Навіны

"Вясна" звярнулася да Спецдакладчыка па свабодзе мірных сходаў

Затрыманні на акцыі вызвалення і салідарнасці 3 ліпеня

Затрыманні на акцыі вызвалення і салідарнасці 3 ліпеня

Праваабарончы цэнтр «Вясна» звярнуўся да Спецыяльнага дакладчыка па пытанні пра права на свабоду мірных сходаў і свабоду асацыяцыяў Клемента Ніалетсосі Вуле з паведамленнем пра парушэнні Рэспублікай Беларусь міжнародных абавязательстваў у галіне абароны права на мірныя сходы.

У звароце юрыст “Вясны” Аляксей Лойка апісвае спробу правядзення мірнага сходу - “Акцыі вызвалення і салідарнасці”, запланавага на 3 ліпеня апазіцыйным палітыкам Мікалаем Статкевічам і Беларускім нацыянальным кангрэсам. Тады ўсіх назіральнікаў і патэнцыйных удзельнікаў затрымалі супрацоўнікі ў цывільным і даставілі ў РУУС Першамайскага раёна г. Мінска. Там з затрыманымі праводзілі прафілактычныя гутаркі пра недапушчальнасць правядзення несанкцыянаваных уладамі акцый пратэсту ў Мінску і праз чатыры з паловай гадзіны адпусцілі без складання пратаколаў.

Мікалая Статкевіча суд Першамайскага раёна прызнаў вінаватым у арганізацыі масавага мерапрыемства без дазволу Мінгарвыканкама і аштрафаваў на 40 базавых велічынь (490 долараў ЗША ў эквіваленце).

“Прадстаўнікі сілавых структур, затрымліваючы ўдзельнікаў мірнага сходу, не прадстаўляліся перад удзельнікамі, не прад'яўлялі сваіх службовых пасведчанняў, якія пацвярджаюць іх паўнамоцтвы ажыццяўляць ахову грамадскага правапарадку ад імя дзяржавы, не тлумачылі прычын і падстаў для затрымання”, - адзначае Алексей Лойка.

Праваабаронца падкрэслівае, што беларускія ўлады ў парушэнне артыкула 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах спынілі ўсе спробы ўдзельнікаў «Акцыі вызвалення і салідарнасці» рэалізаваць сваё права на мірныя сходы. Ён просіць спецдакладчыка ААН адрэагаваць на ўказаныя факты ўсімі магчымымі спосабамі.

http://spring96.org/be/news/90280

Відэа

праваабарончыя сайты