Навіны

Улада савецкая

Калі хто яшчэ не ведае, ці ўжо забыўся, то не пашкодзіць нагадаць, што ў Беларусі на гэтым тыдні пачынаецца галасаванне за кандыдацкія месцы ў мясцовыя саветы. На гэтым тыдні і заканчваецца. Зрэшты ўсё ідзе і ўсё пройдзе без сюрпрызаў, спакойна, ціха, як і належыць у краінах з такой сістэмай улады як у нас. А вось што гэта за сістэма – не кожны можа разабрацца. Назіраючы за цяперашнімі выбарамі ад самага пачатку самымі цікавымі развагамі на гэтую тэму для мяне сталі пакуль што выказванні аднаго сталага чалавека, які чытаючы плакат з перадвыбарчай агітацыяй задумліва прабубнеў:

– Саветы, саветы… Зноў гэтыя саветы. А здаецца ж нядаўна казалі што з саветамі ўжо ўсё. Развіталіся. Савецкая ўлада нібыта прайграла і сканала. Відаць чарговы раз падманулі.

Я ажно рассмяяўся. Не вытрымаў. Загаварыў з ім. Тым больш што мужчына наўмысна бубнеў так, каб я пачуў. Відаць сам быў не супраць падзяліцца думкамі на тэму бягучага палітычнага моманту ў Рэспубліцы Беларусь:

– А што, – пытаю, – вам незразумела? Адбываюцца выбары дэпутатаў мясцовых саветаў. Гэта такія людзі якія нібыта вырашаюць мясцовыя праблемы. Таму на гэтым мясцовым роўні і ствараюць саветы.

– Вось я і думаю, – адказвае суразмоўца, – што калі выбіраем саветы, то ўлада тады савецкая. Гэта ж лагічна. Але ж савецкая ўлада нібыта ляснулася разам з Савецкім Саюзам. Вось я і разважаю ды гадаю, ляснулася яна, ці не ляснулася. Можа і Савецкі Саюз яшчэ існуе, – смяецца.

Даўно мне не было так весела. Вырашыў падыграць. А чаму не падуркаваць як у дзяцінстве:

– А давайце ў людзей спытаем, – прапаноўваю. – Бо пытанне вельмі філасофскае. Таму думка грамадзян, якія дарэчы па сумяшчальніцтве з’яўляюцца яшчэ і патэнцыйнымі выбарцамі і чыста тэарэтычна і выбіраюць гэтую ўладу, будзе напэўна цікавай.

Акурат ля выбарчага плаката спынілася старэнькая бабуся і стала яго вывучаць.

– Вось мы якраз пра выбары і спрачаемся, – звярнуліся мы да яе. – А галоўнае пытанне такое – ці існуе Савецкі Саюз ці яго ўжо няма? І ці існуе ў нас па сённяшні дзень савецкая ўлада? Можа вы нам падскажыце? На маё здзіўленне бабуся сур’ёзна задумалася над нашым пытаннем, хацела пайсці нічога не адказаўшы, але пасля ўсё ж выдала:

– А скуль я магу ведаць. Вы ў каго маладзейшага спытайце.

Але маладзейшыя толькі ўсміхаліся і нічога не адказвалі.

– Хіба што не хочуць выглядаць дурнямі, таму вырашылі лепш нічога не гаварыць, – смяецца мой суразмоўца. – Прыём такі ёсць, маўчаць каб выглядаць разумным. І добра напэўна робяць. Бо правільнага адказу на гэтае пытанне хіба што і няма ўвогуле. Ну з Савецкім Саюзам то прасцей. Можна з нейкай ступенню верагоднасці сцвярджаць што яго то ўжо няма. Хоць па вялікаму рахунку і гэта не факт. Ну а пра савецкую ўладу то хіба што правільнага адказу зусім не існуе. Ну раз фармальна ў нас кіруюць саветы, то ўлада савецкая. А раз улада савецкая, то і савецкая краіна нікуды не дзелася. Але ж з савецкай сістэмай як бы ўжо пакончылі. Зноў жа фармальна. Ну але тым не менш…

– Асабіста я бачу ў вашых словах логіку, – падтрымліваю далей дыялог з сваім новым знаёмым. – Сапраўды, хочацца ведаць дасканала якую ўладу мы ўё ж выбіраем. Хаця з словам “выбіраем” тут яўны перабор.

– А што, з словам “улада” перабору няма, – рагоча ён. – Хоць лепш за ўсё ў іх самых спытаць. Задаць ім два гэтых пытанні. Першае – ці лічаць яны сябе ўладай. Ну а калі лічаць, то задаць другое – а якой уладай яны сябе лічаць, савецкай ці не? Ці якойсьці іншай. Калі так, то якой іншай? Ой як цікава што яны адкажуць.

Ой як цікава! Сапраўды! У мяне зноў цікавасць да гэтых выбараў з’явілася. Ну не да самых, там усё ўжо для мяне зразумела. А вось да таго, кім новыя дэпутаты мясцовых саветаў самі сябе будуць лічыць.Савецкай уладай, ці якой іншай?

Зраблю ўсё каб патрапіць на паседжанне і задаць гэтыя пытанні. Ну трэба ж неяк і самому даведацца, і народных абраннікаў азадачыць. Вось хай сабе думаць. І раяцца між сабой. Як-ніяк саветы.

Віктар Сазонаў


14.02.2018

Архіў

Кастрычнік 2018
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031

Відэа

праваабарончыя сайты