Навіны
Каляндар Гарадзеншчыны на студзень
Каляндар памятных і круглых датаў Гарадзеншчыны на студзень 2019 году
1 студзеня
115 гадоў таму (1904) – У маёнтку Крыкалы (Пастаўскі р-н) нарадзіўся Мечыслаў Багаткевіч, каталіцкі рэлігійны дзеяч. Расстраляны гестапаўцамі, пазьней беатыфікаваны. Вучыўся ў Наваградзкай духоўнай семінарыі.
3 студзеня
330 гадоў таму (1689) – Памёр Юры Юзаф Радзівіл, дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Валодаў Карэлічамі, Смаргоньню.
4 студзеня
290 гадоў таму (1729) – У маёнтку Ясянец (Баранавіцкі р-н) нарадзіўся Яўхім Храптовіч, грамадзка-палітычны, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, магнат, публіцыст, паэт, перакладнік. Меў сядзібу ў Шчорсах.
6 студзеня
105 гадоў таму (1914) – У Віцебску нарадзіўся Тодар Лебяда (сапр. Шырокаў, пам. у пач. 1970 у Разанскай вобл., пахаваны ў пасёлку Воршава Пуцяцінскага р-ну, Расея), беларускі літаратар, дысідэнт, вязень ГУЛАГу. У 1960-61 жыў і працаваў у Слоніме.
7 студзеня
Каляды (Раство Хрыстова) па юльянскім праваслаўным календары.
100 гадоў таму (1919) – Памёр Язэп Фарботка, беларускі каталіцкі сьвятар. Пахаваны ў мястэчку Каменка (Шчучынскі р-н), дзе служыў пробашчам.
8 студзеня
125 гадоў таму (1894) – У г. Здунска Воля (Польшча) нарадзіўся Максіміліян Кольбэ, рымска-каталіцкі дзеяч, Сьвяты каталіцкай царквы. У 1922-27 служыў у Гарадзенскім кляштары францішканцаў.
10 студзеня
15 гадоў таму (2004) – У Паўладары (Казахстан) памёр Алесь Усюкевіч (нар. у лютым 1925 у в. Хадасы, Наваградзкі р-н), беларускі настаўнік, адзін з кіраўнікоў Саюзу Вызваленьня Беларусі ў Наваградку, вязень савецкіх турмаў.
11 студзеня
155 гадоў таму (1864) – У Вільні расстраляны Цітус Далеўскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-64. Нараджэнец фальв. Кункулка (Лідзкі пав.).
12 студзеня
15 гадоў таму (2004) – У Лідзе памёр Аляксей Логвін, адзін з стваральнікаў моладзевай падпольнай антысталінскай арганізацыі, вязень ГУЛАГу. Нараджэнец в. Збляны (Лідзкі р-н).
14 студзеня
125 гадоў таму (1894) – У мяст. Трабы (Івейскі р-н) нарадзіўся Пётр Юргялевіч, беларускі мовазнавец, педагог, вязень савецкіх канцлягероў.
16 студзеня
100 гадоў таму (1919) – У Гародні арганізаваны беларускі клюб “Наша хатка”.
18 студзеня
135 гадоў таму (1884) – У в. Каранды (Смургонскі р-н) нарадзіўся Адам Лісоўскі, беларускі рэлігійны дзеяч, каталіцкі сьвятар.
19 студзеня
75 гадоў таму (1944) – Каля Беластоку польскімі падпольнікамі жорстка закатаваны Мікола Чарнецкі, беларускі публіцыст, педагог, грамадзкі дзеяч. Нараджэнец в. Малыя Азяранкі (Ваўкавыскі р-н).
23 студзеня
130 гадоў таму (1889) – У Чылі памёр Ігнат Дамэйка, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху, філамат, геолаг, мінеролаг, нацыянальны герой Чылі. Нараджэнец маёнтку Мядзьведка (Карэліцкі р-н). З 1884 па 1888 жыў у майнтку Жыбартоўшчына (Дзятлаўскі р-н).
24 студзеня
115 гадоў таму (1904) – У в. Шутавічы (Смургонскі р-н) нарадзіўся Янка Шутовіч, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, выдавец, літаратуразнавец, вязень савецкіх канцлягероў.
110 гадоў таму (1909) – У в. Зачэпічы (Дзятлаўскі р-н) нарадзіўся Пятрусь Граніт (сапр. Іван Івашэвіч), беларускі паэт, педагог. Вучыўся ў Бяліцы (Лідзкі р-н).
25 студзеня
215 гадоў таму (1804) – У в. Гяйстуны (Ашмянскі р-н) нарадзіўся Антон Адынец, паэт, філамат, перакладнік, выдавец.
75 гадоў таму (1944) – У Слоніме памёр Антон Карніцкі, беларускі мастак. Пахаваны ў Слоніме.
29 студзеня
135 гадоў таму (1884) – У Шаўлях (цяпер Летува) нарадзіўся Антон Луцкевіч (ці 30-га студз.), беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, гісторык, публіцыст, старшыня ўраду БНР. Пэўны час жыў у Гародні, калі там працавала рада БНР.