Навіны

Лісты „шчасця” знаходзяць і тых, хто з’ехаў за мяжу

Непрацуючыя ўладальнікі жылля ў Бярозе з сярэдзіны студзеня пачалі атрымліваць так званыя лісты “шчасця” з раённага выканаўчага камітэта.  У лістах патрабуецца доказ таго, што беспрацоўны мае апраўданне, каб не лічыцца дармаедам і не плаціць 100% за камунальныя паслугі з 1-га лютага. Не мінавалі такія лісты і тых, хто жыве за мяжой, але мае тут нерухомасць, кажа бярозаўчанка Ірына:

– Калі я неяк не дакажу, што працую ці вучуся за мяжой, то буду абавязана плаціць 100% за камунальныя паслугі. Гэта даволі шмот, бо кватэра вялікая. Таму зараз давядзецца  даказваць, што я раблю за мяжой і чаму я з’яўляюся дармаедкай у Беларусі. Я выйшла замуж і прыехала з мужам, каб пазнаёміць яго з Беларуссю. І вось так мяне парадавала мая Радзіма!

Па словах Ірыны, муж-еўрапеец да канца так і не зразумеў, як можа дзяржава патрабаваць з непрацуючага 100 % платы за кватэру ці нейкі падатак. У яго дзяржаве беспрацоўным плацяць шчодрую дапамогу, каб чалавек нармальна жыў, пакуль шукае працу.

Паводле сябры Праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржука Русецкага, абноўлены дэкрэт №3 парушае правы чалавека. З кожным канкрэтным выпадкам трэба разбірацца. Галоўнае не прапусціць 30-дзённы тэрмін з дня атрымання ліста для абскарджвання.

Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/listy-shchastsya-znakhodzyats-i-tykh-khto-zekh/

24.01.2019
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

праваабарончыя сайты