Навіны

Алесь Дзергачоў патрабуе аднавіць права на мірныя сходы

Смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў звярнуўся ў  мясцовы райвыканкам з патрабаваннем адмяніць рашэнне ад 25.11.2011 №1046 “Аб вызначэнні месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў”. На думку заяўніка, дадзены акт мясцовага заканадаўства абмяжоўвае права грамадзян на мірныя сходы і носіць дыскрымінацыйны характар.

У прыватнаці, вызначэнне рашэннем у якасці сталых месцаў для правядзення мерарыемстваў дэндрасаду па вуліцы Савецкай і сквера па вуліцы Сініцкага ў Смаргоні абмяжоўвае права на мірныя сходы і права на свабоднае выказванне свайго меркавання, што ўключае ў сябе свабоду распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі. Распаўсюдзіць інфармацыю і ідэі у дадзеных месцах немагчыма з-за іх бязлюднасці.

Поўную ж забарону рашэннем  праводзіць масавыя мерапрыемствы ў парку культуры і адпачынку, плошчы Леніна, вуліцы Леніна і вуліцы Савецкая ў межах ад вуліцы Кутузава да вуліцы Чырвонармейскай усім, акрамя органаў улады, Алесь Дзергачоў лічыць дыскрымінацыяй усяго грамадства з выкарыстанем уладных паўнамоцтваў.
Сваю пазіцыю заяўнік абгрунтаваў міжнародным і ўнутрыдзяржаўным заканадаўствам.

Важкім аргументам сваёй пазіцыі ён лічыць і той факт, што падчас мінулай выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы кандыдатам у дэпутаты было дазволена праводзіць масавыя мерапрыемствы практычна  ў любых прыдатных месцах. І гэта не прыводзіла да парушэння грамадскага парадку, не ўздзейнічала адмоўна на маральнасць і здароўе насельніцтва. 

 

03.01.2019

Відэа

праваабарончыя сайты