Навіны

Гарадзенскі альфабэт-2018. Вынікі году.

“Гарадзенская вясна” падводзіць вынікі адыходнага 2018-га году. Паводле асноўнага профілю нашага сайту канцэнтруемся найперш на сітуацыі, звязанай з правамі чалавека, а таксама заўважаем іншыя прыкметныя падзеі на Гарадзеншчыне ў грамадскім, палітычным і культурніцкім жыцці, якія адбыліся ў мінулым годзе. Прыгадваем таксама індывідуальныя дасягненні прадстаўнікоў беларускай грамадскай супольнасці.

Абсурд году. Адміністрацыйныя карныя працэсы за перапосты ў сацсетках – новая і досыць небяспечная тэндэнцыя правапрымяняльнай практыкі. Гучнымі былі тры справы, якія былі “разгледжаны” у судзе Кастрычніцкага раёна. Справы Алеся Дзянісава, Уладзіслава Серады і Аляксандра Горбача былі літаральна “высмактаны з пальца” і мелі гратэскавы характар. Было б вельмі смешна, калі б не было так сумна і агідна за сістэму “правасуддзя”, якая пераходзіць усе межы здаровага сэнсу. Абласны ж суд прадказальна ўзяў бок раённага і не задаволіў касацыйныя скаргі аштрафаваных.

Бюракратызм і блакаванне году. Усе спробы грамадзянскай супольнасці дамагчыся змякчэння заканадаўства, якое датычыць правядзення масавых мерапрыемстваў, у рэальнасці на нацыянальным і мясцовым роўні ўпіраюцца ў бетонны бюракратызм чыноўнікаў. Праваабаронцы не раз звярталіся ў мясцовыя органы ўлады з прапановамі спрасціць механізм дазволу на правядзенне пікетаў, мітынгаў і іншых вулічных мерапрыемстваў. У дзень круглых угодкаў сусветнай Дэклярацыі правоў чалавека Віктар Сазонаў падаў у гарвыканкам адпаведны зварот і атрымаў адтуль замест канкрэтыкі чарговую адпіску.  

Выслужванне году. Прадстаўнік аддзелу аховы правапарадку Ленінскага РАУС Аляксей Вайцешка даўно вядомы гарадзенцам як непасрэдны ўдзельнік затрыманняў грамадскіх актывістаў, ініцыятар адміністрацыйных пратаколаў, сведка на працэсах у судзе Ленінскага раёну. Стараўся гэты прадстаўнік міліцыі і ў 2018 годзе. Ды толькі начальства ніяк не павышае ні ў званні, ні ў пасадзе. То адзначым гэтую постаць хоць у нашым топ-парадзе – глядзіш і паспрыяе яго далейшаму кар’ернаму росту.    

Ганьба году. На гэтую пазіцыю было як звычайна багата прэтэндэнтаў. Але найбольш ганебнай падзеяй для гораду над Нёманам варта прызнаць аднаўленне помніка Дзяржынскаму ля 5-й гімназіі і адпаведная ўрачыстасць. Дзіўна яшчэ, што на гэтай урачыстасці з удзелам чыноўнікаў і педагогаў не арганізавалі інсцэнізацыю масавых расстрэлаў, на чале якіх у свой час стаяў “жалезны” і крывавы Фелікс.

Дасягненне году. Жыхарка Гародні Вольга Макарэвіч, якая незаконна была пазбаўлена дадатковых выплат па месцы працы на свайго хворага малалетняга сына і доўга змагалася за законнасць, урэшце прайшла розныя судовыя ўстановы, іншыя дзяржаўныя інстанцыі і дамагалася справядлівасці. Пры тым выявілася, што яе выпадак далёка не адзінкавы ў сваім родзе. Гісторыя такіх парушэнняў з боку чыноўнікаў і службовых асоб, праўдападобна, будзе мець працяг. А Вользе Макарэвіч рэспект за настойлівасць і цвёрдасць – кожны  так змагаўся за свае правы.

