кантактавалі таксама з Мечыславам Грыбам. Ён шмат чаго распавядаў пра справу Міхасевіча (справа серыйнага маньяка ў Беларусі ў 80-я гады), якой ён непасрэдна займаўся. Некалькі чалавек па гэтай справе былі асуджаныя несправядліва, а адзін чалавек быў увогуле расстраляны за тое, чаго ён не рабіў. На падставе гэтага мы зразумелі, што тэма смяротнага пакарання патрабавала больш грунтоўнага і ўважлівага вывучэння.

Пэўны час мы не ведалі, як падступіцца да гэтай тэмы, бо любая інфармацыя па гэтым пытанні ўладамі хавалася.

І ўжо падчас кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” мы зразумелі, што мы не дарэмна пачалі займацца гэтай праблемай больш уважліва. У нас паўсплывалі новыя пытанні і выклікі. Мы зразумелі, што за расстрэламі смяротнікаў стаяць не проста сухія лічбы статыстыкі, а рэальныя людскія лёсы. Чым больш мы даведваліся пра механізм выканання смяротных прысудаў, пра ўмовы ўтрымання асуджанных да смяротнага пакарання, тым больш мы разумелі, што тэма не мае нічога агульнага з справядлівым правасуддзем.

listy_deputatam.jpg
Праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Андрэй Палуда разам з валанцёрамі перадаюць на пошту звароты да дэпутатаў, 2016

 

Хаця на пачатку кампаніі не абыйшлося і без крытычных галасоў з боку грамадзянскай супольнасці Беларусі. Гучалі галасы вядомых палітыкаў, што гэта тэма неактуальная, і трэба больш увагі надаваць абароне грамадска-палітычных правоў, якія ў нас парушаюцца ў вялізарных аб’ёмах.

У распачынанні гэтай кампаніі быў і міжнародны чыннік. Ён дастаткова важны для іміджу Беларусі.

У нас былі кантакты з Радай Еўропы. Мы ведалі, што адзін з крытэрыяў прыняцця краіны ў гэтую міжнародную арганізацыю з’яўляецца мараторый на смяротнае пакаранне ці яе адмена. Як вядома, гісторыя адносінаў беларускіх уладаў з Радай Еўропы былі вельмі непростыя. Мы хацелі, каб стандарты ў галіне правоў чалавека, якія распаўсюджваюцца на краіны-сябры арганізацыі, таксама распаўсюджваліся і на Беларусь.

Адной з самых вялікіх праблемаў, з якой мы сутыкнуліся падчас працы ў кампаніі, — гэта неабазнанасць беларускага грамадства пра тэму смяротнага пакарання. Таму любая інфармацыя, якую мы здабываем, актыўна абмяркоўваецца. Чым больш грамадства даведваецца пра гэтую праблему ў Беларусі, тым больш грамадская думка схіляецца да гуманных стандартаў правоў чалавека.

Кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” ўжо дзесяць гадоў, але дагэтуль у Беларусі выносяцца і выконваюцца смяротныя прысуды. Тэма смяротнага пакарання ў Беларусі пасля рэферэндуму 1996 году стала цалкам палітычным пытаннем. Калі прааналізаваць за гэты час  розныя выказванні высокіх чыноўнікаў, то ўбачым, што яны як мінімум гатовыя да мараторыю. Бо занадта шмат краіна губляе, маючы смяротнае пакаранне. Зусім нядаўна, у лістападзе 2018 году, вядомы беларускі бізнесмен Віктар Пракапеня прывёў яшчэ адзін аргумент супраць смяротнага пакарання:

“Да прыкладу, адмяніце смяротнае пакаранне — і краіна заплоціць на некалькі працэнтных пунктаў меньш. Значыць, 200 міліёнаў даляраў нам каштуе расстраляць пяць чалавек… Трэба разумець не толькі добра гэта ці дрэнна, але і колькі гэта каштуе. Палічыце, і стане зразумелым, што ўвесці мараторый на выкананне смяротнага пакарання -- вельмі разумна”.

Але пры надзвычай цэнтралізаванай уладзе ў Беларусі ўсе падобныя пытанні вырашае адзін чалавек, Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт лічыць, што смяротнае пакаранне з’яўляецца адным з неад’емных сімвалаў прэзідэнцкай улады Беларусі.

Пры гэтым мы бачым, што адносіны грамадства мяняюцца, сітуацыя ў Беларусі саспявае да адмены смяротнага пакарання. З кожным годам смяротнае пакаранне становіцца ўсё большай праблемай для беларускай улады. Гэта і пастаянны ціск міжнароднай супольнасці, і праблемы з міжнародным іміджам беларускіх уладаў, і пэўныя эканамічныя праблемы.

