Навіны

Яшчэ адзін прамінуў

Чарговы, 2018 год, прайшоў, праляцеў, прамільгнуў, праскочыў і застанецца ў летапісе нашай гісторыі з сваімі адзнакамі і рубцамі, стратамі і набыткамі, памылкамі і досведам, расчараваннямі і маленькімі радасцямі. Здаецца, толькі што складаліся планы на цэлы год, а вось ужо да яго канца засталіся лічаныя дні. І, канешне, палову гэтых планаў рэалізаваць не ўдалося. Але трэба радавацца і таму, што ўрэшце здзейснілася. Бізнесоўцы мараць пабольш зарабіць, злодзеі – беспакарана пабольш украсці, дзеўкі – удала выйсці замуж, хлопцы – “адкасіць” ад саюзна-савецкага войска, спартоўцы – заваяваць медалі, пісьменнікі – выдаць нарэшце свае кніжкі. Усё і ўсе як заўсёды і не зусім так. Бо, калі прыкладам, узяць у Беларусі беспрацоўных, то пра што яны мараць? Знайсці працу? – Не, бо не кожная праца цешыць чалавека. Я б сказаў нават больш. Кожная праца нішчыць чалавека, але калі яна годная і добра аплачваецца, то гэты факт тады зніжае псіхалагічны дыскамфорт, а занятак набывае вартасць і сэнс. Але больш усяго беспрацоўныя Беларусі мараць нават не пра годную працу, а пра тое, каб іх пакінулі ў спакоі. Бо скрозь абсурдны дэкрэт пра так званых дармаедаў дзяржава ўсё ж будзе ўкараняць і выкарыстоўваць. Пакуль яшчэ ніхто не ведае як дакладна, але дакладна будзе. Праўда ва ўладных статыстыкаў, якія нібы іхныя папярэднікі – айцы-бальшавікі, хочуць пералічыць кожную курыцу і нават кожнае яйка на прыватным падворку, зноў вылезлі на свет дзіўныя лічбы. З аднаго боку, яны даводзяць, што беспрацоўя ў сама шчаслівай з дзяцінства дзяржаве свету амаль няма, з іншага – колькасць тых няшчасных “дармаедаў” значна перавышае лічбу беспрацоўных. Такі парадокс лічыльнікаў, якія прывыклі даводзіць, што два на два гэта 5.  

Паводле няўмольнай логікі чалавечага жыцця і яго непазбежнага фіналу адышлі сёлета ў лепшы свет многія выдатныя беларусы сучаснасці – патрыярхі і ветэраны беларускага руху і культуры Барыс Кіт, Хведар Нюнька, Васіль Якавенка, Генадзь Гарбук, Ігар Лучанок, Георгі Штыхаў, Арсень Ліс… Іншыя пакінулі гэты свет занадта рана, па сутнасці ў росквіце творчых сілаў – Міхал Анемпадыстаў, Алесь Ліпай, Уладзіслаў Ахроменка… Год для Беларусі ўвогуле быў дастаткова цяжкім і стратным. Па-праўдзе, лепшага і не чакалася. Прынцып абы не было горш спрацаваў зноў у нейкай ступені.

У канцы 2018-га зноў актывізаваліся расейскія імперцы, зноў загаварылі пра аб’яднанне Беларусі з матухнай Расеяй у адзіную саюзную дзяржаву. Тая дзяржава нібыта ўжо даўно існуе на паперы, але экстаз блізкасці для Масквы ўсё яшчэ недастатковы. Так што рытуальныя “танцы з мядзведзямі” працягваюцца.

Для беларускай грамадскасці, людзей патрыятычных і адданых сваёй краіне, галоўнай падзеяй 2018 года стала адзначэнне 100-ых угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Святкаванне 25 сакавіка і адзначэнні цягам года па розных гарадах Беларусі прайшлі годна і прыстойна. Нават уладам хапіла розуму не замінаць у гэтым. Што ж, дзякуй і на гэтым. Большага ніхто і не чакаў. Гэта была толькі часовая і  невялічкая праява палітычнай “адлігі”. У астатнім усё нязменна і стабільна – крок управа – штраф, крок улева – штраф, крок наперад – арышт. Беларусь стала больш адкрытай для замежнікаў дзякуючы пашырэнню бязвізавага ўезду, але засталася па-ранейшаму незычлівай да сваіх жыхароў. Не зрабіў наперад жыхарам Беларусі крок і Еўразвяз – ягоная непрынцыповасць у палітычных пытаннях і бюракратыя ў візава-межавых толькі павялічвае колькасць еўраскептыкаў у беларускім грамадстве.

Працягнулася ўяўная барацьба з карупцыяй. Гэта калі тыя, што стварылі сістэму карупцыі, самы з ёй і змагаюцца. Народу – костка ў выглядзе чарговага арыштаванага чыноўніка ці дырэктара прадпрыемства, а насамрэч перакладанне грошай у іншыя кішэні. Схема простая – той, хто накраў, павінен аддаць накрадзенае, потым яго выпускаюць з турмы і ставяць на пасаду больш нізкую і куды менш прэстыжную. Да жорсткай азіяцка-кітайскай мадэлі канешне не дацягвае, але ж на тое ён і свой, асаблівы, шлях развіцця.Так што год не быў нейкім кардынальным, пераломным ці асаблівым. Крот гісторыі капае, сняжынкі падаюць, а людзі, пакуль дыхаюць, спадзяюцца.

З Новым годам і Калядамі, шаноўныя чытачы!      

Уладзімір Хільмановіч 

 

29.12.2018

Архіў

Кастрычнік 2019
123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031

Відэа

праваабарончыя сайты