Еўрапейскасць году. Пашырэнне бязвізавага рэжыму пры наведванні Гарадзеншчыны замежнікамі можна толькі вітаць. Канешне, улады РБ найперш кіруюцца эканамічна-гаспадарчай мэтнасцю і меркантыльнай выгодай, а не нейкай зменай культурніцкіх і духоўных прыярытэтаў. Але факт таго, што наш рэгіён стала наведваць больш еўрапейскіх турыстаў – безумоўна пазітыўны.   

Журналіст году. Журналісты Беларускага Радыё Рацыя і тэлеканалу Белсат у мінулым годзе стараліся шырока асвятляць падзеі, звязаныя з правамі чалавека і пераследам грамадскіх актывістаў, за што ім шчыры дзякуй. Пераслед самых журналістаў ва ўмовах аўтарытарнай дзяржавы – гэта найбольш яскравы паказнік іх сумленнасці і прынцыповасці. Прадстаўнікам журналісцкага цэху Алеся Дзянісава і Аляксея Кайрыса пагражалі крымінальнай справай, правялі ў іх кватэрах ператрусы. Пакуль у некага ўсё ж хапіла розуму не пачынаць “крыміналкі”. А журналістам году назавем гарадзенца Дзяніса Івашына, які здзейсніў цэлы шэраг бліскучых расследаванняў. Двойчы адыёзныя асобы з ганебнай рэстарацыі “Поедем поедим” імкнуліся прыцягнуць журналіста да вялізных штрафаў за публікацыі ў абарону Курапатаў. Але Дзяніс і тут апынуўся на вышыні.   

Замежнае прызнанне году. У студзені ў Кіеве, каля помніка герою Нябеснай Сотні, беларусу Міхасю Жызнеўскаму, літаратар, старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі Саюзу беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка за кнігу прозы “Чужы” атрымаў літаратурную прэмію з адпаведнай назвай. Прыгадаем, што год таму аналагічную прэмію атрымаў таксама нараджэнец Зэльвеншчыны Міхась Скобла.

Імпрэза году. 3 лістапада ў Дзятлаўскім раёне прайшлі ўрачыстасьці ў гонар юбілейных угодкаў беларускага пісьменьніка Вячаслава Адамчыка – урачыстая імпрэза ў Круцілавічах і адкрыццё памятнага знаку на радзіме пісьменьніка ў Варакомшчыне.

Камень году. 22 сакавіка ў в. Ёдкі (Лідзкі р-н) грамадскія актывісты рэгіёну усталявалі памятны камень “100 год БНР”. А вось ад гарадзенскіх уладаў шыльды ў гонар вялікай вехі нашай дзяржаўнасці дачакаемся яшчэ не хутка.

Лозунг году. Грамадскія актывісты Мікалай Салянік і Аляксандр Лаўрэнцьеў на ўгодкі пралетарскай рэвалюцыі выйшлі на плошчу з яе галоўным лозунгам – “Долой самодержавие!”. І што выдумаеце – іх канешне затрымалі. Гэта бальшавіцка-камуністычным нашчадкам дазволена рабіць што заўгодна на сама цэнтральных пляцах беларускіх гарадоў без усялякіх дазволаў. Іншадумцам жа – кайданкі і арышт альбо штраф. Як ужо звычайна – ёсць роўныя перад законам і ёсць раўнейшыя.

Марафонец году. Лявон Анацка. Геаграфічны дыяпазон марафонскіх выступаў лідскага актывіста ТБМ і яго дасягненні ў 2018 годзе значна павялічыліся. Застаецца пажадаць Лявону Анацку, які бегам і пешшу хутка ахопіць ўсю Еўропу, далейшых спартовых заваёваў.

Надзея году. Пачатак адбудовы і частковай рэстаўрацыі Крэўскага і Гальшанскага замкаў можна толькі вітаць. Асабліва аптымістычная сітуацыя з Крэўскім помнікам архітэктуры, на якім у 2018 годзе ішлі інтэнсіўныя працы і нават быў арганізаваны народны збор камянёў. Чакаецца, што вясной 2019 працы адновяцца.

