Навіны

100 гадоў з дня нараджэння Рыгора Бярозкіна

3 ліпеня 1918 года ў Магілёве нарадзіўся Рыгор Бярозкін, беларуска-яўрэйскі пісьменнік, крытык, журналіст. У сваім горадзе ён вучыўся на педагагічным рабфаку ў Магілёве, у 1933-1938 гадах на літаратурным факультэце мінскага педагагічнага інстытуту (цяперашні ўніверсітэт імя Максіма Танка). Пачаў друкавацца ў 1935-ым, працаваў загадчыкам аддзелу крытыкі часопісу “Полымя рэвалюцыі”, пазней ў газеце “Літаратура і мастацтва”.

У час сталінскіх рэпрэсій Рыгор Бярозкін быў арыштаваны НКВД ў красавіку 1941-га.

Знаходзіўся пад следствам у Мінску. Калі б не пачатак другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі, напэўна быў бы расстраляны. Па адной з версій, калі 26 чэрвеня 1941 калону зняволеных, сярод якіх быў Бярозкін, пакінуў канвой, ён уцёк. Пазней ваяваў, удзельнічаў у баях пад Сталінградам, Кіевам, у Карпатах. Атрымаў баявыя ўзнагароды. Пасля вайны быў карэспандэнтам газеты савецкай ваеннай адміністрацыі ў Германіі “Советское слово”.

Другі раз Бярозкін быў арыштаваны 9 жніўня 1949-га. Нехта напісаў данос – быццам Бярозкін у скрынках з-пад артылерыйскіх снарадаў развозіў на фронце сіянісцкую літаратуру. У чэрвені 1950 асуджаны на 10 гадоў савецкіх канцлагераў. Знаходзіўся ў зняволенні ў Карагандзінскай і Омскай абласцях. У 1955 вызвалены, а на наступны год рэабілітаваны. З 1960-га працаваў у часопісе “Советская Отчизна”, газеце “Літаратура і мастацтва”, літаратурным супрацоўнікам бюлетэня “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі”. У тыя гады шмат публікаваўся, імкнуўся аднавіць імёны рэпрэсаваных паэтаў.

Прадметам даследаванняў Бярозкіна была найперш беларуская паэзія. Для яго працаў характэрныя спалучэнне праблемнасці з канкрэтным аналізам, эстэтычная патрабавальнасць, уменне раскрыць творчую індывідуальнасць паэта. Творчасць беларускіх паэтаў, праблемы паэтычнага майстэрства Бярозкін аналізаваў ў кнігах “Паэзія праўды” (1958, у ёй разглядаецца паэзія Петруся Броўкі, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Пімена Панчанкі), “Спадарожніца часу” (1961), “Пімен Панчанка” (1968), “Аркадзь Куляшоў” (1978). У кнігах “Свет Купалы” (1965), “Чалавек на світанку” (1970), “Звёны” (1976) даследаваў творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі. Пісаў крытык ажно на трох мовах – беларускай, рускай і яўрэйскай. Многім яшчэ са школьнай праграмы напэўна помняцца яго дзіцячыя вершы.

Памёр Рыгор Бярозкін 1 снежня 1981 году ў сталіцы Беларусі, пахаваны на Усходніх могілках Мінска. Ягоны цёзка, Рыгор Барадулін, прысвяціў яму такія паэтычныя радкі:

“З пасмаю дыму ад папяроскі, заламанай па-кавалерску за вухам, дыміўся кратэрам

Рыгор Бярозкін – Кволы здароўем, дужы духам”.

03.07.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты