Навіны

Севярынец даў Зайдэсу тры дні на закрыццё ўстановы

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, адзін з актыўных абаронцаў ўрочышча Курапаты Павел Севярынец даў тры дні на закрыццё і перанос рэстарана „Поедем, поедим” яго саўладальніку Леаніду Зайдэсу.

У адваротным выпадку, заявіў Севярынец у тэлефоннай размове з Зайдэсам вечарам 14 ліпеня, „мы павінны размаўляць пра тыя бандыцкія паводзіны, якія ў вас ёсць”.

„У вас ёсць тры дні на тое, каб прыняць рашэнне выводзіць гэты рэстаран з тэрыторыі Курапатаў. Мы гатовыя як абаронцы Курапатаў дапамагчы вам бясплатна яго перанесці, г.зн. дэмантаваць і перанесці. Разумееце, гэта апошняя прапанова, і яна дзейнічае тры дні. .. Не, мы пагрозы не будзем рабіць. Я вас проста папярэджваю. Гэта прапанова дзейнічае тры дні, пасля гэтага мы будзем размаўляць па-іншаму з вамі. Вось і ўсё”, — сказаў палітык.

Паводле яго слоў, зямля для будаўніцтва рэстарана была атрыманая незаконным шляхам. „Мы з вамі гэта ведаем”, — сказаў Севярынец Зайдэсу.

Пасля заканчэння размовы сустаршыня аргкамітэта БХД пераказаў рэакцыю бізнесмена: „Ці не пагражалі мне … Пра што мы з вамі будзем размаўляць? А вашы дзеянні не бандыцкія? Гэта вы бандыты, гэта вы там рабілі”.

„Хоць перад гэтым ён тэлефанаваў Костусеву (старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.) і казаў, што ён гатовы пагаварыць са мной там (у рэстаране.)”, — адзначыў Севярынец. Ён паведаміў, што 16 ліпеня абаронцы Курапатаў правядуць нараду. „Перамоў з Зайдэсам не будзе”, — заявіў палітык.

Вечарам 14 ліпеня каля ўезду ў рэстаранны комплекс адбыліся сутыкненні паміж пратэстоўцамі і невядомымі маладымі людзьмі. Сярод удзельнікаў сутычак быў і Зайдэс. Перад гэтым актывісты заблакавалі мікрааўтобус, які пад’ехаў да рэстарана па зялёнай зоне. У выніку іх адцяснілі, і машына змагла з’ехаць. Прысутныя супрацоўнікі міліцыі ніяк на гэта не адрэагавалі. Да сутыкненняў адзін з іх пачаў афармляць на пратэстўцаў пратаколы па артыкуле 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Акрамя таго, на актывіста Леаніда Кулакова зноў наехаў аўтамабіль, прычыніўшы удары мяккіх тканак. Медыцынская дапамога яму была аказана на месцы. 27 чэрвеня Кулакоў атрымаў пералом рукі, калі перашкаджаў праезду адной з машын на тэрыторыю рэстарана.

Акцыі пратэсту супраць адкрыцця забаўляльнага комплексу каля месца расстрэлаў і пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій — ўрочышча Курапаты пад Менскам — праходзяць штодня з 31 траўня.

Прамую відэатрансляцыю з месца падзей вяла журналістка Вольга Быкоўская.

belapan.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/sevyarynets-dau-zajdesu-try-dni-na-zakry/

15.07.2018
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

праваабарончыя сайты