Опіум для народу” году. Некалі бальшавікі забаранялі ўсе праявы рэлігійнага жыцця. Зараз іх духоўныя шматлікія нашчадкі змагаюцца з кнігамі і іншымі праявамі беларускай культуры. У сярэдзіне году з нейкага высокага кабінета было загадана кіраўнікам Гарадзенскай абласной бібліятэкі адмовіцца ад падараванага камплекту кніг пісьменніцы Святланы Алексіевіч. Так, так, той самай адзінай беларускай нобелеўскай лаўрэаткі па літаратуры. Каментаваць больш будзе проста недарэчна. 

Перформанс году. Мікалай Салянік, прыйшоўшы на чарговы адміністрацыйны працэс у паласатай робе, з металёвым ашыйнікам і прыкутым ланцугом з калодкай, яскрава паказаў усю сутнасць сучаснай судовай сістэмы і ўсю безнадзейнасць дамагчыся аб’ектыўнага разгляду спраў, якія датычаць палітычнага пераследу прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці. Саляніка за другую палову 2018 году судзілі па адміністрацыйных пратаколах ажно 5 (!) разоў. Агулам пенсіянера дзяржава аштрафавала ажно на 130 базавых велічынь (!!!). У эквіваленце гэта каля 1600 даляраў.   

Рэстаўрацыя году. Перабудова Старога замку ў Гародні выклікала столькі дыскусій і пераважна адмоўных ацэнак, што працягваць ацэньваць і расставіць тут акцэнты не возьмемся. Адзначым толькі, што аднаўленне драўлянай часткі славутай Каложскай царквы пакінула куды больш пазітыву.

Страты году. Гарадзеншчына ў адыходным годзе страціла такіх грамадскіх актывістаў і краязназцаў як Рыгор Фарманян, Генадзь Радзецкі, Андрэй Юшкевіч. Адышлі ў лепшы свет некалькі патрыярхаў беларускай справы, якія нарадзіліся ці паходзілі з Гарадзеншчыны – Барыс Кіт, Арсень Ліс, Хведар Нюнька. Светлая памяць…

Транспартны прынцып году. Лідскі грамадскі актывіст Валер Мінец дамогся фактычнай забароны чужой сімволікі ў грамадскім транспарце. Звароты і скаргі Мінца былі скіраваныя на тое, што некаторыя кіроўцы міжгародніх маршрутаў выкарыстоўваюць незарэгістраваную ў Беларусі сімволіку чужой дзяржавы – так званыя георгіеўскія стужкі, а таксама расейскія сцяжкі-трыкалоры. У канцы года “Гроднааблаўтатранс выдаў адпаведны загад, які абавязвае кіроўцаў прыбіраць з пярэдняй панэлі аўтасродкаў ўсе лішнія аксесуары і прадметы.

Успаміны году. У год 55-ых угодкаў з дня нараджэння гарадзенскага грамадскага актывіста Зміцера Кісяля выйшла кніжка яго памяці пад назвай “Адзін з першых”. Прэзентацыя выдання сабрала ветэранаў беларускага Адраджэння ў Гародні, даўніх паходнеўцаў і фронтаўцаў.

Фарс году. Выбары-вырабы ў мясцовыя саветы прайшлі ў пачатку году ў горшых традыцыях безнадзейнасці і марнасці. Безнадзейнасці, штосьці змяніць у скрозь сфальшаванай выбарчай сістэме. І пачуцця марнасці ўдзельнічаць у гэтым працэсе з загадзя вызначанымі і прадказальнымі для ўсіх вынікамі.

Хранічная хвароба году. Уладныя структуры рэгіёна працягваюць русіфікацыю гарадоў і мястэчак гораду, раённых газет, гарадскіх і вясковых школ, розных сфераў жыцця і побыту. Хвароба на нацыянальны нігілізм працягвае нявечыць “арганізм” нашага грамадства. Прыкладаў такіх антынацыянальных праяваў у 2018 годзе можна прывесці нямала, але нават не хочацца іх згадваць і пералічваць.

Цэнтр году. У Цэнтры гарадскога жыцця, што пераехаў сёлета на адрас вуліца Кірава-3, адбылася вялікая колькасць прэзентацый, сустрэч, выставаў, дыскусій і розных адзначэнняў. Крамы “Цудоўня” і “Адметнасць”, якія дзеюць таксама па гэтым адрасе, ствараюць у горадзе сапраўдны астравок беларушчыны.

