Навіны

Пачынаецца датэрміновае галасаванне на выбарах

Сёння, 13 лютага, пачынаецца датэрміновае галасаванне на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў 28-га склікання.

Датэрміновае галасаванне праводзіцца пяць дзён, па 17 лютага, з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00.

Прагаласаваць датэрмінова маюць права выбаршчыкі, пазбаўленыя магчымасці знаходзіцца па месцы свайго жыхарства ў дзень асноўнага галасавання. Пры гэтым афіцыйнага пацвярджэння прычын немагчымасці прыйсці ў памяшканне для галасавання ў дзень выбараў не патрабуецца, паведамляе Цэнтрвыбаркам.

Асноўны дзень галасавання — 18 лютага, выбарчыя ўчасткі будуць працаваць з 8.00 да 20.00. У залежнасці ад месца жыхарства выбаршчыку выдадуць ад аднаго да трох бюлетэняў для абрання дэпутатаў у адпаведныя саветы дэпутатаў абласнога, базавага і пярвічнага ўзроўняў.

Для рэалізацыі прынцыпу тайнага галасавання выбаршчык павінен прайсці ў кабіну для тайнага галасавання, дзе запоўніць выдадзены бюлетэнь.

У бюлетэні будуць пазначаныя прозвішчы, імёны, імёны па бацьку кандыдатаў у дэпутаты ў алфавітным парадку, а таксама біяграфічныя звесткі пра іх. Пры галасаванні неабходна паставіць любы знак (галачка, крыжык і да таго падобнае) у квадраце справа ад кандыдата. Калі выбару кандыдата ў дэпутаты няма, то неабходна паставіць знак у квадраце справа ад слоў „Супраць усіх кандыдатаў”.

У выпадку ўдзелу ў выбарах аднаго кандыдата ў дэпутаты выбаршчыку прапануецца прагаласаваць за ці супраць, паставіўшы знак у адпаведным квадраце.

Дэпутаты будуць абраныя ў 1.309 мясцовых саветаў па 18.111 акругах.

Кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў зарэгістравана 22.278 чалавек. З іх 10.946 — жанчыны, 10.362 — дэпутаты дзейнага склікання, 1.169 — грамадзяне ва ўзросце да 30 гадоў, 33 — грамадзяне Расеі.

Партыйным з’яўляецца 1.051 кандыдат.

Апазіцыйныя Беларускую партыю „Зялёныя” прадстаўляюць два кандыдаты ў дэпутаты, Беларускую партыю левых „Справядлівы свет” — 59, Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада) — 54, Аб’яднаную грамадзянскую партыю — 71, Партыю БНФ — 23.

Праўладныя Беларускую аграрную партыю прадстаўляюць два чалавекі, Беларускую патрыятычную партыю — чатыры, Беларускую сацыяльна-спартыўную партыю — сем, Камуністычную партыю Беларусі — 409, Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці — 177, Сацыял-дэмакратычную партыю народнай згоды — 15.

Ліберальна-дэмакратычную партыю прадстаўляюць 228 кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў.

Апазіцыйныя палітычныя партыі і арганізацыі неаднаразова заяўлялі, што мясцовыя выбары 2018 года ў Беларусі з’яўляюцца несвабоднымі і недэмакратычнымі. Пры гэтым кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына прыблізна два тыдні таму сказала ў інтэрв’ю, што „сённяшні Выбарчы кодэкс дазваляе правесці альтэрнатыўныя і дэмакратычныя выбары”.

belapan.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/palityka/pachynaetstsa-daterminovae-galasavanne/

13.02.2018

праваабарончыя сайты