Інфармацыйная акцыя актывістаў кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” ў Менску 10 кастрычніка 2016 года
Інфармацыйная акцыя актывістаў кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” ў Менску 10 кастрычніка 2016 года

 

Так склалася, што ў Беларусі мы маем парадаксальную сітуацыю, калі палітычныя перакананні і аргументы пераважаюць над гуманнымі аргументамі і аргументамі сэнсу.

Увогуле чым ніжэйшая адукацыя, і чым старэйшы ўзрост людзей, тым больш яны схіляюцца за жорсткія меры пакарання.

Часта для людзей, якія нарадзіліся пры Сталіне, калі жыццё чалавека каштавала вельмі мала, смяротнае пакаранне — гэта нармальна. Для іх і зараз жыццё чалавека не з’яўляецца каштоўнасцю.

Але новыя пакаленні беларусаў думаюць ужо па-іншаму. Для іх прынцыпы абсалютнай жорсткасці па розных прычынах: па маральных, рэлігійных, па цівілізацыйных, становяцца непрыймальнымі. Мы адчуваем гуманны подых Еўропы, які дзьме на Беларусь. Як бы не супраціўляліся беларускія ўлады, але думкі ў грамадстве мяняюцца да лепшага.

Паліна Сцепаненка, актывістка кампаніі: “Намі рухае разуменне таго, што мы імкнемся паменшыць колькасць зла ў свеце, які і без таго вельмі жорсткі”

На тэму смяротнага пакарання я думаю даўно. Здаецца, з дзяцінства. Мая бабуля напрыканцы лета 1943 года трапіла за сувязь з партызанамі ў турму ў Гомелі, адкуль людзей выводзілі на расстрэл. Там была руская дыверсантка-парашутыстка, якая ўвесць час маўчала -  і яе хутка расстралялі. Мая цяжарная бабуля прабыла ў гэтай камеры тры месяцы. У лістападзе 1943 Гомель быў вызвалены, турму адчынілі і вязні выйшлі на волю. Выйшла на волю і бабуля, у красавіку нарадзілася мая маці. Тым не менш, я з жахам разглядала пасляваенныя фоты з павешаннем ваенных злачынцаў.

Памятаю, як у 1991 годзе газета “Наша Ніва” праводзіла апытанне “За”ці “Супраць” смяротнага пакарання. Я тады катэгарычна выказася супраць смяротнага пакараня.

Восенню 1998 году ў Праваабарончы цэнтр “Вясна”, які тады яшчэ меў назву “Вясна-96”, звярнулася маціІвана Фаміна, асуджанага да смяротнага пакарання. Яна прынесла лісты напісаныя ў камеры смяротнікаў. У лісце асуджаны да смяротнага пакарання пісаў пра тое, што быў асуджаны за жорсткае забойства таксіста, якога на самой справе не здзяйсняў. Ён таксама даволі падрабязна апісваў умовы ўтрымання ў камеры смяротнікаў: „Тут натуральнае пекла… Б’юць літаральна за ўсё… Б’юць за тое, что пішаш заявы ў  медчастку і каб прыйшоў святар для споведзі. І б’юць яшчэ проста так, калі ў іх няма настрою”.

sm1.jpg
Ліст з камеры смяротнікаў перададзены сваякамі Фаміна праваабаронцам у 1998 годзе

 

Маці Івана Фаміна сцвярджала, што ўзяць чужую віну на сябе яе сына пераканалі крымінальнікі, якія пагражалі ў адваротным выпадку забіць яго маці і сястру. У 1998 годзе па справе Івана Фаміна быў накіраваны зварот  ў Камітэт па правах чалавека ААН. Камітэт пачаў разгляд звароту і праінфармаваў МЗС Беларусі пра тое, што справа будзе разглядацца на міжнародным узроўні. Па працэдурных правілах дзяржава не павінна прыводзіць у выкананне смяротны прысуд да разгляду звароту па сутнасці ў ААН. Нягледзячы на гэта, Іван Фамін быў расстраляны. Гісторыя Івана Фаміна атрымала працяг у 2012 годзе падчас працы над фільмам “Убыл по приговору”, калі актывісты кампаніі “Праваабароцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” паехалі ў Берлін да Алега Алкаева, які ў 1996-2001 гадах быў начальнікам СІЗА № 1 Мінска. Актывісты кампаніі ўзялі з сабой лісты, якія пісаў Іван Фамін з камеры смяротнікаў. Алег Алкаеў сказаў, што добра памятае яго. Ён пацвердзіў, што Іван быў расстраляны за забойства, якое здзейснілі іншыя людзі.І “ўсе ведалі”, што ён узяў на сябе чужу віну і агаварыў сябе падчас следства і суда. І хоць “усе ведалі”, Іван Фамін быў расстраляны. Алег Алкаеў падкрэсліў, што расстрэльная каманда – выконвае рашэнне суда, кат не вырашае – каму жыць, а каму памерці, рашэнні прымаюцца на іншым узроўні.

