Навіны

Ад калгасаў да Зімбабве

Сустрэў на днях старога слонімца. Ішоў задуменны, маўклівы. І тут раптам на вочы трапіў я. Павіталіся. Першым пачаў гутарку зямляк: “Ці чытаў, ці бачыў прыезд у Менск прэзідэнта Зімбабве?”. “Бачыў, -- кажу, -- чытаў. А што такое?”. “І чаго яго сюды прыгнала з той Афрыкі? Чаго ён тут хоча? У яго ж там шмат алмазаў, хай капаў бы і прадаваў бы, дык багатымі была б краіна і людзі. Я памятаю, як пісалі газеты ў 2009 годзе, калі ў тым Зімбабве інфляцыя складала 321 мільён працэнтаў у год. Страшна нават уявіць. Наміналы купюр даходзілі да ста трыльёнаў зімбабвійскіх даляраў. У нас былі мільёны, а ў іх – трыльёны!.. Во, якія ў нас і там кіраўнікі!.. У іх у краіне, як у нас у калгасах. Амаль усе поўнасцю разваліліся, запазычанасці мільённыя, а можа, як у тым Зімбабве, і намнога больш… А колькі ў гэтыя сельгасгаспадаркі грошай укладзена. Дзе тыя грошы, куды яны пайшлі? Невядома…”, -- уздыхнуў стары слонімец, паціснуў мне руку і задуменны рушыў далей па сваіх справах.

Калі ён пайшоў, я падумаў, а чаго гэта чалавек так захваляваўся пра нашы сельгаспрадпрыемствы. Ён жа жыве ў горадзе, даўно на пенсіі. Навошта яму тыя калгасы? Усё ёсць крамах, былі б толькі грошы. Ды не, чалавека хвалюе лёс нашых сельгаспрадпрыемстваў. Магчыма стары слонімец ведае, што па стане на 1 студзеня 2019 года ў працэдурах эканамічнага банкруцтва сёння налічваецца ў Беларусі 201 прадпрыемства, сярод іх – 9 слонімскіх. 6 з 9 трапляюць яшчэ пад санацыі, гэта значыць іх пакуль паспрабуюць “лячыць”. У асноўным гэта сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, некалі вельмі багатыя савецкія калгасы і саўгасы Слонімшчыны. Нават Слонімская птушкафабрыка трапіла пад санацыі. Але цалкам збанкрутаваліся міжгаспадарчая механізаваная калона-164, камбінат бытавога абслугоўвання, а таксама футбольны клуб “Слонім”. І такая хваля банкруцтва па ўсёй Беларусі. Гэта ж колькі яны маглі б пералічваць падаткаў у бюджэт краіны, ды і людзі мелі б працу.

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка паабяцаў прэзідэнту Зімбабве “апрануць і накарміць людзей”, бо там узнікла вялікая праблема. А ў нас такой праблемы, дзякаваць Богу, яшчэ няма. Але сёння ў нас 201 прадпрыемства банкруты. А з кожным годам іх становіцца больш і больш. 25 гадоў таму ўсе яны працавалі, працавалі добра, людзі мелі нядрэнны заробак. Чаму сёння сярод шматлікіх беларускіх прадпрыемствам пасялілася сваё “зімбабве”? Ці можа гэта “зімбабве” – нейкі вірус, які прывезлі з Афрыкі? І гэты вірус знішчае нашы прадпрыемствы, як ты іх не падсілкоўвай. Асабліва сельскагаспадарчыя. Напрыклад, маёмасць даўжніка сельскагаспадарчага прадпрыемства “Дружба-Агра” Слонімскага раёна сёння  складае –  21,201,000.00 рублёў. А калі ўзяць усе беларускія прадпрыемствы-банкруты ці прадпрыемствы, якія хутка стануць на шлях банкруцтва, то гэта будуць, як у Зімбабве, трыльёны.

Сяргей Чыгрын   

21.01.2019

Архіў

Кастрычнік 2019
123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031

Відэа

праваабарончыя сайты