Навіны

80 гадоў з дня расстрэлу Уладзіміра Пракулевіча

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, юрыст Уладзімір Пракулевіч нарадзіўся 2 снежня 1887 года ў вёсцы Красналукі Барысаўскага павету (цяпер Чашніцкі раён). Невядомая нават дакладная дата яго нараджэння. У біяграфічных звестках напісана, што ён скончыў Смаленскую гімназію, а пасля, у 1912 годзе, юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэту. У час вучобы ў Маскве захапіўся марксісцкімі ідэямі і нават быў сакратаром часопісу адпаведнага кірунку “Возрождение”, а таксама загадчыкам аддзелу хронікі ў газеце “Копейка”. У час першай расійскай рэвалюцыі актыўна ўдзельнічаў у працы сацыял-дэмакратычных гурткоў (РСДРП і Бунду). Да першай сусветнай вайны працаваў у Мінскай казённай палаце, з 1914 года – у Мінскім акруговым судзе. 3 пачаткам вайны эвакуяваўся ў Маскву, пазней працаваў рахункаводам у структуры Ўсерасійскага камітэту земскіх і гарадскіх саюзаў па забеспячэнні войска. З ліпеня 1917 года зноў у Мінску на судовых пасадах. У гэты час далучыўся да прыхільнікаў беларускай незалежнасці.

У 1918 годзе Пракулевіч абраны старшынём Слуцкага з’езду міравых суддзяў. 3 прыходам бальшавікоў працаваў міравым суддзём у мястэчку Вызна, прыхільнік Беларускай іпартыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. 3 узнаўленнем савецкае ўлады ў ліпені 1920 года на пасадзе суддзі ў Слуцку. На з’ездзе Случчыны абраны старшынём Беларускае рады Случчыны. Уладзімір Пракулевіч быў адным з кіраўнікоў антыбальшавіцкага Слуцкага паўстання. 15-16 лістапада ў яшчэ занятым польскімі войскамі Слуцку менавіта па ініцыятыве Пракулевіча быў сабраны з’езд прадстаўнікоў воласцяў і мястэчак павету. Захаваўся тэкст прамовы Пракулевіча перад прысутнымі. Па словах гісторыка Анатоля Грыцкевіча гэтыя людзі “хацелі волі”. 

Далей Пракулевіч узначальваў Цэнтральны беларускі паўстанцкі камітэт, які быў створаны летам 1921 года. Гэты камітэт ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва паўстанцкімі арганізацыямі ў Бельскім, Ваўкавыскім, Гарадзенскім і Лідскім паветах.

3 1921 года працаваў у Вільні, у складзе Віленскага Белнацкаму, сябар Загранічнага бюро БПСР. У 1922 годзе ў ліку трыццаці трох дзеячаў высланы польскімі ўладамі ў Літву, жыў у Коўне. У 1923 годзе ў Коўне кааптаваны ў склад ураду БНР на чале з Аляксандрам Цьвікевічам на пасаду дзяржаўнага сакратара. 3 канца 1923 года ў Празе, браў удзел у працы нацыянальных арганізацый беларускай эміграцыі. Удзельнік Другой Берлінскай беларускай палітычнай канферэнцыі, падпісаўся пад рэзалюцыяй пра ліквідацыю ўраду БНР. Чаму ён так зрабіў – дакладна невядома: магчыма пад нейкім ціскам, а магчыма і паверыўшы ў тое, што зможа працаваць на карысць Беларусі на Бацькаўшчыне.

3 траўня 1926 года ў Савецкай Беларусі, працаваў у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР на невысокай пасадзе. Яго далейшы лёс быў прадвызначаны. 19 ліпеня 1930 года Пракулевіч арыштаваны ГПУ па справе так званага “Саюзу Вызвалення Беларусі” і на 5 гадоў высланы ў Свярдлоўск (цяперашні Екацярынбург). У студзені 1938 года зноў арыштаваны “як удзельнік контаррэвалюцыйнай арганізацыі, што працавала на карысць адной з замежных дзяржаваў”, засуджаны да расстрэлу. Расстраляны 20 жніўня 1938 года. Месца пахавання невядомае. Рэабілітаваны па першым прысудзе ў чэрвені 1988 года, па другім – у красавіку 1989 года. У Беларусі памяць пра яго адзначана толькі ў невялікіх публікацыях.

20.08.2018

Відэа

праваабарончыя сайты