m120.jpg
Падчас здымкаў дакументальнага фільму “Убыл по приговору”: Паліна Сцепаненка, Андрэй Палуда, Алег Алкаеў. Берлін, красавік 2012 года

 

Нядаўна размаўляла з прадстаўніком заканадаўчаў улады у Беларусі, ён ўпэўнены, што  наяўнасць смяротнага пакарання садзейнічае раўнавазе ў грамадстве і справядлівасці. Так лічыць большасць прыхільнікаў смяротнага пакарання, якія ў штодзённым жыцці мала задумываюцца пра тое, як гэта “справядлівасць” выглядае на самай справе. І што стаіць за “раўнавагай”.

Падчас кампаніі шмат даводзілася сутыкацца са стэрэатыпам  “у нас расстрэльваюць толькі маньякаў, вычварэнцаў-педафілаў – і туды ім і дарога!” Але смяротнае пакаранне, якое захоўваецца ў Беларусі, можа быць выкарыстана не толькі супраць крымінальных злачынцаў, але і ў адносінах да палітычных апанентаў. Злачынствы камунізму не былі асуджаны ў Беларусі, і сучасная ўлада шмат у чым адчувае сябе спадкаемніцай той улады, якая здзяйсняла масавыя расстрэлы нязгодных. Былы міністр унутраных справаў Беларусі, Юры Захаранка, які сам стаў ахвярай выкрадання і, магчыма, па-за судовага пакарання перад сваёй адстаўкай думаў пра адмену смяротнага пакарання ў Беларусі. Гэта стала вядома з яго інтэрв’ю, якое ён даў незадоўга перад знікненнем карэспандэнтам газеты “Свабода” Алесю Дашчынскаму. Ён гаворыць па неэфектыўнасць смяротнага пакарання:

“Я ўпэўнены, што нам неабходна ліквідаваць інстытут пазбаўлення чалавека жыцця. Смяротная кара не ў стане спыніць злачыннасць. Псіхіятары-крыміналісты, якія вывучалі гэтае пытанне, прыйшлі да высновы, што ніводзін з асуджаных перад забойствам не думаў пра магчымасць расплаты смяротнай карай. Пасля адмены вышэйшай меры ў краіне не расце колькасць цяжкіх злачынстваў. Здавалася бы, танней расстраляць чалавека ды закапаць. Але такім чынам грамадства закопвае сябе. Нам неабходна павярнуцца да гуманізму і чалавечнасці”. (Газета “Свабода”, 17 лютага 1998 года) 

Фармальнасці правасуддзя з’яўяюцца толькі шырмай, якая прыкрывае гвалт, прыкрывае дэспатызм дзяржаўнай улады. Ён параўноўвае ахвяры смяротнага пакарання з ахвярамі, якія ў старажытнасці прыносілі старажытным жорсткім багам.

m170.jpg
Паліна Сцепаненка і Андрэй Палуда з формай смяротніка, якую перадала праваабаронцам Вольга Грунова

 

Тэма смяротнага пакарання -– складаная тэма, і працаваць з ёй эмацыйна цяжка. Каб не адбывалася выгарання трэба сустракацца з псіхатэрапеўтам. І мець магчымасць адпачынку. Бо з сапраўдным выгараннем можна сутыкнуцца толькі аднойчы – раз і назаўсёды -– і тады ўжо трэба мянць сферу дзейнасці. Прагарэлае не падпаліш. Вельмі важна атрымліваць падтрымку блізкіх людзей і калег. І, галоўнае, каб не было абясцэньвання працы ад блізкага кола. Негледзячы на тое, што кампаніі ўжо дзесяць год. мы рашуча рухаемся далей. Намі рухае разуменне таго, што мы імкнемся паменшыць колькасць зла ў свеце, які і без таго вельмі жорсткі.

Падпісаць петыцыю з просьбай адмяніць смяротнае пакаранне ў Беларусі

 

https://dp.spring96.org/be/news/91910

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты