Навіны

Весткі ад палітвязня Жамчужнага: усё, як звычайна - штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу

Заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны.

Заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны.

Палітвязень Міхаіл Жамчужны працягвае атрымліваць спагнанні ў калоніі №9 Горкі ў выглядзе змяшчэнне ў штрафны ізалятар або памяшканне камернага тыпу. Як стала вядома праваабаронцам “Вясны”, за перыяд з сярэдзіны кастрычніка мінулага года па студзень гэтага, Жамчужны правёў у ШІЗА трыццаць пяць сутак і 1 месяц у ПКТ.

Па ранейшых падліках самога палітвязня, за каляндарны год, з 1 кастрычніка 2017 года па кастрычнік 2018-га, ён адбыў у ШІЗА 270 сутак. Як бачна, гэтая практыка працягваецца і зараз.

Большасць спагнанняў былі накладзеныя на Міхаіла Жамчужнага за за адмову пайсці ў атрад пасля ШІЗА. Палітвязень такім чынам засцерагаецца ад правакацый у дачыненні да яго, якія б маглі панізіць  сацыяльны статус сярод зняволеных. Ад усяго спецкантынгента ён цяпер ізаляваны цалкам, і нават калі яго пераводзяць з аднаго памяшкання ў іншае, у выпадку знаходжання зняволеных – усіх іх заводзяць у карпусы.

Міхаіл Жамчужны перадае на волю, што нягледзячы на цяжкія ўмовы знаходжання ў ШІЗА, са здароўем у яго усё ў парадку, самаадчуванне бадзёрае. Начальнік папраўчай калоніі часта цікавіцца станам яго зроку, а сам Жамчужны адзначае, што бачыць ён стаў прыкметна лепш. Часта праходзіць медычныя агляды і заўваг пакуль няма.

За месяц знаходжання у ПКТ Жамчужны атрымаў усе лісты і газеты, паспеў адказаць на шматлікую карэспандэнцыю (у ШІЗА лісты не перадаюць. Прым. Рэд). А вось знаходзячыся ў ШІЗА яму вельмі рэдка дазваляюць пагаліцца, няма магчымасці пастрыгчы пазногці, забараняюць сціраць адзежу. І гэта выклікае розныя нязручнасці.

У цяперашні час Міхаіл Жамчужны працягвае рыхтаваць скаргі ў суд на ранейшыя спагнанні, спадзяецца, што некалі суд прыме і ягоны бок, паколькі для вынясення некаторых спагнанняў (напрыклад за сакавік 2018 года) падстаў не было.


Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

Чытаць па тэме: Міхаіл Жамчужны: "Што б са мной ні адбывалася, я вешацца не буду"

 

http://spring96.org/be/news/91864

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты