Навіны
Снежань 2018
Каляндар памятных і круглых датаў Гарадзеншчыны на снежань 2018 году
4 сьнежня
215 гадоў таму (1803) – Памёр Давыд Пільхоўскі, асьветнік, пісьменьнік, перакладнік, выдавец. Часта бываў на Наваградчыне, калі працаваў інспектарам навучальных устаноў.
5 сьнежня
225 гадоў таму (1793) – На Гарадзенскім сойме была прынятая Канстытуцыя Рэчы Паспалітай.
5 гадоў таму (2013) – У Ваўкавыскім раёне памёр Зьміцер Іваноўскі, беларускі мастак, грамадскі актывіст. Пахаваны ў Гародні на могілках у Аульсе.
7 сьнежня
155 гадоў таму (1863) – Памёр Ануфры Петрашкевіч (нарадзіўся 220 гадоў таму – у 1793 у Шчучыне), філамат, паэт, архівіст, удзельнік паўстаньня 1831.
140 гадоў таму (1878) – У в. Навасады (Ашмянскі р-н) нарадзіўся Андрэй Зязюля (сапраўднае Аляксандар Астрамовіч), беларускі каталіцкі сьвятар, паэт.
75 гадоў таму (1943) – У Менску невядомымі забіты Вацлаў Іваноўскі, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, адзін з ствараньнікаў Грамады, асьветнік, выдавец, міністар асьветы ў Радзе БНР. Нараджэнец м. Лябёдка (Шчучынскі р-н). Пахаваны ў Менску на Кальварыйскіх могілках.
9 сьнежня
750 гадоў таму (1268) – Забіты Войшалк (нар. у 1223), князь Наваградскі, вялікі князь ВКЛ (1263-67).
45 гадоў таму (1973) – У Вільні памёр Янка Шутовіч, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, выдавец, літаратуразнавец, вязень савецкіх канцлягероў. Нараджэнец в. Шутавічы (Смургонскі р-н). Пахаваны ў Павільнісе.
10 сьнежня
130 гадоў таму (1888) – У Гарадку (на Беласточчыне) нарадзіўся Мікола Дзямідаў, вайсковы, грамадзка-палітычны дзеяч; у 1943 акруговы школьны інспектар, арганізатар батальёну беларускай самааховы ў Лідзе.
105 гадоў таму (1913) – У в. Лабна (Лабно, Гарадзенскі р-н) нарадзіўся Вацлаў Гебельт, шахматны кампазіст, вязень ГУЛАГу, пасьля вызваленьня ў 1949 жыў да сьмерці ў Лідзе.
15 сьнежня
310 гадоў таму (1708) – У Жодзішках Барбарай Міцкевіч заснаваны езуіцкі калегіум.
16 сьнежня
100 гадоў таму (1918) – У Гародні пачаўся беларускі сялянскі зьезд (праходзіў 16-17 сьнежня).
21 сьнежня
100 гадоў таму (1918) – У Гародні на паседжанні Рада БНР стварае Раду Дзяржаўнай абароны на чале з Вацлавам Ластоўскім і Кіпрыянам Кандратовічам.
22 сьнежня
220 гадоў таму (1798) – У Вільні памёр Джузэпэ Сака (нар. у 1735 у Вероне), італійскі архітэктар, які працаваў на Віленшчыне і Гарадзеншчыне. Пахаваны ў Гародні на старых каталіцкіх могілках (паводле іншых зьвестак у сваім маёнтку Дубасьня пад Беластокам).
23 сьнежня
100 гадоў таму (1918) – Памёр Лейб Найдус, габрэйскі паэт, перакладнік. Быў пахаваны ў Гародні на габрэйскіх могілках (цяпер на іх месцы стадыён “Нёман”).
24 сьнежня
220 гадоў таму (1798) – На хутары Завосьсе (верагодней усяго Наваградзкі р-н) нарадзіўся Адам Міцкевіч, польска-беларускі паэт, асьветнік, філамат.
25 сьнежня
Раство (Каляды) паводле грыгарыянскага календара.
20 гадоў таму (1998) – Адбыўся першы перапіс насельніцтва незалежнай Беларусі (насельніцтва склала 10.045.200 чалавек (зь іх 8.159.100 – беларусаў). Беларускую мову роднай назвалі 73,7% жыхароў краіны.
26 сьнежня
50 гадоў таму 1968 – У Гародні пачала працаваць абласная студыя тэлевізіі.
40 гадоў таму (1978) – У Лондане памёр Вінцук Адважны (сапраўднае Язэп Германовіч), беларускі каталіцкі сьвятар, пісьменьнік, паэт, эмігрант (Італія, Вялікабрытанія). Пахаваны на могілках Сэн-Панкрас.
27 сьнежня
100 гадоў таму (1918) – Рада БНР на чале з Антонам Луцкевічам пераехала ў Гародню.
28 сьнежня
430 гадоў таму (1588) – Гародня згодна з пастановай Кракаўскага сойму стала цэнтрам каралеўскай эканоміі (была ім ажно да 1795).
110 гадоў таму (1908) – Каля Гудагая (Астравецкі р-н) быў зафіксаваны землятрус моцнасцю 6-7 балаў па шкале Рыхтара.
30 гадоў таму (1988) – У ЗША памёр Аляксандар Стагановіч, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, удзельнік БНС, эмігрант (Нямеччына, ЗША). Пахаваны на беларускіх могілках у Нью-Брансьвіку (ЗША). Нараджэнец в. Нясутычы (Наваградзкі р-н).