Навіны

На сайце МУС з'явілася канцэпцыя закона "Аб папярэджанні гвалту ў сям’і"

Як паведамляе Радыё Свабода, Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі апублікавала на сваім сайце канцэпцыю закону "Аб папярэджанні гвалту ў сям’і". Яе накіравалі на разгляд у Савет міністраў.

Новы закон плануюць прыняць у 2019 годзе. Пасля ўзгаднення ў Савеце міністраў канцэпцыю законапраекту чакае ўзгадненне з Вярхоўным судом, пракуратурай і кіраўніком дзяржавы.

Чаму неабходны такі закон?

Не заўжды агрэсара можна пакараць паводле дзейнага заканадаўства, казаў Tut.by намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадзкай бяспекі МУС Алег Каразей.

У кожным другім выпадку агрэсар пазбягае адказнасці, і тады супрацоўнікі міліцыі праводзяць з агрэсарам прафілактычную размову.

Хто рыхтаваў канцэпцыю?

З канца 2017 году ў межах праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі Еўрасаюза пры МУС стварылі працоўную групу, паведаміла Свабодзе кіраўніца аб’яднання «Гендэрныя перспектывы» Ірына Альхоўка.

Акрамя дзяржаўных органаў, над канцэпцыяй закону працавалі:

  • фонд ААН у галіне народанасельніцтва;
  • «Беларуская асацыяцыя маладых хрысціянскіх жанчын»;
  • міжнароднае грамадзкае аб’яднанне «Гендэрныя перспектывы».

У аспекце папярэджання хатняга гвалту працоўная група вывучала:

  • практыку міжнароднага заканадаўства;
  • магчымасці ўдасканалення беларускіх законаў.

Што новага?

  1. У канцэпцыі закону даецца азначэнне крыўдзіцеля — грамадзяніна, які здзейсніў хатні гвалт у любой форме. У ранейшых дакументах азначэнне агрэсара ў хатнім гвалце не давалася.
  2. Уводзіцца працэдура ацэнкі рызыкі, то бок вызначэння паўторнай верагоднасці нанясення шкоды жыццю ці здароўю пацярпелага.
  3. Ствараецца інструмэнт абарончага прадпісання, якое будзе абмяжоўваць дзеянні агрэсара ад 3 да 30 сутак. Напрыклад, крыўдзіцелю будзе забаронена кантактаваць з пацярпелым і наведваць агульныя месцы знаходжання з ім. Калі пацярпелы і крыўдзіцель жывуць разам, апошні мусіць пакінуць агульнае жылое памяшканне. Такі дакумент зможа выдаваць кіраўнік органа ўнутраных спраў ці яго намеснік.

Што яшчэ хочуць узаконіць?

Верагодна, дзеянне новага закону будзе распаўсюджвацца незалежна ад фактару сумеснага пражывання на наступных асобаў:

  • бацькі, дзеці;
  • бацькі і дзеці ў прыёмнай сям’і;
  • родныя браты і сёстры;
  • дзядулі, бабулі, унукі;
  • муж і жонка;
  • муж і жонка ў разводзе;
  • грамадзяне, якія маюць агульных дзяцей;
  • асобы, якія жывуць ці жылі агульнай сям’ёй, але не знаходзіліся ў шлюбе.

Таксама канцэпцыя вызначае, як караць крыўдзіцеля і як працаваць з ахвярамі сямейнага гвалту.

Эксперт: важна, як закон будзе ўжывацца на практыцы

Кіраўніца цэнтру па прасоўванні правоў жанчыны «Яе правы» Аляксандра Дзікан адзначае, што важна, якім чынам закон будзе ўжывацца на практыцы.

«Са сваёй працы мы ведаем, што нешта можа быць добра напісана на паперы, але па факце гэта не працуе. То бок няма мэханізмаў укаранення. Калі закон будзе прыняты, дзяржава мусіць праводзіць адукацыйную працу, бо цяпер вельмі нізкі ўзровень ведаў пра гэтую праблему», — сказала Дзікан.

Экспертка ўзгадала выпадкі, калі ахвяру адгаворваюць паведамляць пра гвалт. Канцэпцыя закону пераносіць хатні гвалт у публічную прастору, а гэта прагрэсіўны момант, кажа Дзікан.

У студзені-красавіку сёлета ў Беларусі праз бытавыя канфлікты МУС зафіксавала 23 забойствы і 40 выпадкаў збіцця, а таксама 12,5 тысячы выпадкаў хатняга гвалту.

На момант публікацыі няма мэханізму абароны ад хатняга гвалту. Няма і канкрэтных артыкулаў у кодэксах наконт дамаганняў на працы або непрыстойных заляцанняў.

Канстытуцыя Беларусі гарантуе права на прыватнае жыцьцё, недатыкальнасць, абарону гонару і годнасці. За сэксуальныя дамаганні прадугледжана крымінальная адказнасць.

http://spring96.org/be/news/90296

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты