Навіны

Праваабаронца: Кіраўніцтва светлагорскіх заводаў здзяйсняе экалагічнае злачынства

Светлагорскія экалагічныя актывісты і актывісткі працягваюць змагацца за навакольнае асяроддзе з цэлюлоза-кардонным камбінатам (СЦКК) і заводам беленай цэлюлозы (ЗБЦ). Пасля таго, як напрыканцы мінулага года з’ехалі кітайскія партнёры, якія будавалі гэты завод і спрабавалі запусціць яго, беларускія спецыялісты спрабуюць правесці пуска-наладкавыя работы самастойна. Вынік гэтых спроб светлагорцы і жыхары Якімавай Слабады адчуваюць на сабе перыядычна. З пачатку года ўжо некалькі разоў накрывала горад і вёску моцным смуродам.

Завод беленай цэлюлозы

“Калі нашыя актывісты звярнуліся са скаргамі да кіраўніцтва СЦКК, то там толькі выбачыліся за створаныя нязручнасці, бо ў іх здарылася аварыя. Пабудавалі новы завод, які яшчэ і не працаваў на поўную магутнасць, а там ужо аварыя за аварыяй. Абсталяванне не налажваецца, выпуску прадукцыі патрэбнай якасці няма і, відаць, не будзе, бо там пастаянна што-небудзь ламаецца”, — каментуе сітуацыю светлагорская праваабаронца “Вясны” Алена Маслюкова.

Чарговы інцыдэнт на заводзе беленай цэлюлозы здарыўся ў суботу 19 студзеня. Светлагорскія грамадскія актывісты ў прамежак часу паміж 13:30 і 14:10 зафіксавалі моцны зліў бруднай вадкасці цёмна-карычневага колеру з пенай па ліўнёвай каналізацыйнай трубе з тэрыторыі завода ў Бярэзіну. Пры гэтым адчуваўся характэрны смурод.

Зліў бруднай вадкасці цёмна-карычневага колеру з заводу

“Мы адразу ж выклікалі на месца здарэння спецыялістаў Светлагорскага раённага адзялення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (РАНС). Пасля патэлефанавалі ў РАУС, дзе нам параілі звярнуцца ў РАНС. Мы патрабавалі, каб яны зафіксавалі факт відавочнага парушэння прыродаахоўнага заканадаўства. Яны зарэгістравалі скаргу, а пазней узялі з мяне тлумачэнні. Мы спрабавалі датэлефанавацца да пракуратуры, але там ніхто не адказаў”, — расказвае Алена Маслюкова.

Супрацоўнікі РАНС, якія прыехалі на месца здарэння, зрабілі відэаздымку і паведамілі нам, што іх дзяжурны спрабуе датэлефанавацца да розных інстанцый: да галоўнага ўрача СЗЦГіЭ, кіраўніцы Светлагорскай раённай экалагічнай інспекцыі, старшыні Светлагорскага раённага выканаўчага камітэта. Пра тое, што адбываецца на завода было паведамлена таксама яго кіраўніцтву — намесніку дырэктара завода Камандзірчыку.

“Відавочна, што кіраўніцтва заводаў здзяйсняе экалагічнае злачынства. Па сутнасці, сваёй гаспадарчай дзейнасцю яны наносяць шкоду навакольнаму асяроддзю і парушаюць правы людзей на жыццё ў спрыяльных умовах", — дадае Алена Маслюкова.

 

http://spring96.org/be/news/91866

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты