Навіны

Дзяніс Івашын: У маім расследаванні адносна Аркадзя Ізраілевіча няма ніякай абразы

Наступам на свабоду слова ў Беларусі, гэтым разам супраць газеты „Новы час”, называе журналісцкая супольнасць суд, які адбудзецца 29 жнівеня ў Савецкім раённым судзе Менску. Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч выставіў зыск на выданне і журналіста, сябра Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Дзяніса Івашына. Заяўнік вымагае кампенсацыі за нанесены ўрон дзелавой рэпутацыі ў сумарным памеры 41 тысяча беларускіх рублёў.

Дзяніс Івашын, які размяшчаў сваё журналіскае расследванне на старонках „Новага Часу” пра ўласнікаў „Бульбаш холу” каля Курапатаў, здзіўлены, што Аркадзь Ізраілевіч толькі праз значны час пасля публікацыяў звярнуўся ў суд, а не паспрабаваў вызначыць сваю пазіцыю з рэдакцыяй.

– Увогуле дзіўна, што ён недзе праз месяц вырашыў пачаць гэтую судовую справу. І ў мяне такое меркаванне, што не ён сам вырашаў, то бок гэта не ягонае рашэнне пачынаць супраць нас гэты судовы працэс. Там абсалютна няма нават самога прадмета разбіральніцтва. Таму што няма ніякай абразы яго гонару і годнасці, няма абсалютна ніякага прыніжэння яго дзелавой рэпутацыі. Вядзецца пра ягоную мажлівую датычнасць. І ў тэксце, у расследаваннях, заўжды я выказваў менавіта меркаванне.

Судовае паседжанне пачнецца а 10-30 у Савецкім судзе Менску.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/dzyanis-ivashyn-u-maim-rassledavanni-ad/

28.08.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты