Навіны

Старшыня Зэльвенскага раёна даў загад займацца фінансавымі паборамі

35-гадовы Дзяніс Альшэўскі толькі месяц працуе на пасадзе старшыні Зэльвенскага раёна. Але за гэты месяц ён ужо “парадаваў” жыхароў Зэльвеншчыны фінансавымі паборамі з людзей. Зэльвенцы такімі паборамі незадаволены і ўжо тыдзень у Зэльвенскім раёне толькі пра гэта людзі і вядуць размовы. Пра паборы яны і паведамілі Радыё Рацыя. 

Спадар Альшэўскі загадаў усім начальнікам у сваіх арганізацыяй збіраць з людзей грошы. Створана спецыяльная ведамасць: хто даў грошы павінен у  ёй распісацца, а хто не даў – пагражаюць непрыемнасцямі і нават звальненнем. Фінансавыя паборы пачалі з настаўнікаў і з дзіцячых садкоў, а потым з калгасаў і іншых арганізацый. Напрыклад, калі чалавек працуе на пасадзе дырэктара школы ці намесніка дырэктара, ці загадчыцай садка павінны здаць кожны 20-30 беларускіх рублёў. Усе педагогі Зэльвеншчыны атрымалі ад такіх пабораў шок. А настаўнікі СШ №3 Зэльве напісалі заяву ў пракуратуру, дзе яны катэгарычна супраць такіх беспадстаўных пабораў з людзей. Дырэктару гэтай школы Людміле Камякевіч нават пагражаюць з райвыканкама, што яна не змагла заставіць настаўнікаў і тэхнічных работнікаў ціха і спакойна здаваць грошы. Людзі сталі пытацца, навошта збіраюць грошы. Старшыня Зэльвенскага райвыканкама Дзяніс Альшэўскі сказаў, што “так робіцца пастаянна ў Ваўкавыскім раёна, дзе я раней працаваў, так і мы будзем рабіць”. “Там штомесячна збіраюць грошы з людзей. І мы будзем збіраць. А гэтыя грошы пойдуць на ўтрыманне школьнага лагеру “Блакітная хваля” Зэльвенскага раёна і на тое, каб купіць камп’ютары для Дзярэчынскай сярэдняй школы, бо яны там састарэлі”, — сказаў старшыня Зэльвенскага райвыканкама.

Людзі яшчэ больш устрывожыліся. Многія катэгарычна выступілі супраць такіх пабораў, ды пры такіх яшчэ малых заробках. Асабліва незадаволены дзеяннямі старшыні Зэльвенскага райвыканкама вяскоўцы.

Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/starshynya-zelvenskaga-rayona-dau-zaga/

14.04.2018

праваабарончыя сайты