Навіны

На журналістку-фрылансера Тамару Шчапёткіну склалі чарговы пратакол

Тамара Шчапеткіна. Фота: Радыё Рацыя

Тамара Шчапеткіна. Фота: Радыё Рацыя

Журналістка-фрылансер Тамара Шчапёткіна ў 9 гадзін раніцы 12 кастрычніка была выклікана ў Баранавіцкі РАУС для дачы тлумачэнняў па чарговаму артыкулу ў Беларускім Радыё Рацыя.

Але журналістка адмовілася даваць паказанні супрацоўнікам міліцыі на падставе 27 арт. Канстытуцыі, які дае ёй права не сведчыць супраць сябе.

На яе склалі пратакол па ч. 2 арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і (або) распаўсюджванне прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі) за матэрыял  "У Белаазёрску прэзентавалі юбілейны нумар "Жырандолі". Гэта самы распаўсюджаны адміністрацыйны “журналісцкі” артыкул, па якім прыцягваюць да адказнасці фрылансераў без акрэдытацыі.

Сведкамі па гэтай адміністрацыйнай справе выступілі загадчыца бібліятэкі Тамара Кузняцова і Валянціна Янкавец, і нават прадаставілі здымкі з журналісткай.

Тамара Шчапёткіна каментуе “Вясне” сітуацыю:

“Гэта помста не за бязвінныя культурніцкія матэрыялы, а за абнародаванне таго, што свіней на ферме "Сухое", па словах свінарак, раскралі каля 40 тысяч, і беспрацоўнымі пакінулі звыш 200 чалавек.

Гэта 4-я справа за два з паловай месяцы, сфальсіфікаваная ў Баранавіцкім РАУС. Што гэта, як не катаванне?”

Тамара Шчапёткіна плануе абскардзіць усе пастановы суда ў дачыненні да яе, уключаючы Камітэт ААН.

http://spring96.org/be/news/91087

 

праваабарончыя сайты