Навіны
Кадр за кадрам. Затрыманні актывістаў у Гародні і напад на журналіста (фотарэпартаж)
Гародня зноў вызначылася брутальным гатрыманнем актывістаў і нападам на журналіста.
З раніцы 3 ліпеня ў Гародні актывісты АГП Мікалай Салянік (абласны кіраўнік гарадзенскай АГП) і Аляксандр Лаўрэнцеў былі заблакаваныя міліцыяй у адной з кватэр гораду. Яны збіраліся правесці вулічную акцыю, пераапранутыя ў турэмныя робы прайсціся з адмысловым плакатам. Па ўсёй верагоднасці пра гэта даведаліся сілавікі, якія і не давалі выйсці актывістам на вуліцу.
Урэшце ў турэмных робах яны выйшлі каб усё ж правесці свой перформанс з нагоды афіцыёзных святаў. На актывістаў тут жа накінуліся невядомыя ў цывільным, не прадстаўляліся, вельмі жорстка і брутальна скруцілі, кінулі ў бус і вывезлі ў невядомым кірунку. Журналісту Руслану Кулевічу адзін з нападнікаў стукнуў кулаком у твар.
На патрабаванні прысутных да міліцыі, каб міліцыя пачала расследаваць факт крадзяжу людзей, супрацоўнікі міліцыі ў форме селі ў аўтамабіль ДАІ і зхехалі. Па гэтаму факту Яўген Дудкін падаў заяву ў Кастрычніцкі РАУС, і па факту прымусовага вывазу людзей невядомымі і па факту пасіўнасці міліцыі.
Ніхто з нападнікаў, а гэта напэўна былі прадстаўнікі сілавых структураў, бо былі з пісталетамі і кайданкамі на поясе не прадстаўляўся і не паказваў дакументаў. Ніхто нічога не тлумачыў.
Пазней Мікалая Саляніка з ІЧУ на вуліцы Гая на хуткай павезлі ў шпіталь. Мікалай Салянік сардэчнік і мае другую групу. Аляксандар Лаўрэнцеў застаў ся у ІЧУ. Па ўсёй верагоднасці заўтра яго даставяць у суд.