Навіны

80 гадоў з дня нараджэння Івана Нікітчанкі

Беларускі навуковец і грамадска-палітычны дзеяч Іван Нікітчанка нарадзіўся 10 студзеня 1939 года ў вёсцы Гарыцы Пагарскага раёну Бранскай вобласці. З паходжання быў нашчадкам запарожскіх казакоў. Вядомы як актыўны ўдзельнік беларускай дэмакратычнай апазіцыі і навуковец у галіне селекцыі жывёл.

Іван Нікітчанка ў 1960 г. скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут. З 1968 г. працаваў навуковым супрацоўнікам, загадчыкам сектару, кіраўніком селекцыйнага цэнтру Беларускага навукова-даследчага інстытуту жывёлагадоўлі. Доктар сельскагаспадарчых навук (1979 г.), прафесар (1981). Лаўрэат дзяржаўнай прэміі СССР (1982 г.), з 1986-га – намеснік старшыні Дзяржаграпраму БССР, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 1991 года – генеральны дырэктар НДІ “Агранавука”. З 1993-га – віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага цэнтру стратэгічных даследаванняў. У 1985 годзе абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР.

Быў сябрам партыі БНФ. У першай палове 1990-ых гадоў уваходзіў у склад ценевага кабінету апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце XII склікання. Значны час узначальваў аргкамітэты правядзення шэсця дэмакратычнай супольнасці “Чарнобыльскі шлях”. Актыўна крытыкаваў планы пабудовы ў Беларусі атамнай электрастанцыі. У адным  інтэрв’ю 2007 года Іван Нікітчанка сказаў: “Да ідэі будаўніцтва АЭС у Беларусі я стаўлюся вельмі адмоўна. Бо тыя 20 адсоткаў энергіі, што збіраюцца атрымаць праз яе будаўніцтва, можна атрымаць іншым шляхам. Найперш, праз мадэрнізацыю тэхналогіяў. У адным толькі аграрным сектары мы можам значна больш зэканоміць энергіі, чым дасць АЭС. І такая мадэрнізацыя вывела б нашу сельскую гаспадарку на патрэбны ровень і зрабіла б яе канкурэнтаздольнай”.

Нікітчанка як навуковец даследаваў генетыка-матэматычныя метады аналізу селекцыйнай працы і аўтаматызаваных сістэмаў кіравання ў племянной жывёлагадоўлі. Распрацаваў прагнозныя індэксы абмену рэчываў, метады прагназавання прадуктыўнасці і генетычнай схільнасці жывёл да захворванняў і стрэсаў. Напісаў больш за 280 навуковых працаў, у тым ліку 6 манаграфіяў, зрабіў 5 вынаходніцтваў. Але ў найноўшую гісторыю Беларусі даследчык увайшоў, найперш, як адзін са стваральнікаў айчыннай постчарнобыльскай навукі і нязломны абаронца людзей, пацярпелых ад Чарнобыля. Праз 23 гады пасля Чарнобыля сцвярджаў, што сітуацыя з радыеактыўным забруджаннем у Беларусі горшая, чым у 1986 годзе, бо ўлады ўтойваюць рэальную карціну наступстваў катастрофы ў краіне. Выступаў за адмену дзеючых нарматываў утрымання радыенуклідаў у прадуктах харчавання і прызнанне таго, што радыяцыя небяспечная ў любой дозе. Лічыў, што грамадскасць павінна дабіцца стварэння сістэмы радыяцыйнай абароны насельніцтва. Прыйшоў да высновы, што для атрымання чыстых прадуктаў у межах кожнага сельгаспрадпрыемства неабходна мець чатыры малыя вытворчасці — па агратэхабслугоўванні, выпечцы хлебабулачных вырабаў, перапрацоўцы плодаагародніннай і жывёлагадоўчай прадукцыі.

У час прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2019 г. Нікітчанка ўвайшоў у лік давераных асобаў кандыдата ў прэзідэнты ад партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Віталя Рымашэўскага. 19 лістапада 2010 года Нікітчанка на сваёй машыне сутыкнуўся з грузавіком “ЗІЛ”, які належаў рамонтна-будаўнічаму трэсту Управы справамі прэзідэнта Беларусі. Навукоўца даставілі ў шпіталь гораду Маладэчна, дзе ён памёр у ноч на 20 лістапада. Пахаваны Іван Нікітчанка на Паўночных могілках Мінску.

 

10.01.2019

Відэа

праваабарончыя сайты