Чэмпіёны году. Хакеісты гарадзенскага “Нёману” дасягнулі сёлета залатога дубля. У красавіку, перамогшы ў серыі 4-2 менскае “Юнацтва”, каманда пад кіраваннем Аляксея Пушкова стала чэмпіёнам краіны (сёмы раз у гісторыі). А ў жніўні, выйграўшы у “Дынама-Маладэчна” 4:2, заваявала Кубак Беларусі.

Штрафы году. Пераслед грамадскіх актывістаў за фэст Памяці паўстанцаў 1863 году. Час ідзе, а ўлады працягваюць пераследаваць патрыётаў, якія штогод прыязджаюць у Свіслач і Якушоўку ўшанаваць памяць нацыянальных герояў. Сёлета суддзямі Аляксандрам Шыліным і Жаннай Салагубік зноў беспадстаўна аштрафаваныя 8 чалавек агулам на вялізную суму 140 базавых велічынь. Асабліва абсурдным выглядае штраф Віктару Сазонаву, які як праваабаронца вёў маніторынг Дня памяці і быў засуджаны толькі па факце прысутнасці ў Свіслачы.

Незаконна ў 2018 годзе рознымі судамі былі аштрафаваныя наступныя журналісты і грамадскія актывісты: Павал Мажэйка, Аляксандр Лаўрэнцьеў (2 разы), Мікалай Салянік (5 разоў), Алесь Дзянісаў, Юры Глебік, Віктар Пяцельчыц, Анатоль Мышкевіч, Уладзіслаў Серада, Аляксандр Горбач, Віктар Сазонаў, Ігар К. Банцар, Ежы Грыгенча, Уладзімір Хільмановіч, Сяргей Верамеенка. Акрамя згаданых вышэй свіслацкіх суддзяў рэпрэсіі выконвалі суддзі суда Ленінскага раёну Дзмітрый Бубенчык (2 разы), Алена Пятрова (2 разы), Руслан Гурын (2 разы); Кастрычніцкага - Руслан Хіхол, Таццяна Гергель, Валерый Шпак (2 разы), Алена Тоўсцік-Самойла. 

Энтузіяст году. Дзятлаўскі грамадскі актывіст Валеры Петрыкевіч працягнуў рэалізоўваць свае ініцыятывы. Кіраўнік мясцовай суполкі ТБМ быў душой і галоўным арганізатарам Другога абласнога фэсту паэзіі, што прайшоў у Зачэпічах, дамогся на Дзятлаўшчыне ўсталявання некалькіх памятных дошак і знакаў, а таксама плануе далейшую працу ў гэтым кірунку.

Юбілей году. 100-ыя ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі. 25 сакавіка ў Гародні ў Каложскім парку прайшлі святкаваньні з нагоды 100-ых угодкаў БНР. Удзел у іх узялі ад 500 да 700 чалавек. Было прыгожа, урачыста і годна. Былі адзначаныя ўгодкі БНР і ў Лідзе. Што датычыць асаобаў-юбіляраў, то ўвосень слонімскі краязнавец і літаратар Сяргей Чыгрын адзначыў у верасні свой 60-гадовы юбілей. Такі ж адрэзак жыццёвага шляху прайшоў вядомы беларускі гісторык і публіцыст Алесь Краўцэвіч. Спадзяемся, што абодва парадуюць чытачоў сваімі новымі выданнямі яшчэ не раз.

Ялінка году. Гарадзенская калядная беларуская ялінка ў Цэнтры гарадскога жыцця для беларускамоўных дзяцей і бацькоў, якая прайшла напярэдадні Новага году, дадае аптымізму на бліжэйшую  будучыню. Беларусы жывуць, пакуль думаюць, размаўляюць і святкуюць па-беларуску. Пакуль вучаць роднай мове сваіх дзяцей і ўнукаў.

Усіх з Новым годам!

30.12.2018

Відэа

праваабарончыя сайты