Навіны

75 гадоў з дня нараджэння Міхася Раманюка

Беларускі мастацтвазнавец і этнограф Міхась Раманюк нарадзіўся 3 студзеня 1944 году ў вёсцы Кавалі Брагінскага раёну Гомельскай вобласці. Дзяцінства яго прайшло ў вёсцы Старынкі Койданаўскага раёну, што недалёка ад Мінску. Раманюк амаль чвэрць стагоддзя выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў. Заснаваў часопіс “Мастацтва Беларусі” і стаў ягоным першым галоўным рэдактарам. Стварыў сцэнічныя строі для Дзяржаўнага народнага хору і Дзяржаўнага ансамблю танцу Беларусі. За ўласныя грошы правёў дзясяткі этнаграфічных экспедыцыяў, плёнам якіх сталі больш за 130 рэканструкцыяў традыцыйных строяў беларусаў. Збор і архіў Міхася Раманюка налічвае звыш за 100 тысяч адзінак унікальнага этнаграфічнага матэрыялу, сабранага ўласнымі рукамі; падарожныя дзённікі складаюць дзясяткі тамоў.

Важная частка шматгадовай творчай дзейнасці Міхася Раманюка – шматлікія артыкулы і ілюстрацыі ў энцыклапедыях: “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”, “Энцыклапедыя Літаратуры і Мастацтва Беларусі”, “Этнаграфія Беларусі”… У 1981 годзе ён выдаў альбом “Беларускае народнае адзеньне”, што складаецца з архіўных фотаздымкаў ды здымкаў, зробленых аўтарам падчас экспедыцыяў 1967-1980 гадоў. Строі вызначаны аўтарам згодна вылучаным этнаграфічным рэгіёнам Беларусі: Заходняе Палесьсе, Усходняе Палесьсе, Прыдняпроўе, Цэнтральная Беларусь, Панямоньне і Наддзьвіньне. Таксама Раманюк падрыхтоўваў да друку адмысловыя паштоўкі і маркі.  

Раманюк стаў сапраўдным правадніком беларускай культуры: ён зрабіў рэгіянаванне адзення, класіфікаваў беларускія крыжы і ўсё, што з імі звязана. Зрабіў мастацка-графічную рэканструкцыю народных строяў, паводле якой сталі працаваць наступнікі.Уражвае проста фантастычны аб’ём сабранага гэтым этнографам, яго адданасць і любоў да беларускага. Вось як характарызуе Міхася Раманюка пісьменнік Уладзімір Арлоў: “На ягоных выставах нацыянальных строяў у Менску мы адкрывалі для сябе душу прадзедаў. Жыхары Парыжу, Ліёну ды іншых еўрапейскіх гарадоў, дзе таксама з вялікім поспехам экспанаваліся гэтыя выставы, адкрывалі для сябе цэлую невядомую краіну...”.

Лёс не быў літасцівым да рупліўца і збіральніка народных скарбаў. Пасля анкалагічнай хваробы ён заўчасна памёр 4 верасня 1997 году ў веку ўсяго 53 гадоў. Справу Міхася Раманюка працягнулі ягоныя вучні, працягвае сын Дзяніс, таленавіты фотамастак і выдавец. Дзякуючы яму ўжо пасля смерці бацькі выйшла фундаментальная праца “Беларускія народныя крыжы”. Сябры і калегі этнографа  казалі пра тое, што гэты ўнікальны альбом яшчэ раз яскрава засведчыў: на будучыні народу, якому служыў Раманюк, крыж ня здолее паставіць ніхто. Выйшла таксама кніжка “Беларускія народныя строі”. Па сведчанні тых, хто добра ведаў Міхася Раманюка, гэта быў вельмі добры, жыццярадасны, упэўнены і вясёлы чалавек. Яго жыццё – выдатны прыклад таго, як чалавек можа служыць сваёй ідэі і як адзін чалавек можа падняць цэлы агромністы пласт культуры і падзяліцца гэтым з іншымі.

 

03.01.2019

Відэа

праваабарончыя сайты