Навіны

Сумныя весткі з Польшчы

Студзень 2019 года для беларусаў пачаўся вельмі сумна. І гэтыя сумныя весткі да нас прыйшлі з суседняй Польшчы. 2 студзеня не стала найвыдатнейшага беларускага гісторыка з Варшавы Юры Туронка, з якім я шмат гадоў сябраваў і ліставаўся. Я абавязкова яшчэ напішу пра гэтага шчырага чалавека, які шмат ведаў і многа зрабіў для нашай гістарычнай навукі. Мне заўсёды было з ім пра што гутарыць. А гутарылі мы найперш пра беларусаў у Варшаве, якія там жылі, вучыліся і працавалі ў міжваенны час і на пачатку ХХ стагоддзя. Мяне цікавіла асоба Гальяша Леўчыка, і Юры Туронак шмат новага пра яго мне распавядаў, ды і сам ён некалі напісаў добры артыкул пра гэтага беларускага паэта, калекцыянера, мастака і музыканта, які загінуў у Варшаве ў 1944 годзе. І апублікаваў гэты матэрыял у беластоцкім “Беларускім календары”.

З Юры Туронкам бясконца можна было гутарыць пра Беларусь пад нямецкай акупацыяй, пра Вацлава Іваноўскага, пра Саюз беларускай моладзі (СБМ). Асабліва мы шмат з ім спрачаліся, хто найбольш ведае пра СБМ, які знаходзіўся ў Альбярціне каля Слоніма ў гады вайны. Ён напісаў і выдаў добрае даследаванне пра Саюз беларускай моладзі. Я яму дапамог знайсці фота і біяграфічныя звесткі пра Ядзю Сарачынскую, лёс якую пасля вайны закінуў ажно ў Аўстралію. Здымак і звесткі ўвайшлі ў яго кнігу. А колькі ён мне падказаў, напісаў, падараваў – немагчыма пералічыць. Мы з вялікім захапленнем гутарылі пра усходнюю місію айцоў езуітаў у Альбярціне ў 1924-1943 гадах. Гэту тэму Юры Туронак ведаў дасканала і распавядаў, распавядаў вельмі цікава і доўга. І слухаць яго можна было суткамі, ён не расказваў, а смакаваў кожную тэму і лёсы беларусаў.

Не стала Юры Туронка. І, здаецца, апусцела Польшча без яго, без ягонай усмешкі і ведаў. Дзякуй вам, спадар Юры, што вы былі, што шмат навучылі мяне, як шукаць гістарычныя матэрыялы, як іх апрацоўваць, збіраць, захоўваць.

Услед за Юры Туронкам з Польшчы зноў прыйшла сумная вестка – трагічна загінуў прэзідэнт Гданьска Павел Адамовіч. І загінуў ён ад маньяка, які напаў на яго з нажом.

Павел Адамовіч па нацыянальнасці быў беларусам. Ён шмат разоў пабываў на радзіме сваіх дзядоў і прадзедаў. Яго бабуля паходзіла са Смаргоні, а бацька быў родам з Вільні. Прэзідэнт Гданьска заўсёды прыхільна ставіўся да беларусаў, спрыяў беларускай мове, запрашаў беларусаў на працу ў Гданьск. Яму было толькі 53 гады.

Дзве сумныя весткі з суседняй Польшчы, дзе пакінулі гэты свет людзі, якіх мы ведалі, любілі, паважалі – Юры Туронак і Павел Адамовіч. Адзін наш вялікі гісторык, другі – палітык. Іх не стала ў першай палове студзеня новага года. Дваіх за два тыдні 2019-га. Ці не замнога, сябры?..

Сяргей Чыгрын

  

14.01.2019

Архіў

Кастрычнік 2019
123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031

Відэа

праваабарончыя сайты