Навіны

485 гадоў гадоў з дня нараджэння Стафана Баторага

27 верасня 1533 года ў Жыладзішомльё (Трансільванія, цяпер Шымлеў-Сілваніей, Румынія) нарадзіўся Стафан Баторы, вялікі князь ВКЛ і кароль польскі.

Паходзіў з венгерскага роду Баторыяў, з лініі Шо́мля. Трэці, апошні сын Іштвана Баторага і Каталіны Тэлегдзі. З 15 гадоў на вайсковай службе ў караля Чэхіі і Венгрыі Фердынанда Габсбурга. Разам з ім быў у Італіі вучыўся ва ўніверсітэце Падовы. Пасля вучобы вярнуўся на радзіму, дзе ўжо разгарнулася барацьба часткі венгерскіх магнатаў на чале з прэтэндэнтам на каралеўскі трон Венгрыі Янам Жыгімонтам Запольяі супраць германскага імператара, які адначасна быў і каралём Венгрыі. Стэфан Баторы падтрымаў Запольяі, удзельнічаў у бітвах, набыў вопыт адміністратара, дыпламата і ваеннага камандзіра. Быў накіраваны на чале пасольства ў Вену на мірныя перагаворы з імператарам Максіміліянам ІІ, але ў час перамоў па загадзе імператара быў арыштаваны і інтэрнаваны ў Вене цягам двух гадоў.

   Пасля смерці Яна Жыгімонта Запольяі 25 траўня 1571 года абраны князем Трансільваніі, нягледзячы на супрацьдзеянне імператарскага двара. Калі кароль польскі і вялікі князь літоўскі Генрых Валуа ўцёк у Францыі, Стэфан Баторы выставіў сваю кандыдатуру на сталец Рэчы Паспалітай і абраны шляхтай каралём у снежні 1575 года. Пры абранні на трон ажаніўся з Ганнай Ягелонкай, дачкой караля Жыгімонта І Старога, якая была за яго на 10 гадоў старэйшай. Каранаваны 1 траўня 1576 года, на вялікага князя літоўскага каранаваны ў чэрвені таго ж года. 

   Зрабіў значны ўклад ва ўмацаванне Рэчы Паспалітай, спрыяў падняццю яе аўтарытэту ў Еўропе. Умацаваў армію, правёўшы рэформы, дзеля чаго стварыў пешае войска для аблог і штурмаў крэпасцяў, якое набіралася з замежных жаўнераў-наёмнікаў. У 1579 годзе Баторы пачаў вайну супраць Расеі. У выніку складаных манеўраванняў дасягнуў шэрагу перамог над расейскімі войскам, вярнуў Полацак і захапіў Вялікія Лукі. Аблога Пскова скончылася безвынікова, аднак паскорыла складанне Ям-Запольскага міру. Пасля перамір’я Інфлянты адыйшлі да Рэчы Паспалітай. Фактычна Баторы прывёў Лівонскую вайну да задавальняльнага для Рэчы Паспалітай выніку.

Пры Баторым кожны трэці сойм праходзіў у Гародні. Гэта быў вельмі энергічны манарх, які здолеў супрацьпаставіць сябе магнатэрыі. У ВКЛ замест гаспадарскага суда як вышэйшай судовай інстанцыі былі зацверджаныя шляхецкія выбарныя суды – Каронны Трыбунал і Літоўскі Трыбунал. Баторым таксама была закладзена Віленская Акадэмія. Ён выдаў дазволы і ініцыяваў заснаванне езуіцкіх калегіумаў у Полацку і Гародні.

Сваю рэзідэнцыю Стэфан Баторы трымаў у Гародні ў Старым замку. Жыхарам Гародні ён даў пэўныя ільготы. Падтрымліваў сяброўскія адносіны з ваяводам, земляком і вольнадумцам Каспарам Бекешам. Некаторыя легенды, якія распаўсюдзіліся на тэрыторыі Беларусі, сцвярджаюць пра тое, што Стэфан Баторы даваў найменні беларускім паселішчам. У тым ліку, прыкладам, вёскам Саланое і Мільча, што ў Вілейскім раёне Менскай вобласці.

Кароль меў хваробу нырак, а таксама пакутаваў ад раны, якая не загойвалася пасля пакусання сабакам. Памёр у Гародні. З-за таго, што прычына яго смерці выклікала спрэчку паміж прыдворнымі медыкамі, 14 снежня 1586 года было праведзенае першае на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы анатамаванне трупа, яго правёў гарадзенскі цырульнік Ян Зігуліц.

Спярша быў пахаваны ў Гародні. Пазней перапахаваны ў Кракаве ў вавельскай Марыяцкай капліцы, надмагілле 16-га стагоддзя аўтарства Санці Гучы. У Гародні яго імем названа вуліца ў цэнтры гораду. У Вільні на будынку ўніверсітэту ў гонар Баторага ўсталявана шыльда.

Уладзімір Хільмановіч 

27.09.2018

праваабарончыя сайты