Навіны

Алесь Перагудаў: Вернем Гародні яе старажытную выяву

Малады гарадзенскі гісторык Алесь Перагудаў разам з камандай праекта  imago.by – Старадаўнія карты і гравюры прапануе ўсім жыхарам Беларусі далучыцца да стварэння якаснай копіі надзвычай рэдкай гравюры – медзярыта з панарамай Гародні, надрукаванага ў Нюрнбергу ў 1568 годзе. Грошы на гэты праект збіраюцца праз пляцоўку Ulej.by:  https://ulej.by/project?id=698848.

Па словах Алеся Перагудава, гэта гравюра мусіць быць цікавая ўсім беларусам:

– Праект “Анёлы над горадам” прысвечаны аднаўленню гарадзенскай гравюры, якой сёлета спаўняецца 450 год. Гэта вялікі юбілей не толькі для гравюры, але і для горада. Яна мае вялікую гістарычную каштоўнасць. Гэты медзярыт з’яўляецца першай сапраўднай выявай беларускага горада, якая зроблена на падставе рэальных замалёвак. Адлюстроўвае рэчаіснасць па стане на сярэдзіну 16-га стагоддзя.

Гэтай гравюры няма ў Беларусі, аднак яе асобнікі ёсць ў краінах-суседках, – кажа Алесь Перагудаў:

– Захавалася зусім няшмат асобнікаў гэтай гравюры, да 10-ці экзэмпляраў. Яны захоўваюцца ў Польшчы, у Нацыянальнай бібліятэцы ў каралеўскім замку ў Варшаве, у  музеі Чартарыйскіх у Кракаве. Яна захоўваецца ў палацы вялікіх князёў літоўскіх у Вільні, таксама ў Львове, у шэрагу прыватных калекцый Заходняй Еўропы, аднак у межах Беларусі яе няма.

Праект таксама падтрымала гарадзенская “Цудоўня”, дзе людзі, што ўклалі грошы ў праект, змогуць атрымаць свае падарункі.    

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Чытай больш на: https://www.racyja.com/kultura/ales-peragudau-vernem-garodni-i-zhykha/

13.04.2018

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты