Навіны

Апошні кароль. 220 гадоў з дня смерці Станіслава Аўгуста Панятоўскага

Дзяржаўна-палітычны дзеяч, апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі нарадзіўся 17 студзеня 1732 года ў мястэчку Воўчын (сучасны Камянецкі раён).

У маладосці шмат падарожнічаў, у час вандровак наведваў розныя еўрапейскія інтэлектуальныя асяродкі. Тады ж пазнаёміўся з Кацярынай ІІ. У 1764 годзе абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім пры падтрымцы Расеі. Аднак вакол новага караля згуртаваліся магнаты і шляхта, якія жадалі адраджэння Рэчы Паспалітай.

Пры Панятоўскім паступова праводзіліся эканамічныя рэформы: адчыняліся мануфактуры, будаваліся каналы, наладжваліся кірмашы, падтрымліваўся гандаль. Каб соймы не зрываліся праз права liberum veto, яны праводзіліся як канфедэрацыйныя. Гэта не задавальняла Расею і Прусію. У 1767 годзе пры іх падтрымцы пратэстанцкая і праваслаўная шляхта (дысідэнты) утварылі Торуньскую і Слуцкую канфедэрацыі, якія запатрабавалі ўраўнавання сваіх правоў з каталікамі.

Пад ціскам Расеі вальны сойм у 1768 годзе прыняў рашэнне аб ураўнаванні правоў дысідэнтаў. У адказ каталіцкая шляхта стварыла Барскую канфедэрацыю і пачала рокаш. Паўстанне канфедэратаў было падаўлена ў 1771 годзе расейскімі войскамі, а ў 1772-ім Расея, Прусія і Аўстра-Вугоршчына падпісалі дамову пра першы падзел Рэчы Паспалітай.

Рэформы працягваліся – Чатырохгадовы сойм (1788-1791) прыняў Канстытуцыю,якая ліквідавала падзел Рэчы Паспалітай на ВКЛ і Каралеўства Польскае, аб'ядноўваючы іх ва ўнітарную дзяржаву, улада караля рабілася спадчыннай. Польская мова аб'яўлялася адзінай дзяржаўнай мовай, а каталіцтва – адзінай дзяржаўнай рэлігіяй. У 1793 годзе адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай. У час вызвольнага паўстання 1794 года адхілены ад улады, хоць фармальна захоўваў трон. Пасля паразы паўстання паводле загаду Кацярыны ІІ выехаў у Гародню, дзе жыў у сваім палацы. Пасля кастрычніка 1795 года, калі адбыўся апошні, трэці падзел Рэчы Паспалітай, Станіслаў Аўгуст выракся стальца, пакінуў Гародню 15 лютага 1797-га і жыў далей у Пецярбургу.

Станіслаў Панятоўскі бескарысліва быў закаханы, будучы яшчэ вольным пасланнікам, у Кацярыну ІІ. Ён меў сур’ёзныя намеры і хацеў жаніцца на ёй. У выніку гэтай сувязі нарадзілася дачка Анна, якая неўзабаве памерла. Прыхільніц пасля у яго хапала, але кароль застаўся верны першаму каханню, сям’ю не стварыў, манаршай дынастыі не пачаў. Памёр адзінокім і, як яму прадказвалі пры нараджэнні, няшчасным.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі быў пахаваны ў Пецярбургу. У 1938 годзе па рашэнні Сталіна парэшткі манарха былі перанесены ў пахавальню воўчынскага касцёла Святога Станіслава, у 1994-ым – у варшаўскі кафедральны касцёл. Імем караля названыя вуліцы ў Польшчы.

У Гародні кароль меў тры рэзідэнцыі. У Станіславове ён бавіў час звычайна зімой, асабліва часта наведваў яе ў апошнія гады свайго гарадзенскага перыяду. Пасля яго выезду ў Санкт-Пецярбург рэзідэнцыя была канфіскавана ў расейскую казну. Другая рэзідэнцыя Панятоўскага ў занёманскай частцы Гародні – Аўгустава ці Аўгустовак. Зараз гэта сучасная вуліца Рэпіна. Сядзіба забудоўвалася ў 1770-ыя гады. Будынак самога палацу не захаваўся (яго выгляд можна ўбачыць на старой нямецкай паштоўцы), ён быў спалены ў час першай сусветнай вайны. Яшчэ адна былая рэзідэнцыя караля – Панямонь, якая на выездзе з Гародні ў кірунку Ліды. Ад былога летняга палацу захаваўся толькі фрагмент кутняй вежы і старая капліца.

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч

на фота: сядзіба ў Станіслававе ў розныя гады

 

12.02.2018

Архіў

Жнівень 2018
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты