Навіны

135 гадоў з дня нараджэння Янкі Быліны

Беларускі каталіцкі святар, пісьменнік, паэт Янка Быліна (сапраўднае прозвішча Ян Семашкевіч) нарадзіўся ў сялянскай сям’і 30 кастрычніка 1883 году ў вёсцы Лакцяны (цяперашні Астравецкі раён). Біяграфічныя звесткі пра яго ў розных крыніцах досыць сціслыя.

Паходзіў Ян Семашкевіч з беднай сялянскай сям’і. Вучыўся ў Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі, якую скончыў у 1907 годзе. У семінарыі тады навучалася вельмі шмат беларускіх патрыётаў, якія пазней стварылі цэлую хвалю беларускамоўнага каталіцтва. Неўзабаве быў высвечаны на святара. Хутка зазнаў пераслед з боку расійскай улады. Характэрны наступны факт – у 1910 годзе святар Семашкевіч быў засуджаны да штрафу 25 рублёў і адхілены ад службы за тое, што вянчаў праваслаўнага хлопца з дзяўчынай каталічкай. Пазней падобная сітуацыя з “незаконным шлюбам” паўтарылася. Быў прызначаны пробашчам у Смаргоні, але сам адмовіўся ад гэтага месца святарства. Пазней атрымаў месца ў Дварцы (Дзятлаўскі раён). Там ксяндза Семашкевіча неаднаразова спрабавалі дыскрэдытаваць – як жыхары, так і ўлады, за розныя “няправільнасці”. Праўда, мясцовы праваслаўны святар Канстанцін Калішэвіч выказваўся пра яго нейтральна і амаль пазітыўна. Паводле сведчанняў гэты святар актыўна выступаў супраць п’янства. У чэрвені 1912 года Семашкевіча перавялі на пасаду пробачашча ў вёску Дуды.

Семашкевіч служыў таксама ў касцёлах у мястэчку Ільля на Вялейшчыне, у Цудзенішках (Ашмянскі раён), у Медніках (цяпер на тэрыторыі Літвы), у Лаварышках ля Вільні, з 1926 года – у Дукштах каля Трокаў. Да беларускага руху далучыўся пад уплывам Вацлава Ластоўскага. Быў адным з тых каталіцкіх святароў, якія актыўна ўкаранялі беларускую мову ў набажэнствы і зносіны з парафіянамі. За гэта зазнаў пераслед з боку ўладаў тагачаснай Польшчы. У верасні 1939 года арыштоўваўся НКВД, але пазбегнуў расстрэлу.

З 1933 года Семашкевіч служыў ксяндзом на Беласточчыне – у Янаве-Падляскім (да 1937 года), Ялоўцы (1937-1939), Міхалове (1939-1946), Бомблі (1946-1956). Там і перажыў другую сусветную вайну. На жаль, у гэты перыяд ён адышоў ад літаратурнай і актыўнай беларускай грамадскай дзейнасці.

Як літаратар Янка Быліна пісаў гумарыстычныя вершы, байкі, вершаваныя апавяданні, байкі, санеты, трыялеты. Друкаваўся з 1917 года ў газетах “Гоман”, “Крыніца”, часопісах “Маланка”, “Калосьсе”, “Шлях моладзі”, “Хрысьціянская думка”, “Снапок”, “Пралескі”. У 1918 годзе імкнуўся выдаваць народны штотыднёвік “Сейбіт”. Аўтар зборнікаў паэзіі “На прызьбе” (Вільня, 1918, перавыдаваўся ў 1926 годзе), “На покуці” (Вільня, 1934), рэлігійных твораў “Ружанец да Найсвяцейшае Дзевы Марыі” (Вільня, 1928), “Песні жальбы або набожныя разважанні аб муках і смерці Збаўцы Езуса Хрыста” (Вільня, 1929), “Дарога крыжа” (1930). Перакладаў на беларускую мову рэлігійную літаратуру.

Памёр Янка Быліна 18 лютага 1956 году ў мясцовасці Мар’янава. Пахаваны каля касцёла ў Бомблі. Ягонае імя стала вядома беларускай грамадскасці ў час нацыянальнага адраджэння. У 1993 годзе ў Астравецкім раёне былі ўрачыста адсвяткаваныя 100-ыя ўгодкі з дзён нараджэння Казімера Сваяка і Янкі Быліны. А ў жніўні 2003 года грамадскае аб’яднанне “Вільняр” арганізавала на малой радзіме Быліны ў Лакцянах мастацкі пленэр і краязнаўча-літаратурныя чытанні.

30.10.2018

Архіў

Лістапад 2018
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты