Навіны

Галубы і нервы «вапняка»

З гадамі чалавек дзяцінее, або набірае такіх прывычак, якія для сямейнікаў ці блізкіх становяцца не толькі раздражняльнымі, але даводзяць іх нават да гневу і злосці. Думаю, што ў кожнага з нас ёсць такія тыпажы з блізкага ці далёкага кола знаёмых, што сустрэча з імі выклікае ў нас не расслабленасць пачуццяў, а дрыжыкі на спіне. Зразумела, бываюць таксама сітуацыі, ад якіх не ўцячэш, асабліва калі кранае яна сямейнікаў з іхнімі неўралагічнапсіхічнымі хваробамі ці проста ўсімі наступствамі непазбежнай старасці. «Каб ты ў здароўі да старасці дажыў» ― штораз часцей узгадваюцца мне словы майго пакойнага хрышчонага, якія ён паўтараў мне, падшпарку, пры кожнай сустрэчы. А было гэта, зразумела, у час сямейных гасцін у хрысціянскапрыродным календары вясковай грамадскасці. Зразумела, тады значна больш, чымсьці такія выказаныя ім словы і пажаданні, мяне больш цікавілі прывезеныя ім цукеркі, падарункі ну і найменшыя нават атрыманыя залатоўкі ці грашакі. Бо генеральна грошай не дарылася дзецям па дзвюх простых прычынах: па-першае, іх проста нашы бацькі і дзяды не мелі, а па-другое, грошы трэба было зарабляць вельмі цяжкай працай і потым не раздаць іх лёгкай рукой саплякам, хаця і сямейнікам. Лозунг, што ад ашчаднасці і працы людзі становяцца багатымі аж занадта быў знаёмы ўжо майму пакаленню, якое нябачна досвед пражытых пяцідзесяці гадоў ужо мае за сабою. От і нябачна для самога сябе, а выразна заўважна для маладзейшых блізкіх і знаёмых, я не толькі па мянушцы, але і па фармальным узросце ўвайшоў у фазу класічнага «вапняка» ― з поўным багажом хвароб, мужчынскіх векавых прывычак і дзеянняўхарактэрных такому ўзросту. Часам яна поўная гумару і абсурднасці, але пасмяяцца над самім сабою люблю, не кіплю злосцю.

У сувязі з уваходам у перыяд «вапняцтва», непазбежнасцю становіцца ўзмоцнены, меланхалічны ўспамін дзяцінства. Таму і не дзіўным, што час ад часу ходзіць за мною ўжо песня «Дзяцінства» гурта «Прымакі», якая перароблена з рускай на беларускую мову даволі паспяхова і складна. Таму я, поўнасцю пазбаўлены ўмеласці спяваць, слухаючы яе ў беларускім канцэрце пажаданняў на Радыё Рацыя ў хатнім зацішшы нават падпяваю за зоркай падляшскай эстрады. Не буду тут цытаваць поўнасцю ўсіх слоў тэксту, але адзін фрагмент асабліва для мяне сентыментальны: «А я хацеў бы, я хацеў бы зноў, па вёсцы бегаць, ганяць галубоў...». Ну бо вядома, што з дзяцінства застаецца нам даганяць толькі ўспаміны.

А вось у гэтым выпадку мая меланхолія наконт вясковых галубоў увайшла зараз у этап ганяння іх... але не па вясковым бруку, але з майго гарадскога балкона. І гэта не ганенне, а проста вайна за чысты і не абасраны ды абнегнежджаны балкон. Справа вось тут у чым. Проста насупраць нашага шматпавярховага дома ў адлегласці як раз сплюнуць, а няхай культурней будзе як падаць рукой, ёсць вялікая прадуктовая крама, якая на сваёй сметніцы прапануе не галубіную сталоўку, а мінімум трохзорачны рэстаран у сусветным паскалеўскім даведніку. І ўсё бясплатна і на крывы рый, о прабачце, у гэтым выпадку на крывую дзюбу. Такім чынам сытыя галубы атакуюць усе балконы нашага дома ― дзеля аднае мэты: выгадаваць чарговыя пакаленні. І робяць гэта не толькі як тыя сусветнавядомыя галубы міру, ці нават тыя ўзятыя з нашага спеўнага фальклору, але проста як злосныя агрэсары, што дзейнічаюць зламысна і помсліва. Так, як у маім выпадку ― хопіць пайсці на цэлы дзень на працу і пакінуць балкон без дагляду, а эфект пасля поўдня мураваны. Значыць балкон... абасраны і складзены новыя галінкі пад яйкі. І дзень у дзень змываеш і змываеш, каб толькі не мець у сябе пласту г...а, перанесенага жыўцом з галубятніка. У выходныя балкон у мяне адкрыты ўвесь час і бягу на яго як шалёны, калі толькі пачую той ужо цяпер зненавідны мною галубіны голас і лопат іхніх крылаў. А калі ты не здаешся, атакуюць цябе са здвоенай сілай, беручы на свой прыцэл з-пад хваста нават балконныя кветкі. І вазьмі тут бараніся. Сам для сябе ўжо вырашыў, што песня «Дзяцінства» ўжо спета і не маю пакуль ахвоты яе слухаць, а тым больш падспеўваць. Бо не паспею дабегчы на балкон.

Яўген Вапа

08.06.2018

Відэа

праваабарончыя сайты